Дубавец: Сам час яе клікаў, і яна прыйшла

Майстроўня, 1981 год.

Прадмова Сяргея Дубаўца да кнігі "Майстроўня. Гісторыя аднаго цуду".
Гэтая гісторыя пачалася на Каляды напрыканцы 1980-га. Так безнадзейна пуста было на Цэнтральнай плошчы ў Менску, так халодна й цёмна, што раптоўны натоўп калядоўнікаў, які ўваліўся ў гэтую халодную цёмную пустату, выглядаў ці то дурным жартам, бо тады не жартавалі, ці то збоем у адзінстве часу й месца, ці то праўдзівым цудам. Беларуская ідэя, якую доўгія дзесяцігодзьдзі сапраўдныя патрыёты захоўвалі й сьпелілі ў падпольлі ды ва ўласнай душы, вырвалася на прастору жыцьця, каб захопліваць усё новых прыхільнікаў, аж пакуль іх не набярэцца досыць, каб у Беларусі сталася Беларусь.

Магчыма, гэта была маленькая рэвалюцыя, бо датуль нічога падобнага не здаралася. Але ў той рэвалюцыі не было ані наўпроставага пратэсту, ані супрацьстаяньня, ані разбурэньня. Было менавіта нараджэньне — станоўчае, заўзятае і не зусім усьвядомленае. Бо студэнты зь Беларускай Майстроўні, што выйшлі на Цэнтральную плошчу ў Менску, і не маглі да канца ўсьведамляць, ува што ўрэшце выльецца іхны чын. Эўфарыя перапаўняла іх сэрцы.

Акурат у пачатку 1980-х у розных гарадах зарадзілася ідэя сваіх майстроўняў, дзе таксама браліся за тое, каб выходзіць зь беларушчынай на вуліцы

Магчыма, гэта была кандэнсацыя высілкаў папярэдніх пакаленьняў, калі зь іхных мрояў, пакут і працы сабралася першая кропля, што зараз ператворыцца ў ручаіну, а ўрэшце — у паўнаводную раку. Падпольнае існаваньне нацыянальнай ідэі — фрагмэнтарнае, асяродкі ўзьнікаюць і зьнікаюць, нараджаюцца і занепадаюць або зьнішчаюцца ўладамі. А варта ідэі выйсьці з падпольля, як янапачынае «авалодваць масамі» і ператвараецца ў «матэрыяльную сілу».

Так ці інакш, Майстроўня стала першай грамадзкай арганізацыяй, а беларушчына разам з Майстроўняю — грамадзкай зьявай, ужо не элітарнай і не дысыдэнцкай, а адкрытай для ўсіх «людзей з вуліцы».

Гэтую гісторыю я хацеў назваць апокрыфам. Але ж і кананічнага расповеду пра той цуд на Каляды не існуе. Ніякай афіцыйнай вэрсіі папросту няма. Як няма ў нас увогуле афіцыйнай вэрсіі нараджэньня новае незалежнае Беларусі, быццам і насамрэч яна ўпала аднекуль зь неба. Быццам датуль ніхто пра яе ня мроіў, ніхто яе не набліжаў, ніхто не прысьвяціў ёй свайго жыцьця, а ўсё адбылося неяк само сабой, амаль выпадкова, «у выніку распаду СССР».

ШТО ВЫ РАБІЛІ НАПАЧАТКУ 1980-х?

Сапраўды,для многіх яно так і выглядае. І сярод гэтых многіх — сёньняшнія правіцелі Беларусі. А спытайцеся ў іх — што яны рабілі тады, напачатку 1980-х, калі ніякай незалежнай краіны яшчэ не было? Ці марылі яны пра яе, ці нешта рабілі для таго, каб яна такой стала, ці спрыялі тым, хто набліжаў яе нараджэньне? У большасьці выпадкаў адказ будзе — не. Як правіла, усё магчымае рабілі наадварот, каб яе не было. І толькі пасьля, калі гісторыя павярнулася іначай, ухапілі яе, пачалі славіць і самабытнасьць яе, і незалежнасьць, так і не зразумеўшы толкам, што гэта чыясьці мроеная і ўсяго жыцьця вартая Бацькаўшчына, а ня проста "кусок зямлі" .Зрэшты, у гэтай кнігі няма задачы некага дакараць ці з кімсьці змагацца. Задача большая — сабраць сьведчаньні.

Зразумела, што аўтарытарная сыстэма паралізуе волю людзей да ўдзелу ў тварэньні гісторыі. Але самая вялікая небясьпека для краіны і нацыі — менавіта ў адсутнасьці гісторыі, заплечча, агульнага разуменьня таго, адкуль мы прыйшлі, адкуль наша незалежнасьць і адкуль узяўся гэты самы аўтарытарызм.

чым цямнейшая была пустата, тым большая была роспач і тым буйнейшая была фантазія пра цуд і цудоўную перамену, пра збаўцу

Вось чаму я паклікаў вас у халодную цёмную пустату менскай Цэнтральнай плошчы на Каляды 1980 году, дзе адбыўся цуд — выхад беларускай ідэі з інтэлігенцкіх кабінэтаў і майстэрняў на вуліцу. Хто памятае, гэта быў беспрасьветны час брэжнеўскага застою. І нават самых заўзятых беларускіх патрыётаў не-не дый наведвала думка пра тое, што будучыні няма, настолькі ўсё схопленае цэмэнтам русіфікацыі, настолькі безаблічнае вакол насельніцтва і настолькі далёкае ад беларушчыны расьце маладое пакаленьне, што ўся надзея хіба што на цуд. Настрой быў як у Караткевіча ў рамане «Хрыстос прызямліўся ў Гародні». Роспач абуджала фантазію пісьменьніка. Роспач пустаты і адсутнасьці пераемнікаў. І чым цямнейшая была пустата, тым большая была роспач і тым буйнейшая была фантазія пра цуд і цудоўную перамену, пра збаўцу, ажно пра Хрыста, які прызямліцца ў Гародні:

«І ад жаху, голаду, сечаў і знакаў нябесных зразумела было: наступаюць апошнія часіны, сьмерць лютая людзтву і выміраньне. Тыя часіны, калі, можа, ня толькі на развод людзей не застанецца, але і аднаго, каб плакаць над трупамі. Тыя, калі застаецца толькі і спадзявацца, што на вышэйшы розум».

МАЙСТРОЎНЯ, ЯКАЯ ЎЗЬНІКЛА «З ПАВЕТРА»


Падобны настрой перажывалі тады многія творцы. І насуперак гэтаму працягвалі свой чын. Быццам думалі: што ж, калі толькі цуд можа зьмяніць сытуацыю, трэба рабіць цуд. І з патроеным натхненьнем пісалі свае карціны й раманы. Акурат на пачатак 1980 году прыпадае неверагодная па тым часе мастацкая выстава да юбілею Міколы Гусоўскага, якую Аляксей Марачкін назваў пераломнай. А ў кастрычніку таго ж году загінуў у аўтакатастрофе Машэраў, што кіраваў савецкай рэспублікай 15 гадоў. Магчыма, і ў гэтым здарэньні быў нейкі знак пераменаў?

Тым сьнежным кастрычніцкім днём я даслужваў сваё савецкае войска і стаяў у ачапленьні вакол Дому ўраду, куды людзі цягнуліся да труны незразумелага куміра, і ніякіх пераменаў не прадчуваў. Тады мы й блізка не спадзяваліся на нейкія перамены, што адбудуцца аб’ектыўна й рацыянальна. А ўсякі спадзеў зьвязвалі толькі з сабою. Што, зрэшты, характэрна для юначае філязофіі ўвогуле. Такім чынам, гаворка пойдзе пра цуд нараджэньня, пра Беларускую Майстроўню, пра тое, як яна ўзьнікла, нібыта з паветра, і як пасьля, быццам вусьце, падзялілася на мноства іншых ручаінаў і ўрэшце ператварылася ў цэлы нацыянальны рух.

А пакуль яны ўсё гэта рабілі, стала іх ужо ня пяць-дзесяць чалавек, а пяцьдзясят, а як на сьвяты дык і сотні зьбіраліся

За тры дзясяткі гадоў склалася традыцыя пачынаць расповеды пра яе так. Жылі сабе на філфаку БДУ студэнты Вінцук Вячорка і ягоныя сябры. І сустрэлі яны аднойчы Ларысу Сімаковіч, маладую кампазытарку, і пачалі сьпяваць абрадавыя песьні ў ейнай апрацоўцы. І з гэтымі песьнямі пайшлі на вуліцу. Да іх далучыліся студэнты-мастакі з Тэатральна-мастацкага інстытуту, а потым і зь іншых навучальных установаў далучацца сталі. Упершыню ў Беларусі на гарадзкі брук прыйшлі Каляды, Гуканьне Вясны, Купальле. І ладзіліся яны самахоць, без афіцыйнага кіраўніцтва. Паміж сьпевамі майстроўцы гралі народную драму «Цар Максімілян», а яшчэ лекцыі ўсякія арганізоўвалі з гісторыі і культуры, на раскопкі археалягічныя выбіраліся і проста ў вандроўкі па родным краі, а тады ў розных іншых установах пачалі выступаць, а тады па кватэрах сталі хадзіць і бацькоў агітаваць, каб аддавалі дзяцей у беларускія садкі ды школы...

А пакуль яны ўсё гэта рабілі, стала іх ужо ня пяць-дзесяць чалавек, а пяцьдзясят, а як на сьвяты дык і сотні зьбіраліся. Усё ў гэтай гісторыі праўда. Але гісторыя была б няпоўная, калі б мы не ўлічылі, што гэта была гісторыя нараджэньня цуду, а ня проста нейкай там суполкі ці арганізацыі. Дык вось. Рэч у тым, што Вінцук зь сябрамі стаў правадніком таго агульнага зрушэньня, якое ў той час няяўна адбывалася ў паветры і ў душах па ўсёй Беларусі. Акурат у пачатку 1980-х у розных гарадах зарадзілася ідэя сваіх майстроўняў, дзе таксама браліся за тое, каб выходзіць зь беларушчынай на вуліцы.Інакш кажучы, калі б так склалася і не нарадзілася Майстроўня на філфаку, дык яна ўсё адно нарадзілася б у іншым месцы.

Сам час яе клікаў, і яна прыйшла.

ЧЫТАЙЦЕ, ПАМПУЙЦЕ