Прафэсар Бандажэўскі: як выжыць у турме. Частка 5.

Юры Бандажэўскі

Я вызваліўся з-за кратаў у стане духоўнай і фізычнай раўнавагі, з прамой выправай, мускульнай сілай і адчуваньнем, што я — моцны чалавек. Апошняе самае галоўнае, астатняе другаснае. Тым ня менш, усё разам ёсьць вынікам жаданьня падтрымліваць сябе з дапамогай элемэнтаў сыстэмы выжываньня ў экстрэмальных умовах. Гэта ня значыць, што я быў здаровым фізычна. Проста я загнаў свае хваробы ўнутр.

НЕ СПАДЗЯВАЙЦЕСЯ КАГОСЬЦІ РАЗЖАЛІЦЬ СВАІМ КЕПСКІМ ЗДАРОЎЕМ

У зьняволеньні мне некалькі разоў давялося быць на мяжы жыцьця і сьмерці. Дарэчы, сьмерць за кратамі — зьява нярэдкая. Не выключаю, што калі б апублікаваць афіцыйную статыстыку сьмяротных выпадкаў за кратамі, многія б проста жахнуліся. Што да так званай «актыроўкі» або датэрміновага вызваленьня вязьня паводле стану яго здароўя, то гэта робіцца ў выключных выпадках. Тым, хто хоча разжаліць турэмныя ўлады сваёй цяжкай хваробай, раю: не спадзявайцеся!

Мая апэрацыя была складаным выпадкам для турэмных хірургаў

У канцы 2003 году, седзячы ў колішняй менскай калёніі на Кальварыйскай, я ў маім турэмным дзёньніку пакінуў наступны запіс.

2001 год

«Сёньня я ўшчыльную адчуў ледзяное дыханьне сьмерці. Я не люблю запісваць свае адчуваньні (нават з пагардай стаўлюся да гэтага, асабліва, калі гэта робяць мужчыны), але цяпер пішу, каб адзначыць гэтую дату, пасьля якой, магчыма, я буду знаходзіцца ў іншым вымярэньні. Мне здаецца, што мае сілы на зыходзе, і нешта страшнае можа адбыцца...»

Калі я пісаў гэтыя радкі, мне было 46 гадоў. Да гэтага я ў турэмным шпіталі ў Менску перанёс апэрацыю на пэрытаніт у сувязі з гангрэнозным апэндыцытам. Гэта быў складаны выпадак для хірургаў, аднак лекары зрабілі ўсё, што ад іх залежала. Мне пашчасьціла, што як мэдык я сам паставіў сабе дыягназ — так званы «востры жывот» — і адразу азнаёміў адміністрацыю з тымі праблемамі, якія меў, і з наступствамі, якія могуць быць, калі не аказаць адпаведнай дапамогі. У іншых хворых (нямэдыкаў) падобныя выпадкі могуць стаць незваротнымі.

http://www.svaboda.org/externalaudio-FLRM/Audio/362905.html

За час адседкі я тройчы атрымліваў экстраную мэдычную дапамогу.
Неяк, прааналізаваўшы шмат выпадкаў з маёй уласнай сытуацыі, мэдычнай практыкі, навуковай дзейнасьці, прыкладаў з рознымі хворымі-сядзельцамі, я зразумеў, што афіцыйная мэдыцына нярэдка сьляпая, бо падыходзіць да чалавека як да ўсярэдненага пацыента, без уліку асаблівасьцяў ягонай асобы. Мы шмат чаго ня ведаем з таго, што адбываецца вакол і ўнутры нас.

Кнігі пра нетрадыцыйную ўсходнюю мэдыцыну, энэргатрэнінг адкрылі мне, “клясычнаму” лекару, новыя веды ў пытаньнях аховы здароўя чалавека. Напрыклад, тое, што кожны з нас здольны сам слухаць свой арганізм і кіраваць ім нават у вельмі складанай сытуацыі. Ці тое, што ў чалавека ў выніку такога падыходу абвастраецца інтуіцыя, пачуцьцё, якім большасьць так доўга грэбуе… У экстрэмальных умовах, калі магчымасьці атрыманьня належнай мэдычнай дапамогі вельмі абмежаваныя, альтэрнатыўная мэдыцына мае куды большае значэньне чым у звычайным жыцьці.

Не супрацьстаўляючы традыцыйныя і нетрадыцыйныя захады, мяркую, што
пэўныя сакрэты альтэрнатыўнай мэдыцыны маглі б дапоўніць клясычную. Тым ня менш, гэтыя прыёмы на практыцы выкарыстоўваюцца вельмі рэдка, хоць нашы мэдыкі і знаёмыя зь імі.

Пасьля цяжкай апэрацыі, калі я ледзь не памёр ад пэрытаніту, трохі акрыяўшы, сказаў сабе: «Я мушу быць здаровым». Я паверыў, што я гэта здолею. Таксама я зразумеў, што мае хваробы зьвязаныя ня толькі з маім арганізмам, але і з узьдзеяньнем усяго таго, што вакол нас. Гэта вонкавае, часам схаванае ўзьдзеяньне. Калі яно адчуваецца, усё робіцца вастрэйшым.

Усё пачынаецца неўзабаве пасьля зьняволеньня

...У мяне ўсё пачалося неўзабаве пасьля таго, як летам 1999 году я быў спачатку арыштаваны паводле прэзыдэнцкага дэкрэту «Аб барацьбе з найбольш небясьпечнымі гвалтоўнымі злачынствамі (фармальнай падставай, як я зразумеў, стаў данос майго намесьніка — першага прарэктара — пра падрыхтоўку дзяржперавароту), а потым абвінавачаны ў карупцыі ў буйных памерах.

Юрыя Бандажэўскага дастаўляюць у суд, 2001



Гэта вельмі моцны шок, калі ты ў адзін дзень падаеш зь немалой вышыні свайго тагачаснага сацыяльнага статусу рэктара Гомельскага мэдынстытута ў сьмярдзючую камэру Гомельскага ізалятара часовага ўтрыманьня. Асабліва, калі замест належных некалькіх дзён праводзіш там каля месяца. У той камэры няма ані ўмывальніка, ані адгароджанага туалета, табе не выдаюць аніякай пасьцельнай бялізны, ты мусіш ляжаць на падлозе, ты ня маеш магчымасьці рухацца, мыцца, табе не дазволеныя аніякія шпацыры...Ты паступова ператвараесься ў жывёлу.

За першы месяц арышту я страчваю каля 20 кіляграмаў вагі. У магілёўскім ізалятары, куды мяне пераводзяць з гомельскага, я ледзь перасоўваю ногі, адчуваю сталае галавакружэньне ды рэзкую слабасьць, потым настаюць моцныя болі ў страўніку. Наглядчыкі ізалятара доўга ня важацца што-небудзь зрабіць. Калі пераконваюцца, што я ў крытычным стане, усё ж адвозяць мяне ў абласную клінічную бальніцу. У дарозе да шпіталя трачу прытомнасьць... Ачуняўшы, бачу сябе на ложку, прыкаваным да яго кайданкамі. Лекары, дасьледаваўшы мой страўнікава-кішачны тракт, выявілі язву дванаццаціперснай кішкі.
Мая парада тым, хто хоча выстаяць ва ўмовах няволі: не дазваляйце сабе ніякай слабіны, не лянуйцеся, змагайцеся за сябе штодня.

Пазьней Камітэт па правах чалавека ААН ацэніць гэтую сытуацыю як катаваньні.

З Магілёва мяне хворага вязуць у турэмную лякарню ў Менску. Пасьля лякарні — у СІЗА на Валадарку. Настае стан поўнай дэпрэсіі, калі ня можаш пазбавіцца ад навязьлівых думак пра марнасьць жыцьця. Праз падобныя дэпрэсіі праходзіць у турме шмат хто зь вязьняў.

Апошні цяжкі рэцыдыў наступае ўжо пры канцы адседкі. Хата ў папраўчай калёніі-паселішчы №26 у вёсцы Гезгалы на Гарадзеншчыне, куды мяне пераводзяць зь Менску з ПК №1, зусім не прыстасаваная для жыцьця. Пачынаюцца маразы. Да таго ж мне адмаўляюць ва ўмоўна-датэрміновым вызваленьні. І вось тут на тле чарговых збояў у энэргетычным мэтабалізьме пачынаюцца цяжкія паталёгіі пячонкі і падстраўнікавай залозы.

Здавалася б, на той момант з дапамогай выпакутаванай мною сыстэмы выжываньня я так сябе настроіў, настолькі глыбока загнаў свае праблемы ўнутр, што пераканаў у сваім здароўі нават турэмных лекараў. Перад выхадам з ПК №1 на пасяленьне мэдыкі праводзілі тэсты і спрабавалі нешта знайсьці, каб не адпусьціць на папраўчыя фізычныя працы, а пакінуць мяне ў калёніі (нібыта там лягчэй?). Аднак пры ўсім жаданьні нічога сур’ёзнага не знайшлі. Адпусьцілі. Я фармальна не за кратамі. І тут — абвал. Ён наступіў, калі я ня быў гатовы, калі ўнутрана расслабіўся і не згрупаваўся, а таму і прапусьціў некалькі ўдараў у выглядзе цяжкіх рэцыдываў. І зноў пачалося змаганьне.

Мая парада тым, хто хоча выстаяць і не зламацца ва ўмовах няволі: не дазваляйце сабе ніякай слабіны, не лянуйцеся, змагайцеся за сябе штодня. Шукайце і асэнсоўвайце розныя мэтады для абароны здароўя, нават тыя, якія мы яшчэ дрэнна разумеем, калі нічога іншага нельга выкарыстаць.

Працяг будзе...

Прафэсар Бандажэўскі: як выжыць у турме. Частка 4.

Прафэсар Бандажэўскі: як выжыць у турме. Частка 3.

Прафэсар Бандажэўскі: як выжыць у турме. Частка 2.

Прафэсар Бандажэўскі: як выжыць у турме. Частка 1.