Затрымалі актывіста абароны Ўручча

Your browser doesn’t support HTML5

Леанід Мажальскі пра сваё затрыманьне

Леанід Мажальскі з жонкай былі дастаўлены ў гарадзкі аддзел міліцыі Першамайскага раёну.
17:15 Намесьніца старшыні раённага суду Алена Ананіч прызначыла суд над Леанідам Мажальскім на 17 ліпеня.

Леаніду Мажальскаму выставілі тры абвінавачаньні. Першае — за тое, што ён 4 ліпеня разам зь іншымі жыхарамі перашкаджаў правядзеньню будаўнічых прац. Другое — што ўвечары таго ж дня арганізаваў быццам бы незаконны сход жыхароў Уручча, дзе людзі казалі пра дзяжурствы каля будаўнічай пляцоўкі. Трэцяе — за абразу супрацоўніка будаўнічай арганізацыі.

Мажальскі: «Гэтая справа, мусіць, была сфабрыкаваная яшчэ раней. Яны ня ведалі, як мяне адусунуць ад пратэстаў супраць ушчыльненьня. Думаю, яны доўга рыхтаваліся, бо ня ведалі, як усё аформіць дакумэнтальна».

16:40 Леаніда Мажальскага павезьлі ў суд Першамайскага раёну Менску.

14:50 Зь лякарні Мажальскага зноў павезьлі ў аддзяленьне міліцыі

12:30 Зь міліцыі Леаніда Мажальскага прывезлі ў шпіталь.

Яшчэ на месцы будаўнічых работ, ва Уруччы, яму стала блага, аднак міліцыя не дачакалася хуткай дапамогі і адвезла яго ў аддзяленьне.

У Леаніда Мажальскага раптоўна падняўся ціск. Цяпер яго абсьледуюць у шпіталі пад наглядам міліцыі. Пра гэта Радыё Свабода расказала жонка актывіста, якая знаходзіцца побач з ім.

На Леаніда Мажальскага склалі пратакол. Яго вінаваціць ў тым, што той перашкаджаў будаўнічым работам і супраціўляўся міліцыі.

Раніцай 5 ліпеня жыхары Ўручча назіралі за будаўнікамі, якія ўсталёўвалі агароджу і іншы рыштунак. Прыехала міліцыя. Леаніда Мажальскага з жонкай затрымалі і завезьлі ў аддзел.

4 ліпеня ў зялёнай зоне ва Ўруччы пачалі агароджваць будаўнічую пляцоўку пад будучы дом для супрацоўнікаў спэцназу міліцыі. Чыноўнікі зацьвердзілі будаўніцтва гэтага дома насуперак пазыцыі мясцовых жыхароў.