У Міністэрстве абароны пакуль не разабраліся са швэдзкім самалётам

У беларускім Міністэрстве абароны заяўляюць, што па факту парушэньня паветранай прасторы Беларусі швэдзкім лёгкаматорным самалётам праводзіцца праверка.
Гэты самалёт раніцай 4 ліпеня без перашкод паўтары гадзіны незаўважана для радараў супрацьпаветранай абароны раскідваў над тэрыторыяй Беларусі цацачных мядзьведзікаў з надпісамі ў абарону свабоды СМІ.

Прадстаўнік галоўнай управы ідэалягічнай працы міністэрства абароны Беларусі палкоўнік Сяргей Кузьмянкоў патлумачыў карэспандэнту Свабоды:

«У цяперашні час праводзіцца ўсебаковая праверка гэтай інфармацыі. Агалошваньне складу групы не ўваходзіць у кампэтэнцыю міністэрства абароны. Я больш чым сказаў, вам дадаць не магу».

Прадстаўнік гэтай жа ўправы палкоўнік запасу Ўладзімер Макараў таксама не падаў ніякіх падрабязнасьцяў. На пытаньне, што можна паведаміць радыёслухачам, ён адказаў:

«Толькі тое, што апублікавана на афіцыйных сайтах. Усё апублікавана ў афіцыйнай інфармацыі».

Сайт Міністэрства абароны 5 ліпеня паведамляў, што няма фактаў, якія пацьвярджаюць перасячэньне дзяржаўнай мяжы Беларусі ў паветранай прасторы. Афіцыйныя экспэрты выявілі фальсыфікацыі. Тым часам самі ўдзельнікі палёту, які па іх словах бесперашкодна быў ажыцьцёўлены над тэрыторыяй Беларусі, прадставілі ў доказ відэа.

Так званы «плюшавы дэсант» арганізавала чацьвёрка швэдаў — супрацоўнікаў рэклямнай кампаніі «Total» са Стакгольму.

Намесьнік начальніка цэнтра інфармацыі і грамадзкіх сувязяў КДБ Беларусі Артур Стрэх на просьбу карэспандэнта Свабоды пракамэнтаваць інцыдэнт сказаў:

«Я па ўказанаму факту камэнтароў не даю. Напэўна дастаткова камэнтароў, якія далі прадстаўнікі міністэрства абароны і дзяржаўнага памежнага камітэту. Бясьпека паветраных пралётаў на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь знаходзіцца ў кампэтэнцыі іншых органаў».

Паводле вайсковага аналітыка Аляксандра Алесіна, Міністэрства абароны і памежнае ведамства сказалі, што гэта немагчыма, і адпачатку паставілі сябе ў складанае становішча.

Аляксандар Алесін

«З гэтай пазыцыі адступаць вельмі цяжка. Тым больш што яны, відаць, і кіраўніку краіны далажылі так. Таму будуць максымальна доўга замоўчваць гэты факт. Сам факт парушэньня на такой вышыні ня ёсьць нечаканасьцю. Сыстэма супрацьпаветранай абароны нашай краіны ня можа перахопліваць паветраныя цэлі, якія лятуць на такой нізкай вышыні. Гэтак жа сама, як гэты самалёт, пранікаюць у паветраную прастору і прарываюць сыстэму ППА крылатыя ракеты. Радары не засякаюць. Таму тут глябальная стаіць задача — забясьпечыць абарону паветранай прасторы Беларусі ад нізкалётаючых цэляў — крылатых ракетаў, бесьпілётных авіяцыйных прыстасаваньняў, пілятаваных апаратаў. Бо менавіта з дапамогай гэтых сродкаў можа быць нанесены першы зьнішчальны ўдар па той жа сыстэме ППА і па найважнейшых аб’ектах краіны. Таму пакараньне розных стрэлачнікаў ці нават высокапастаўленых чыноўнікаў становішча не паправіць. Патрэбны сур’ёзныя захады па мадэрнізацыі сыстэмы ППА. Трэба падзякаваць гэтым швэдам. Можа, зь іх падачы якраз ваенна-палітычнае кіраўніцтва краіны прыме меры па рэфармаваньні сыстэмы ППА».