Апазыцыя ў выбарчых камісіях: меней, чым на мінулых выбарах

9 ліпеня завяршаецца фармаваньне акруговых выбарчых камісіяў. Прадстаўнікі апазыцыі ў склад выбаркамаў трапілі — па некалькі чалавек на вобласьць. Найбольш апазыцыянэраў будзе ў камісіях у Менску — 13 чалавек, але гэта меней, чым было ў 2008 годзе.
Фаварыты пры прызначэньні сябраў акруговых выбарчых камісіяў — па-ранейшаму БРСМ, «Белая Русь», афіцыйныя прафсаюзы і вэтэраны. Ад апазыцыі трапляюць адзінкі.

Як паведаміла «Свабодзе» назіральніца ад кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» Валянціна Сьвяцкая, пасяджэньне прэзыдыюму Менскага гарсавету і гарвыканкаму доўжылася каля 45 хвілін. Кандыдатуры ў склад акруговых камісіяў фактычна не абмяркоўваліся, удзельнікі паседжаньня галасавалі за сьпіс, падрыхтаваны так званай працоўнай групай.

Усяго ў Менску было зацьверджана 20 камісіяў па 13 чалавек. Ад апазыцыі ў іх уключылі 13 вылучэнцаў: 7 ад партыі «Справядлівы сьвет», 4 — ад БНФ, ад Грамады і АГП — па адным. Валянціна Сьвяцкая:

Валянціна Сьвяцкая

«Усё адбываецца прыблізна гэтаксама, як і ў папярэднія выбарчыя кампаніі, калі апазыцыя была ў абсалютнай меншасьці. Цяпер крыху больш уключылі ў параўнаньні зь мінулай прэзыдэнцкай выбарчай кампаніяй, бо тады там увогуле амаль нікога з апазыцыі не было, акрамя Менскай гарадзкой камісіі, куды ўключылі трох апазыцыянэраў».

Як вынікае з папярэдніх падлікаў, у параўнаньні з парлямэнцкімі выбарамі 2008 году сытуацыя пагоршылася. Тады ў менскія камісіі ўключылі 20 апазыцыянэраў, цяпер — 13. У Гомельскай вобласьці ў акруговыя камісіі ў 2008 годзе ўключылі 13 апазыцыянэраў, цяпер — 3. Аналягічная сытуацыя і ў іншых абласьцях.

Гаворыць Валянцін Стэфановіч з кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары»:

Валянцін Стэфановіч

«На жаль, нічога новага мы не назіраем у параўнаньні з папярэднімі выбарамі. Зноўку кідаецца ў вочы, што паседжаньні адбываюцца вельмі хутка. У Гомельскай вобласьці 13 хвілінаў ішло. Кандыдатуры не абмяркоўваліся, нягледзячы на тое, што конкурс быў. Сьпісы, узгодненыя з выканкамамі, зацьвярджаюцца, і зноў бачым, што асноўнымі арганізатарамі выбараў выступаюць чатыры няўрадавыя арганізацыі: Фэдэрацыя прафсаюзаў, БРСМ, „Белая Русь“ і вэтэранская арганізацыя».

Каардынатар кампаніі «За справядлівыя выбары» Сяргей Калякін кажа, што толькі ў Берасьці пры зацьвярджэнні сябраў камісій была дыскусія, пасьля якой колькасьць апазыцыянэраў у камісіях павялічылася. Агулам жа ўлады па-ранейшаму дыскрымінавалі апазыцыю:

Сяргей Калякін

«У цэлым магу сказаць, што ўлады правалілі гэты першы экзамэн на тое, што яны зьбіраюцца праводзіць раўнапраўныя выбары. Ужо сёньня можна сказаць, што, напрыклад, на Гомельшчыне толькі ў 20 працэнтах акруговых камісіяў будуць прадстаўнікі апазыцыі».

Сакратар ЦВК Мікалай Лазавік запэўніў, што партыйная квота ў адну трэцюю частку складу выбарчых камісіяў будзе выкананая:

«Калі браць аднаго чалавека ад тысячы, то якраз партыі знаходзяцца ў больш выгадных умовах, чым такія масавыя, як прафсаюзныя і моладзевыя арганізацыі ў Рэспубліцы Беларусь».

Мікалай Лазавік пацьвердзіў «Свабодзе», што ён і старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына атрымалі візы, каб паехаць у Вену, дзе адбудзецца канфэрэнцыя па праблеме назіраньня за выбарамі ў краінах АБСЭ.

«Натуральна, што ўдваіх мы не зьяжджаем, хтосьці адзін мусіць застацца „на гаспадарцы“. Паедзе Лідзія Міхайлаўна, а я застануся тут. Тым больш што ў нас ужо пачалася выбарчая кампанія, неабходна будзе вырашаць нейкія бягучыя пытаньні».



Усе выбарчыя кампаніі, якія праходзяць у Беларусі ад 1996 году, былі прызнаныя АБСЭ несвабоднымі і несправядлівымі. За гэта старшыня Цэнтравыбаркаму Лідзія Ярмошына і сакратар ЦВК Мікалай Лазавік былі ўнесеныя ў сьпісы неўязных у краіны Эўразьвязу і ЗША. Аднак візавая забарона ня дзейнічае, калі запрашаюць міжнародныя арганізацыі, разьмешчаныя на тэрыторыі краін Эўразьвязу ці ЗША.