Двубой на фоне выбараў

Выбары — выпрабаваньне і выклік для палітычных сілаў краіны. Нават калі выбараў няма. У апошнім выпадку можа і асабліва.
Бо выбары – гэта rendez-vous палітыкаў з народам, якое, як той казаў, дае нечаканасьці.

Нават калі партыя, якая паводле вызначэньня – машына барацьбы за ўладу, ігнаруе «фарс» - гэта таксама выбар і дэманстрацыя. Значыць, спадзяецца на нешта іншае, мяркуе атрымаць уладу іншым шляхам і цікава якім.

Тым больш, калі палітычная сіла ўступае ў кампанію. У гэтым сэнсе байкот – гэта таксама ўдзел ў кампаніі ў шырокім сэнсе.

І ў гэтым – адрозьненьне палітыкаў ад безьлічы аналітыкаў і мысьляроў рознага гатунку і кшталту. Усе яны, а дакладней, усе мы – заўзятары, палітыкі – гульцы. І крытэр іх ацэнкі – не прыгажосьць і тонкасьць прагнозаў і асэнсаваньня, а лік. Неабавязкова лік выбараў (якіх і сапраўды няма), але практычны вынік, які можа ўбачыць і вымераць.

З гэтага дня Радыё Свабода пачынае на сваім вэб-сайце палітычную дуэль.

Раз на тыдзень да 23 верасьня ўдзельнік кампаніі па выбарах у палаты прадстаўнікоў Аляксей Янукевіч і ўдзельнік актыўнага байкоту Віталь Рымашэўскі будуць пісаць на сайце "Свабоды" блогі пра свой досьвед і свае ўражаньні ад гэтай палітычнай кампаніі.

Пасьля кожнага раўнду дуэлі Вы зможаце выказаць сваё меркаваньне – чые аргумэнты Вам падаліся больш пераканаўчымі. Таксама чакаем Вашых камэнтароў да блогаў дуэлянтаў.

Байкот. Блог Віталя Рымашэўскага


"Кампанія байкоту — гэта кампанія супрацьстаяньня. Наша галоўная мэта — аб’яднаць людзей у сумеснай барацьбе супраць дзейнага рэжыму. Тых, хто гатовы змагацца. Безумоўна, мы ня можам аб’яднаць тых, хто гэтага не жадае, хто спадзяецца на тое, што ўлада яго прылашчыць і пусьціць у парлямэнт. У Беларусі ёсьць сіла, здольная дамагчыся пераменаў — актывісты дэмакратычных палітычных партый, грамадзкіх аб’яднаньняў і простыя грамадзяне краіны, якія не падтрымліваюць уладу," — лічыць Віталь Рымашэўскі.


Удзел. Блог Аляксея Янукевіча


"Адзіны спосаб, якім можна ствараць свой уласны беларускі сцэнар, — гэта прыцягнуць на свой бок нашых пакуль пасіўных суайчыньнікаў, пашыраць падтрымку каштоўнасьцяў незалежнасьці Беларусі, свабоды і адкрытасьці вольнаму сьвету, дзяліцца сваімі ідэямі. Партыя БНФ, прымаючы свае рашэньні пра фармат удзелу ў гэтай кампаніі, кіруецца шляхам выпрацоўкі стратэгіі і тактыкі з улікам перадусім нацыянальных інтарэсаў і ігнараваньня дробязнай каньюнктуры і інфармацыйнай мітусьні" — лічыць Аляксей Янукевіч.



Аляксей Янукевіч (нарадзіўся 30 чэрвеня 1976 году ў Менску) — беларускі палітык і грамадзкі дзяяч, старшыня Партыі БНФ з 2009 году.

Беларус, каталік.

У 1997 годзе скончыў Беларускі дзяржаўны эканамічны ўнівэрсытэт па спэцыялізацыі «кіраваньне зьнешнеэканамічнай дзейнасьцю»; вучыўся ў асьпірантуры БДЭУ (2003—2004). Працаваў выкладчыкам ў Нацыянальным дзяржаўным гуманітарным ліцэі імя Якуба Коласа (2002—2003), намесьнікам генэральнага дырэктара сумеснага прадпрыемства «Аркадзія» (2004—2005).

З 1996 году — сябра Партыі БНФ. Быў дэлегатам устаноўчага сойму «Маладога Фронту» (1997), сябрам Цэнтральнай рады (1997—2000), намесьнікам старшыні (1999—2000), выконваў абавязкі старшыні МФ у часе, калі тагачасны кіраўнік арганізацыі Павал Севярынец быў зьняволены.

З 1999 году сябра Сойму Партыі БНФ, у 2004 годзе абраны намесьнікам старшыні Партыі. Вылучаўся кандыдатам у дэпутаты на выбарах у мясцовыя Саветы 2003 і 2007 гадоў, у Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь — у 2004 і 2008. Пад час прэзыдэнцкіх выбараў 2006 году быў даверанай асобай Аляксандра Мілінкевіча. У 2010 годзе кіраваў штабам кандыдата ў прэзыдэнты ад Партыі БНФ Рыгора Кастусёва.

У 2009 годзе быў абраны старшынём Партыі БНФ.

10 верасьня 2011 года, на чарговым зьезьдзе БНФ, быў ізноў перавыбраны старшынём Партыі БНФ.

Нежанаты.


Віталь Рымашэўскі (нарадзіўся 3 сакавіка 1975 году ў Бабруйску) — беларускі палітык і грамадзкі дзяяч, сустаршыня «Беларускай Хрысьціянскай Дэмакратыі».

Беларус, праваслаўны.

У 1997 годзе скончыў Беларускі нацыянальны тэхнічны ўнівэрсытэт (былы БДПА). Пасьля навучаньня працаваў па спэцыяльнасьці, затым пачаў займацца прыватным бізнэсам.

У 1999 годзе навучаўся ў Нямеччыне на курсах Вышэйшай школы дзяржаўнага кіраваньня ў інстытуце «Саюз грамадзкага кіраваньня».

З 1996 году — чалец Каардынацыйнай Рады «Беларускага аб’яднаньня маладых палітыкаў». У 2002—2004 гадах — чалец прэзыдыюму Беларускай нацыянальнай рады моладзевых і дзіцячых грамадзкіх арганізацыяў «Рада». Адзін з распрацоўшчыкаў канцэпцыі новай моладзевай палітыкі Беларусі.У 2010 годзе Віталь Рымашэўскі прымаў удзел у выбарах прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь, пасьля выбараў быў зьняволены, пазьней па абвінавачваньні ва «ўдзеле ў групавых дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак» быў асуджаны да 2 гадоў пазбаўленьня волі ўмоўна з папраўчым тэрмінам у 2 гады.

З 2005 году займаецца аднаўленьнем партыі «Беларуская Хрысьціянская Дэмакратыя». Сустаршыня аргкамітэту — з 2005, сустаршыня партыі — з сакавіка 2009.

Адзін з кіраўнікоў кампаніі «У абарону свабоды сумленьня і веравызнаньня у Беларусі».

Жанаты, мае дачку.