Беларусь вяртаецца ў «чорны сьпіс»

Адрыян Сэвэрын

Статус спэцыяльнага дакладчыка па правах чалавека ў Беларусі ўжо існаваў. Ён быў прыняты ў 2004 годзе, на гэтую пасаду быў прызначаны былы міністар замежных справаў Румыніі Адрыян Сэвэрын. Улады Беларусі ад пачатку адмовіліся супрацоўнічаць зь ім, яму было адмоўлена ў візе для ўезду ў Беларусь.

Тым ня менш на працягу трох гадоў працы на пасадзе сьпэцдакладчыка сп-р Сэвэрын падрыхтаваў тры справаздачы, ў якіх канстатавалася адсутнасьць прагрэсу ў Беларусі ў пытаньні правоў чалавека.

У 2007 годзе ранейшая камісія па правах чалавека ААН была ператвораная ў Раду. На пасяджэньні ў ліпені 2007 году Рада выключыла Беларусь і Кубу з «чорнага сьпісу краін», якія патрабуюць сталага назіраньня. Паводле дыпляматаў, Беларусь і Куба сталі гэтак званай «разьменнай картай» для сяброў Рады дзеля таго, каб гарантаваць далейшую дзейнасьць гэтага новага праваахоўнага органу ААН.

Згодна з рашэньнямі Рады ААН, сталае назіраньне засталося ў дзевяці праблемных краінах, уключна з Паўночнай Карэяй, Камбоджай, Суданам і Самалі, а ў дачыненьні да іншых краін-сяброў ААН будзе ўжывацца практыка пэрыядычнага назіраньня за станам правоў чалавека.

Камэнтуючы тады гэтыя рашэньне ў інтэрвію нашаму радыё, сп-р Сэвэрын заявіў:

«Для гэтых людзей правы чалавека зьяўляюцца прадметам палітычнага гандлю паміж урадамі. Яны прызнаюць толькі сувэрэнітэт краінаў, які дазваляе ўладам беспакарана ціснуць на свой народ. Яны не прызнаюць сувэрэнітэту індывідуумаў. Яны адмаўляюцца прызнаць, што паміж палітычным рэжымам і правамі чалавека існуе наўпростая сувязь… Нельга прасіць дыктатараў пагадзіцца на падзел уладаў, плюралізм і свабоду слова».

Мы зьвярнуліся да сп-ра Сэвэрына сёньня з просьбай пракамэнтаваць рашэньне Рады па правах чалавека, адваротнае таму, што было прынятае 5 гадоў таму.

Карэспандэнт: У ліпені 2007 году, калі Вы былі дакладчыкам ААН па правах чалавека ў Беларусі, гэтая пасада была скасаваная з палітычных прычынаў. Што зьмянілася з тае пары, што гэтая пасада была адноўленая — сытуацыя ў Беларусі ці расстаноўка сілаў у Радзе?

Сэвэрын: Разьвіцьцё не заўжды пазытыўнае, але яно ёсьць і там і там. І гэта паўплывала на рашэньне пра дакладчыка, на мой погляд, правільнае рашэньне.

З аднаго боку, Рада па правах чалавека ААН занялася балючымі тэмамі, праблемамі, якія паўстаюць. Беларусь ёсьць такой праблемай. Беларусь — гэта ня нейкая там краіна, гэта цэнтральнаэўрапейская краіна, у непасрэдным суседзтве Эўрапейскага зьвязу. Гэтая краіна вельмі важная. У ёй дагэтуль знаходзіцца палітычны рэжым, які базуецца на іншых каштоўнасьцях, чым каштоўнасьці Эўропы і Эўрапейскага зьвязу. І ААН павінна зьвярнуць на гэта ўвагу — на пытаньне каштоўнасьцяў, а таксама — на праблему рэгіянальнай бясьпекі.

Зь іншага боку мне здаецца, што сытуацыя ў Беларусі таксама разьвіваецца. Ёсьць разьвіцьцё, якое, вядома, не адпавядае чаканьням Эўропы і паўночнаатлянтычнай супольнасьці. І тут Рада па правах чалавека ААН павінна знайсьці вырашэньне гэтаму. Яна проста не павінна заплюшчваць вочы на гэтую рэальнасьць.

Радыё Свабода: Якое значэньне можа мець вяртаньне пасады сьпецдакладчыка пры тым, што беларускія ўлады ўжо заявілі, што адмовяцца супрацоўнічаць зь ім?

Сэвэрын: Дыялёг — заўжды добра. Гэта вельмі-вельмі шкада, што беларускія ўлады адмаўляюць магчымасьць такога дыялёгу. Афіцыйная пазыцыя вельмі ясная. Яны лічаць, што палітычны рэжым — гэта ўнутраныя справы сувэрэннай краіны. Відавочна, яны ня хочуць, каб замежныя арганізацыі ў гэта ўмешваліся. Паводле іх, дакладчык едзе ў Беларусь з загадзя сфармаванай пазыцыяй, а гэта несправядліва. Таму Беларусь ня хоча зь ім супрацоўнічаць.

Гэта памылкова. Дакладчыкі павінны быць сумленнымі людзьмі, добра праінфармаванымі. Яны павінны дзейнічаць дакладна, каб іх не ўспрымалі палітычным інструмэнтам. І ўлады павінна супрацоўнічаць і размаўляць з дакладчыкам, бо ён незалежны чалавек. На мяне ніхто не ўплываў, як на дакладчыка, адзінае, што на мяне ўплывала — недахоп супрацы з боку афіцыйнай ўлады. Калі ў вас няма дыялёгу з другім бокам, вы ня можаце ўлічваць яго аргумэнты, бо вы іх проста ня ведаеце.

Палітычная сытуацыя ў Беларусі — гэта ня проста ўнутраныя справы дзяржавы. Гэтыя праблемы павінны абмяркоўвацца разам. Будзе нашмат лепш, калі беларускія ўлады прымуць гэтага дакладчыка і пачнуць дыялёг зь ім. Пабачым, як гэта будзе. Але я веру, што вельмі важна мець дыялёг, калі людзі да гэтага гатовыя, калі ў іх ёсьць настрой да супрацы. Такі настрой неабходны для кожнага боку, у тым ліку для Беларусі.