Іна Студзінская: У Арт-Сядзібе сёньня даволі шмат народу, публіка розная, І тыя, хто ўчора былі, і новыя. У чым розьніца ад учора? Сёньня выступаюць ня толькі ўдзельнікі «Майстроўні», але і іншыя, якія бачылі «Майстроўню» звонку.
Уражаньнямі падзялілася Валянціна Трыгубовіч. Яна тады працавала ў газэце «Голас Радзімы». Яна тады апублікавала вялікі артыкул, на вокладцы газэты быў вялікі здымак Вячоркі з казой на Каляды. Яна распавяла, што ў той час была ў іншым аб’яднаньні зь Яўгенам Куліком — «На паддашку» . Маўляў, вось удзельнікі «На паддашку» кніжку ня выдалі, а майстроўцы зрабілі.
Як заўважыў выкладчык БДУ Ігар Запрудзкі, менавіта ўспаміны, матэрыялы вельмі важныя, што калісьці прыйдзецца пісаць сапраўдную гісторыю Беларусі, якой няма. Ён параіў пісаць мэмуары, таму што ў памяці ўсё сьціраецца. І вось гэтыя аўтэнтычныя сьведчаньні ўдзельнікаў вельмі важныя.
Your browser doesn’t support HTML5
Вельмі цікавы выступ Ірыны Дубянецкай, яна распавяла, чаму не была ў «Майстроўні». Схадзіла на адно паседжаньне. Паводле яе словаў, Ларыса Сімаковіч там усіх строіла, маўляў, давай Вінцук, сьпявай, Сяржук, сьпявай… Яна ня ведала, што такое Сяржук і Вінцук, думала, што гэта мянушкі і прозьвішчы, бо моладзь ня ведала беларускіх імёнаў. Але вельмі шкадуе яна, што ня трапіла ў «Майстроўню» пасьля першага, які стаў апошнім, пікету, 13 чэрвеня 1984 — супраць разбурэньня былога будынку тэатру, дзе была пастаўлена першая беларуская опэра «Сялянка». У тым месцы цяпер стаіць гатэль «Эўропа». Вось моладзь тады выйшла і не давала разбурыць гэты будынак «з пагонямі», які ў Менску людзі ведалі. Вось тады яна пашкадавала, што яна ня там.
А Вячорка распавёў, як паводзілі сябе міліцыянты, яны ня ведалі, што рабіць зь пікетоўцамі, іх прывезьзі ў міліцыю. Ларысу Сімаковіч адпусьцілі пакарміць дзіцёнка, а яна прынесла сала. І кажа, было такое зьдзіўленьне міліцыі, што ж рабіць?