Зьміцер Бартосік: «Бардаў Свабоды слухаюць і чыноўнікі»

На мультымэдыйным дыску «Барды Свабоды», які выйшаў у 2011 годзе, прадстаўленыя 100 беларускіх аўтараў-выканаўцаў і больш за паўтысячы іхных песень.
Аўтар і вядоўца аднайменнай перадачы Зьміцер Бартосік сёньня нашым госьцем.

— Зьміцер, удзельнікамі тваёй перадачы сталі ажно 100 бардаў. Лічба ўражвае. Ці можна сказаць, што бардаўская песьня ў сёньняшняй Беларусі перажывае пэўны рэнэсанс і робіцца ўсё больш папулярным жанрам?

— Папулярным жанрам, на маю думку, аўтарская песьня ніколі не была. Нават у лепшыя свае часы, у 70-я гады ў Савецкім Саюзе, аўтарскую песьню,
А беларуская аўтарская песьня перажывае не рэнэсанс, бо яна не занепадала ...

яе лепшых прадстаўнікоў — Акуджаву, Нікіціных, Клячкіна — слухалі інтэлігенцыя і студэнцтва. Сапраўды шалёна папулярным быў Высоцкі. Але гэтая асоба выйшла далёка за межы жанру. Гэта і кіно, і тэатр, і бліскучы гумар. Высоцкі быў сапраўдным скамарохам, над чыімі жартамі рагатала ўся краіна, і хацелася яшчэ. Не было, напэўна, кватэры, дзе ня мелі б стужак з песьнямі Высоцкага. А вось Акуджаву слухалі і разумелі далёка ня ўсе. Таму казаць пра аўтарскую песьню як пра папулярны жанр не выпадае. А вось ўплыў яе на папулярныя жанры быў велізарны. Параўнайце савецкую эстраду 60-х, 70-х гадоў, тое, што сьпявалі Крысталінская, Хіль, Магамаеў, Пугачова — з той папсой, якая гучыць сёньня. Тады ў поп-музыцы прысутнічала паэзія, цяпер — не. А беларуская аўтарская песьня перажывае не рэнэсанс, бо яна не занепадала. Яна зусім нядаўна нарадзілася. Таму зьяўленьне больш за сто аўтараў і музыкаў за апошняе дзесяцігодзьдзе — гэта не рэнэсанс. Гэта сталеньне. І дай Бог, каб аўтарская песьня ізноў пачала ўплываць на поп-музыку.

— У прадмове да «100 бардаў Свабоды» ты пішаш, што 20 гадоў таму гэткі праект быў бы немагчымы. Але якраз тады, у пачатку 90-х, быў уздым аўтарскай песьні. Я памятаю, бардаўскі фэстываль ішоў у жывым этэры па БТ — сёньня гэта здаецца неверагодным. Дык чаму — немагчымы?

— Мне здаецца, бардаўскі фэтываль у жывым этэры — гэта ня столькі сьведчаньне ўздыму жанру, колькі сьведчаньне занепакоенасьці кіраўніцтва БТ, якое тады ўзначальваў Генадзь Бураўкін, лёсам беларускай мовы. Бо фэстываль быў — беларускай аўтарскай песьні. З тае пары беларуская бардаўская песьня вырасла, узбагацілася. І новымі імёнамі, і новымі тэмамі. І наколькі па тэлевізары цікава было гэта глядзець, ня ведаю. Усё ж бардаўская песьня, як і тэатар, абсалютна не тэлевізійны жанр. Вазьміце любы выдатны спэктакль, тыя ж «Тутэйшыя» Купалы. І паглядзіце іх па ТВ. Гэта ж глядзець немагчыма! Зьнікае непасрэдны кантакт гледача і выканаўцы — і ўсё. Замест гумару — нейкая кляўнада. У бардаўскай песьні тое ж самае — каб адчуць яе патрэбны непасрэдны кантакт слухача і выканаўцы. Дарэчы, радыё ілюзію такога кантакту стварае. А чаму немагчымы? Ды таму, што ў тыя спрыяльныя для адраджэньня чысы фізычна не назьбіралася б больш за сотню цікавых аўтараў. А сёньня, у часы для беларушчыны зусім неспрыяльныя, яны зьявіліся. Што сьведчыць пра тое, што ўсё самае цікавае ў нас наперадзе. Толькі б дажыць.

— У ліку 100 бардаў Свабоды вядомыя прызнаныя майстры: Алесь Камоцкі, Эдуард Акулін, Сяржук-Сокалаў-Воюш, Лера Сом, Кася Камоцкая... А каго з маладых твая перадача адкрыла — ці ёсьць такія імёны?

— Гэта тое галоўнае, што ўрэшце і атрымалася з нашага праекту. Бо калі
Нядаўна я знайшоў наш дыск на рабочым стале ў адной чыноўніцы ад адукацыі, якая хоча пазнаёміць вучняў з жывым паэтычным словам і слухае нашу перадачу ...

названым табою асобам ужо ня трэба, што называецца, свяціцца, у іх даўно ёсьць імя і свая аўдыторыя, то некалькі дзясяткаў аўтараў можна назваць адкрыцьцём. Дзякуючы гэтаму праекту іх цяпер можна заўжды паслухаць на нашым сайце. Яны ёсьць на дыску, які шырока разышоўся па ўсёй краіне. Ня буду тлумачыць, што значыць для пачаткоўца быць выдадзеным. Нават у калектыўным зборніку. У кампаніі з Шалкевічам, Камоцкім, Вольскім ды іншымі мэтрамі. Адкрыцьцямі можна назваць Рамана Яраша, Марыю Новікаву, Паўла Кузіча, Ірыну Лой, Сяргея Клачкова, Максіма Знака, Натальлю Пушкарову. Не, працягваць ня буду. Бо ўвесь сьпіс «агласіць» ня ўдасца. А калі ня ўвесь, дык магу пакрыўдзіць каго, што не назваў. Скажу лепш пра другое. Нядаўна я знайшоў наш дыск на рабочым стале ў адной чыноўніцы ад адукацыі, якая хоча пазнаёміць вучняў з жывым паэтычным словам і слухае нашу перадачу. Дыск пачаў выконваць ролю своесаблівай энцыкляпэдыі беларускай бардаўскай песьні. І гэта добра.

— Бард — ён, як правіла, аўтар і выканаўца песьні. І ўсё ж нярэдка бяруцца гатовыя тэксты. Каго з клясыкаў найчасьцей выконваюць твае падапечныя? І што з клясыкі іх найбольш прыцягвае?

— Першае месца сярод паэтаў, да якіх найчасьцей зьвяртаюцца маладыя, займае Ўладзімер Караткевіч. Чаму? Напэўна, тое, што яму балела пяцьдзясят гадоў таму, тое самае і сёньня баліць маладым. А Караткевіч найбольш эмацыйна свой боль выявіў. Ну і, вядома, ён вельмі музычны паэт. Прычым вельмі цікава слухаць вершы Караткевіча, увасобленыя ў песьні, у розных аўтараў. Напрыклад, параўнайце песьні Яраша і Клачкова. Як адзін паэт па-рознаму гучыць! Сапраўды, калі творца таленавіты, то верш пачынае жыць зусім іншым жыцьцём. Яшчэ папулярныя паэты — Анатоль Сыс, Ларыса Геніюш. Але мяне ўразілі песьні на вершы Коласа і Купалы. Здаецца, вывучаныя клясыкі, знаёмыя са школьнай праграмы. А паслухайце Ірыну Лой і Андрэя Касьценя. Купала з Коласам — жывыя!

— Апошнім часам з-за праблемаў з залямі ўзьнікла такая форма выступаў як кватэрнікі. Каб нашы слухачы ня думалі, што кватэрнік — гэта кватарант, растлумач, што гэта такое?

— Калі коратка, то кватэрнік — гэта альтэрнатыва афіцыйнай сцэне. За савецкім часам, калі сцэнічныя пляцоўкі былі закрытыя для бардаў і рокераў, канцэрты рабіліся на кватэрах. Насамрэч, я лічу атмасферу кватэрніка ці не найлепшай для такога камэрнага жанру, як аўтарская песьня.

— За савецкім часам з прычыны татальнага дэфіцыту аўтары-выканаўцы звычайна гралі на прадукцыі мэблевых фабрыкаў. На чым граюць сёньняшнія барды?

— Ну, ня будзем крыўдзіць усіх савецкіх вытворцаў гітараў. Бо ГОСТы выконваліся добра. І тыя ж барысаўскія гітары, хоць і не выглядалі так кічова і лякавана, як сёньняшнія кітайскія гітары, рабіліся ўсё ж з рэзананснай елкі, а не з лямінату. І барысаўская гітара для многіх была самым першым і самым дарагім інструмэнтам. Шкада, што фабрыку не захавалі. А граюць на розных інструмэнтах. Хто, як Анатоль Кудласевіч, застаўся верны Барысаву. Хтосьці, як Вайцюшкевіч ці Паўлаў, граюць на цудоўных амэрыканскіх інструмэнтах. А моладзь грае пераважна на кітайскіх гітарах. Кітайцы нарэшце навучыліся рабіць добрыя гітары. І па сыстэме «цана-якасцьць» кітайцы на сёньняшні дзень найлепшыя. Але галоўнае ўсё ж не на чым граюць, а як граюць. Амаль усе маладыя — добрыя гітарысты, са сваёй непаўторнай манэрай ігры. Чаго не назіралася ў сямідзесятнікаў. Я таму і вярнуўся да старой бардаўскай сямістрункі, што няёмка, гледзячы на ігру маладых, выкарыстоўваць клясычную шасьціструнку для прасьцейшага акампанэмэнту.

— Памятаю, быў такі даволі галасісты беларускі бард Алег Атаманаў. Нядаўна я даведаўся, што цяпер ён жыве недзе ў Геленджыку і сьпявае па-расейску з праваслаўным ухілам. Ці шмат падобных выпадкаў, калі творчы чалавек, у нашым выпадку — бард, праявіўся тут, але потым знайшоў сабе больш даходнае і выгоднае месца дзесьці там?

— Ёсць такая хвароба — «праваслаўе галаўнога мозгу» называецца. Калі сур’ёзна, я і тады не разумеў, чаму пры наяўнасці Камоцкага, Камоцкай, Шалкевіча, Сокалава-Воюша ледзь не каралём жанру лічыцца Алег Атаманаў. Прычым, у журы фэстываляў і конкурсаў сядзелі паважаныя людзі. Ці то ў іх са слыхам было няважна? Ну абсалютна пасрэдны бард. І ніякай страты для беларускай песьні ў сувязі з ад’ездам Атаманава я ня бачу. Як ня бачу і вялікай бяды ў тым, што некаторыя творцы знайшлі сябе там. Ну і што? Дай Бог ім здароўя і натхненьня. І Воюшу, і Максіму Шчуру. Воюш у выдатнай творчай форме, што адносна нядаўна даказаў на сваім менскім канцэрце. Шчур вельмі цікава працуе. Мультфільмы перакладае, якія мае дзеці з задавальненьнем глядзяць. І я ня ўпэўнены, што ўсе барды, якія ёсьць на нашым дыску, застануцца ў Беларусі. У расейскага паэта Барыса Чычыбабіна ёсьць такія радкі: «Уходящему — Синай, остающимся — Голгофа». Вельмі трапна. Сьвет шырокі.

— І апошняе, традыцыйнае пытаньне. З тых 35 выданьняў Бібліятэкі Свабоды, якія ўжо выйшлі ў сьвет, што, на тваю думку, варта перавыдаць, бо гэта для кагосьці жыцьцёва неабходна?

— Ну, на маю думку, можна нічога не перавыдаваць, бо ў мяне ёсьць усе кнігі і дыскі. А вось што скажуць тыя, каму не пашчасьціла прыдбаць хоць якога выданьня? Напэўна, праз нейкі час, прыйдзецца рабіць дадатковыя наклады. І, напэўна, усіх выданьняў. Зрэшты, для гэтага варта на сайце стварыць адпаведную запыталку, куды б людзі дасылалі свае запыты.