Нашэсьце беларускіх курэй у Расею

Расейскі саюз вытворцаў птушынага мяса Расптушкасаюз зьвярнуўся ў міністэрства сельскай гаспадаркі РФ з просьбай прыпыніць імпарт курынага мяса зь Беларусі ў Расею.
Беларусь у апошнія гады рэзка павялічыла пастаўкі мяса птушкі ў Расею і па выніках 2011 году стала другім паводле велічыні імпартэрам кураціны пасьля ЗША. Беларусь у некалькі разоў перавысіла заплянаваны аб’ём паставак мяса птушкі і замест 15 тыс. тон завезла 74 тыс. тон.

Пра гэта паведамляе партал РБК daily.

«Мы просім абмежаваць пастаўкі, паколькі ёсьць прагнозны балянс, і бакі павінны яго прытрымлівацца», — заявіла гендырэктар Расптушкасаюзу Галіна Бабылёва.

Паводле расейскай ацэнкі, агульная прапанова птушынага мяса на ўнутраным рынку можа перавысіць попыт прыкладна на 200 тыс. тон. Разам з тым імпартная прадукцыя прыкладна на траціну таньней за расейскую, што нэгатыўна адбіваецца на разьвіцьці расейскай птушкагадоўлі.

З 2008 году Расея і Беларусь штогод падпісваюць харчовы балянс, які рэглямэнтуе аб’ём паставак малака, малочных прадуктаў, мяса, мясапрадуктаў і цукру на расейскі рынак. Паводле ацэнкі Расейскай нацыянальнай мясной асацыяцыі, з пачатку 2012 году пастаўкі працягвалі расьці: за студзень-красавік было ўвезена каля 35 тыс. тон птушынага мяса.

Аб'ем экспарту мяса птушкі з Беларусі у Расею

Год Вага, тыс. тон Аб'ём, млн. даляраў
2006 9 13
2007 8 16
2008 6 12
2009 21 43
2010 38 77
2011 74 157

Паводле мэнэджэра гандлёвай кампаніі, якая спэцыялізуецца на ўвозе беларускай кураціны ў Расею, цяпер аптовая цана курыцы зь Беларусі 85 расейскіх руб. за кг, а расейская — 90-92 руб.: «Якасьць беларускай кураціны добрая, тушка буйней, чым у расейскіх вытворцаў, і з-за гэтага расейскія мясакамбінаты ахвотней закупляюць гэтае мяса для далейшай перапрацоўкі».

У Эўразійскай эканамічнай камісіі (ЭЭК) лічаць, што Расея ня мае права абмяжоўваць пастаўкі сельгаспрадукцыі з краін — партнэраў па Мытным зьвязе. «Прадугледжаныя балянсамі лічбы ўзаемнага гандлю часта спрабуюць прадставіць як квоты, — заявіла РБК daily дырэктар дэпартамэнту аграпрамысловай палітыкі ЭЭК Надзея Каткавец. — У сучасным прачытаньні прагнозны балянс — гэта ўзгадненьне плянаў...»

Паводле яе, заклікі абмежаваць узаемны гандаль супярэчаць ня толькі базавым пагадненьням аб стварэньні адзінай эканамічнай прасторы, але і прынцыпам сумленнай канкурэнцыі. Між тым Расея, спасылаючыся на перавышэньне Беларусьсю аб’ёмаў, пазначаных у прагнозным балянсе, ужо ня раз прыпыняла на некалькі месяцаў пастаўкі асобных відаў беларускай малочнай прадукцыі. Апошні раз падобная мера ўводзілася 1 красавіка ў дачыненьні да сухога малака і сыроваткі.