Удзел. Блог Аляксея Янукевіча

Раз на тыдзень да 23 верасьня ўдзельнік кампаніі па выбарах Палаты прадстаўнікоў Аляксей Янукевіч і ўдзельнік актыўнага байкоту Віталь Рымашэўскі будуць пісаць на сайце «Свабоды» блогі пра свой досьвед і свае ўражаньні ад гэтай палітычнай кампаніі.


Ацэнка сытуацыі: 5 асноўных памылак


Спрэчкі і дыскусіі пра найбольш правільную і эфэктыўную тактыку дзеяньняў дэмакратычных арганізацыяў працягваюцца, хоць сама падзея, да якой яны прымеркаваныя, лічы, амаль на носе. Нягледзячы на тое, што асноўныя суб’екты ўжо вызначыліся, як будуць дзейнічаць, у цэлым дэмакратычная супольнасьць ня мае згоды ня толькі ў пытаньні «Што рабіць?», але нават у ацэнцы асноўных фактараў, якія ўплываюць на бягучую палітычную сытуацыю.
У развагах і камэнтарах вельмі часта за аксіёму прымаюцца памылковыя сьцьверджаньні. Гэта непазьбежна цягне за сабой памылковыя высновы і прапановы. Перакананы, што чым хутчэй гэтыя памылковыя тэзы будуць адкінутыя, тым больш плённымі будуць нашыя дзеяньні і тым хутчэй зьявяцца шанцы на дасягненьне згоды і кансалідацыі ў шырокім коле дэмакратычных партыяў і рухаў.

Такім чынам — 5 асноўных памылак пры ацэнцы стану рэчаў напярэдадні выбараў-2012:

Памылка першая: «Прызнаньне ці непрызнаньне выбараў залежыць ад дзеяньняў апазыцыі»

Насамрэч: прызнаньне ці непрызнаньне выбараў залежыць перш за ўсё ад дзеяньняў уладаў. Значэньне для беларускага грамадзтва і міжнароднай супольнасьці будуць мець таксама ацэнкі, якія прадстаўнікі дэмакратычных партыяў і грамадзянскай супольнасьці, а галоўнае — незалежныя назіральнікі дадуць выбарчаму працэсу. Таму вельмі важна, каб гэтыя ацэнкі былі ясныя і салідарныя. Але само па сабе вылучэньне ці невылучэньне кандыдатаў ніякім чынам не характарызуе ступень дэмакратычнасьці выбараў, і такога крытэру папросту няма.

Памылка другая: «Для ўладаў мае значэньне, ці будзе апазыцыя вылучаць кандыдатаў»

Насамрэч: улада стварыла настолькі закрытую і самадастатковую сыстэму арганізацыі і правядзеньня ўсяго працэсу, што можа папросту ігнараваць апазыцыю ў яе цяперашнім стане. Гэта тычыцца як чыста фармальных працэдураў, так і палітычнай сытуацыі ў шырокім сэнсе.

Як у адсутнасьць, так і пры наяўнасьці дэмакратычных кандыдатаў (тое ж тычыцца і адсутнасьці або наяўнасьці выбарцаў на ўчастках) гэтая сыстэма выдасьць адны й тыя ж лічбы. Няўдзел крыху спрашчае працу «вэртыкалі» і здымае напругу з участковых камісіяў, але ніводзін з двух гэтых варыянтаў ня здольны стварыць пагрозу палітычнай будучыні рэжыму.

Адпаведна, выбудоўваць свой плян дзеяньняў, зыходзячы з таго, як стварыць найбольшыя складанасьці для ўлады, — шлях абсалютна тупіковы і беспэрспэктыўны. Варта думаць пра тое, што можа быць карысным для дэмакратычных сілаў.

Памылка трэцяя: «Кампанію выбараў можна скарыстаць як рычаг ціску на ўлады»

Насамрэч: дамагчыся ад уладаў нейкіх саступак праз удзел або няўдзел у выбарах немагчыма. Таму што сёньня дэмакратычная апазыцыя ня можа выстаўляць уладзе ўльтыматумы. Гэта факт. Прызнаньне гэтага факту абсалютна не азначае, што мы не павінны супрацьстаяць усяму злому, што чыніць гэтая ўлада. Але мы павінны разумець, што пусты блеф сёньня непрымальны больш чым калі. І ўсе заклікі наконт таго, што мы павінны выставіць уладам ультыматум напярэдадні выбараў, — шкодная ўтопія.

Памылка чацьвертая: «Наяўнасьць палітвязьняў вымагае няўдзелу»

Насамрэч: ані вылучэньне кандыдатаў, ані байкот ніякім чынам не ўплываюць на лёс палітвязьняў. Дастаткова задаць сабе пытаньне: ці вызваліць рэжым палітвязьняў, калі апазыцыянэры праігнаруюць палітычны працэс, які ўмоўна называецца «выбарчым»? Досыць відавочны адказ — «не» — ясна паказвае, што спроба выдаць няўдзел за нібыта «больш маральны» варыянт абсалютна недарэчная. Кампанія салідарнасьці — вось тое, што можа зрабіць і робіць дэмакратычная грамадзкасьць дзеля вызваленьня палітвязьняў.

Можна пайсьці далей і задацца пытаньнем: ці ня ёсьць сам факт падачы дакумэнтаў на рэгістрацыю кандыдата «калябарацыяй»? Да тае пары, пакуль нармальнай і апраўданай з практычнага гледзішча зьяўляецца, напрыклад, падача заявак на дэманстрацыі ў выканкамы, відавочна, што не. Усе ж разумеюць, што недарэчна спрабаваць ацэньваць, напрыклад, падачу заяўкі на «Чарнобыльскі шлях» пры наяўнасьці палітвязьняў у краіне як маральнае або амаральнае дзеяньне.

Памылка пятая: «Улада будзе ствараць „кішэнную“ апазыцыю і прапусьціць некалькіх дэмакратычных кандыдатаў»

Насамрэч: уладзе сёньня апазыцыя, нават «кішэнная», абсалютна непатрэбная. У адрозьненьне ад Расеі, якую хоць і параўноўваюць апошнім часам зь Беларусьсю, але дзе пабудаваная прынцыпова іншая сыстэма — г.зв. «кіраваная дэмакратыя», — у Беларусі прынцыповая адсутнасьць дэмакратыі ёсьць візытнай карткай усёй палітычнай сыстэмы. Адпаведна, дзеля захаваньня стабільнасьці такой сыстэмы рэжыму трэба дэманстраваць не дэмакратычнасьць, а наадварот — татальны кантроль.

Іншы чыньнік, які мог бы схіліць улады да гульні ў «парлямэнцкую апазыцыю», — дэманстрацыя «лібэралізацыі» Захаду, але сёньня гэта і блізка не стаіць на парадку дня. Асноўная ўвага міжнароднай супольнасьці — і гэта сапраўды справа найпершай важнасьці — сканцэнтраваная на вызваленьні палітычных вязьняў. І амаль неверагодна, каб справа пасунулася далей за гэтае пытаньне да 23 верасьня.

Вельмі хацелася б, каб гэтыя ды іншыя памылковыя сьцьверджаньні сапраўды былі выяўленыя і адкінутыя як мага хутчэй. У адваротным выпадку і без таго абмежаваныя рэсурсы і сілы дэмакратычнай супольнасьці будуць змарнаваныя на бясплённую пагоню за міражамі і ўзаемную варажнечу, а вынікам будзе толькі дэмаралізацыя грамадзтва і ўмацаваньне рэжыму.

Адзіны спосаб, якім можна ствараць свой уласны беларускі сцэнар, — гэта прыцягнуць на свой бок нашых пакуль пасіўных суайчыньнікаў, пашыраць падтрымку каштоўнасьцяў незалежнасьці Беларусі, свабоды і адкрытасьці вольнаму сьвету, дзяліцца сваімі ідэямі.

Партыя БНФ, прымаючы свае рашэньні пра фармат удзелу ў гэтай кампаніі, кіруецца шляхам выпрацоўкі стратэгіі і тактыкі з улікам перадусім нацыянальных інтарэсаў і ігнараваньня дробязнай каньюнктуры і інфармацыйнай мітусьні.

БЛОГ ВІТАЛЯ РЫМАШЭЎСКАГА

ДВУБОЙ НА ФОНЕ ВЫБАРАЎ