Беларускія чыноўнікі пакрыўдзіліся: у справе палітвязьняў іх не падтрымалі нават казахі

Віктар Гумінскі

У спэцыяльнай рэзалюцыі па Беларусі Парлямэнцкая асамблея АБСЭ на летняй сэсіі ў Манака заклікала беларускія ўлады неадкладна і без папярэдніх умоваў вызваліць усіх палітычных зьняволеных. У дакумэнце таксама ўтрымліваецца патрабаваньне да беларускіх уладаў гарантаваць поўнае аднаўленьне іх у грамадзянскіх і палітычных правах. Ацэнку рэзалюцыі сёньня на прэсавай канфэрэнцыі ў Менску далі чальцы дэлегацыі Нацыянальнага сходу Беларусі ў ПА АБСЭ.

Кіраўнік беларускай дэлегацыі ў Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ Віктар Гумінскі назваў рэзалюцыю «антыбеларускай»:

«Нічога новага ў гэтай рэзалюцыі мы ня ўбачылі і не пачулі. І хоць асобныя кіраўнікі АБСЭ ў сваіх выступах падкрэсьлівалі важнасьць такой формы працы, як дыялёг, насамрэч гэтага не пабачылі. Што тычыцца зьместу гэтай рэзалюцыі, нічога новага ў ёй практычна няма. Яна амаль цалкам перапісаная з падобных рэзалюцыяў Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы і Эўрапарлямэнту. Чарговы раз былі прапанаваныя такія формы працы з намі, як дыктат, ціск, ультыматумы, эканамічныя і палітычныя санкцыі, візавыя абмежаваньні, зьмешваньне спорту і палітыкі — пра чэмпіянат сьвету я вяду гаворку».

Палітоляг Аляксей Кароль кажа, што за ацэнкай міжнароднай рэзалюцыі як антыбеларускай праглядаецца расейская імпэрская палітыка і яе прыхільнікі:

Аляксей Кароль

«Назваць гэтую рэзалюцыю антыбеларускай можна толькі тады, калі атаясамліваеш палітычны рэжым той ці іншай краіны зь Беларусьсю. Гэта — звычайная памылка альбо сьвядомая ці несьвядомая блытаніна найперш расейскіх палітыкаў і аналітыкаў. І за гэтым праглядаецца, па сутнасьці, імпэрская тэндэнцыя.

Беларусь праз такія рэзалюцыі і праз падтрымку Захадам дэмакратычных тэндэнцыяў у Беларусі выпадае зь іх кола ўплыву. І тады ўжываецца менавіта гэты прыём, калі антырэжымную рэзалюцыю і яе антырэжымны сэнс абвяшчаюць антыбеларускімі».

У АБСЭ цяпер уваходзяць 56 краінаў. Супраць беларускай рэзалюцыі прагаласавалі 6 дэлегацыяў — Расея, Беларусь, Украіна, Азэрбайджан, Армэнія і Таджыкістан. А вось дэлегацыі Казахстану, Кіргізстану, Малдовы і Грузіі ня ўдзельнічалі ў галасаваньні. «У той жа час, — сказаў Віктар Гумінскі, — Беларусь падтрымала гэтыя краіны, калі ўздымаліся пытаньні, якія іх тычыліся».

«Наўмыснае ігнараваньне галасаваньня — своеасаблівая форма, каб паказаць сваё стаўленьне да нейкага дакумэнту. І таму яна ўжываецца ў практыцы шэрагу міжнародных арганізацыяў», — тлумачыць палітоляг Алесь Лагвінец:

Алесь Лагвінец

«Няўдзел у галасаваньні ў дадзеным выпадку — гэта спосаб не паказваць сваю пазыцыю. А яна, найхутчэй, крытычная. Бо дэпутатам з названых краінаў цяжка не падтрымаць рэзалюцыю, уважаючы на тое, што ў Беларусі працяглы час нічога не зьмяняецца. І гэта паказвае, што пазыцыя афіцыйнага Менску не заўжды знаходзіць разуменьне нават у тых краінах, якія былі б схільныя разумець уладныя аргумэнты. Да таго ж у парлямэнцкіх дэлегацыях названых краінаў, найперш Грузіі і Малдовы, ёсьць розныя групы. І гэта таксама абумоўлівае адмысловасьць іх пазыцыі».

У згаданай рэзалюцыі афіцыйны Менск таксама заклікаюць паважаць свабоду перамяшчэньня сваіх грамадзянаў, уключна з палітычнымі актывістамі, у Беларусі і за мяжой, а таксама пакласьці канец уціску і перасьледу грамадзянскай супольнасьці, прафсаюзаў, незалежных СМІ і праваабаронцаў.


АБСЭ заклікала ўлады Беларусі вызваліць палітвязьняў


7 ліпеня Парлямэнцкая асамблея АБСЭ заклікала ўлады Беларусі неадкладна і без папярэдніх умоваў вызваліць і апраўдаць усіх палітычных зьняволеных.

У дакумэнце пералічваюцца палітзьняволеныя Ігар Аліневіч, Мікалай Статкевіч, Павал Севярынец, Алесь Бяляцкі, Сяргей Каваленка, Дзьмітрый Дашкевіч, Мікалай Аўтуховіч, Эдуард Лобаў, Мікалай Дзядок, Аляксандар Францкевіч, Павал Сырамятаў, Арцём Пракапенка, Яўген Васьковіч, а таксама ўтрымліваецца патрабаваньне да беларускіх уладаў гарантаваць поўнае аднаўленьне іх у грамадзянскіх і палітычных правах.

Парлямэнцкая асамблея АБСЭ настойліва заклікае ўлады Беларусі адмяніць хатні арышт, накладзены на выпушчаных з турмаў палітычных зьняволеных, у ліку якіх журналістка Ірына Халіп, лідэр кампаніі «Гавары праўду!» Ўладзімір Някляеў ды іншыя.

Акрамя таго, афіцыйны Менск заклікаюць паважаць свабоду перамяшчэньня сваіх грамадзянаў, уключна з палітычнымі актывістамі, у Беларусі і за мяжой, а таксама пакласьці канец уціску і перасьледу грамадзянскай супольнасьці, прафсаюзаў, незалежных СМІ і праваабаронцаў.

Беларускім уладам прапануецца вярнуцца да разгляду заявак аб рэгістрацыі партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» і няўрадавай праваабарончай арганізацыі «Вясна», якім было неаднаразова адмоўлена ў рэгістрацыі «без належных падстаў». Гэтаксама асамблея заклікае Менск выканаць рэкамэндацыі Міжнароднай арганізацыі працы адносна прафсаюзаў.

Парлямэнцкая асамблея выказвае надзею на выкананьне Беларусьсю сваіх абавязацельстваў у рамках АБСЭ — перадусім адносна парлямэнцкіх выбараў — і своечасовага накіраваньне запрашэньня міжнародным назіральнікам для бесперашкоднага адсочваньня выбарчага працэсу.

У рэзалюцыі ўтрымліваецца заклік адмяніць прысуды і вылучаныя абвінавачаньні супраць журналістаў у сувязі зь іх прафэсійнай дзейнасьцю і дазволіць неабмежаванае грамадзкае абмеркаваньне ключавых праблемаў.

Асамблея рэкамэндуе Міжнароднай фэдэрацыі хакею з шайбай прыпыніць выкананьне свайго пляна правядзеньня чэмпіянату сьвету ў 2014 годзе ў Менску да вызваленьня ўсіх палітзьняволеных.

Акрамя таго, ПА АБСЭ заклікае правесьці міжнароднае расьсьледаваньне ў справе абыходжаньня з палітзьняволенымі ў турмах Беларусі на падставе сьцвярджэньня аб катаваньнях былога зьняволенага Алеся Міхалевіча.

АБСЭ асуджае пакараньне Ўладзіслава Кавалёва і Дзьмітрыя Канавалава, абвінавачаных у арганізацыі тэракта ў менскім мэтро і асуджаных «у выніку суду, які не адпавядаў міжнародна-прававым нормам законнасьці».

Гэта далёка ня першы заклік міжнародных структураў да беларускіх уладаў з патрабаваньнем вызваліць усіх палітзьняволеных, якія застаюцца ў беларускіх турмах. Але практычна на ўсе звароты афіцыйны Менск адказвае аднолькава — маўляў, гэта ўнутраная справа беларускай дзяржавы, а спробы зьнешняга ўціску ні да чаго не прывядуць.