Неўязная Ярмошына атрымала візу ў амбасадзе Аўстрыі ў Маскве

Лідзія Ярмошына

Гэта пацьвердзіў прэс-сакратар амбасады Робэрт Хершнэр.
Паводле ягоных слоў, ён не валодае інфармацыяй наконт таго, ці зьвяртаўся і ці атрымліваў візу сакратар ЦВК РБ Мікалай Лазавік.

Яшчэ ўчора супрацоўнікі амбасадаў адмаўляліся даваць інфармацыю пра тое, хто выдаў візу старшыні ЦВК Лідзіі Ярмошынай, якая знаходзіцца ў сьпісе неўязных Эўразьвязу.

Старшыня Цэнтравыбаркаму Беларусі Лідзія Ярмошына бярэ ўдзел у нарадзе АБСЭ «Дэмакратычныя выбары і назіраньне за іх правядзеньнем», якая праходзіць у Вене.

***

Тым часам, у пасольстве Аўстрыі ў Варшаве адбылася сустрэча прадстаўнікоў беларускіх арганізацый з намесьнікам амбасадара Стэлай Авалонэ.

Беларусы выказалі сваю занепакоенасьць фактам выдачы віз старшыні ЦВК Беларусі Лідзіі Ярмошынай і яе намесьніку Мікалаю Лазавіку з мэтай ўдзелу ў сэмінары АБСЭ, які праходзіць ў Вене.

Адзін з удзельнікаў сустрэчы Павел Усаў адзначыў:

«Выглядае больш чым дзіўным той факт, што АБСЭ, арганізацыя, якая неаднаразова заяўляла аб парушэньнях правоў чалавека ў Беларусі, а таксама адмаўлялася прызнаваць вынікі мінулых прэзыдэнцкіх і парлямэнцкіх выбараў, згаджаецца з прысутнасьцю на канфэрэнцыі чалавека, які неаднаразова абвінавачваўся ў фальсыфікацыях. Відавочна, эўрапейцы фармальна ставяцца да ўласных патрабаваньняў і палітычных каштоўнасьцяў.»

Спадарыня Авалонэ запэўніла, што прычыны, паводле якіх былі выдадзеныя візы гэтым пэрсонам, будуць высьвятляцца.

Пра гэта паведамілі члена арганізацыі «Беларуская Нацыянальная Памяць».