У кожнай пары году і чалавечага жыцьця свае кветкі. Спачатку час курасьлепу з сон-травою, пасьля язьміну з шыпшынаю і ўжо перад замаразкамі — валадарства вяргіняў ды бабінага лета. Кветкі ня толькі аздабляюць нашае існаваньне, яны здатныя ўплываць на яго ход. Пра тое — у творах прыгожага пісьменства.
Уладзіслаў Рубанаў. Белая ружа. Апавяданьне з кнігі «Дзяўчына з начной кавярні»
Менск, «Юнацтва», 1994Учарашняя вясковая школьніца, а цяпер студэнтка тэхнікума ня можа нарадавацца на букет белых ружаў, што падарыў ёй каханы: «Хіба ў вёсцы падараваў бы мне іх хто- небудзь? Г...на лапаце...». Самаўпэўненая дачка простых калгасьнікаў змалку імкнецца да шыкоўнага жыцьця. А патрапіўшы ў горад бачыць — людзьмі кіруе разьлік, выгада. Несумленнасьць і заганы не ўтойваюць — імі ганарацца. Дзяўчо спрабуе не адстаць, баючыся падацца несучаснай. Але гарадзкі шык і дабрабыт не для яе. Каставая сыстэма існуе ня толькі ў Індыі, а і ў краіне разьвітага сацыялізму. Сям’і пракурора не патрэбна нявестка з вёскі, бяз грошай і вышэйшай адукацыі. А ёй самой не патрэбна незайздросная доля адзінокай маткі. Гэта гісторыя ня столькі няўдалага каханьня, колькі спробы забойства ўласнага немаўляці, у сучасным стылі падобным больш да эпізодаў крымінальнае хронікі на НТВ, чым да згрызотаў героя Дастаеўскага. Чалавек, скалечыўшы трох невінаватых, з усьмешкаю кажа ў тэле на ўсю краіну: «Самі справакавалі.» Вось і тут пасьля словаў — я нічым сябе не апраўдаю, чуецца: «Я ў няволі. У вагоне са мною здаровыя грубыя цёткі, і я сярод іх, як кветачка, як белая ружа...За што мяне так пакараў бог. Я нікому не зрабіла ніякай брыдоты...»
Тое, што каханы за ёй па этапе не пойдзе, тлумачыць ня варта. Ён хуценька ажэніцца з іншай, з кватэрай і адукацыяй.
Марыя Філіповіч. Водар рамонкавага лугу. Апавяданьне з кнігі «Клетка для каханай»
Менск, «Мастацкая літаратура», 1995Яны сустрэліся сярод скошанага рамонкавага лугу ўжо тады надта розныя між сабою асобы. Ларыса толькі скончыла школу, марыла з’ехаць з вёскі і паступіць на фізфак. Кастусь першае лета працаваў на трактары. Яна перакананая, што здатная на многае. А ўсе няшчасьці ў жыцьці — ад разрыву між жаданым і магчымым. Ён сьцьвярджае, што марыць няшкодна, але вялікім кавалкам і падавіцца можна. Так пачалося першае каханьне, якое ператварылася ў спрэчку, расьцягнутую на гады.
Праз дзесяцігодзьдзе яны выпадкова стрэнуцца. Ларыса замест вучонай дамы стала афіцэрскаю жонкай, але па-ранейшаму паглядае на іншых паблажліва. Кастусь пасьля войска, вучобы ў тэхнікуме і працы мэханікам пераканаўся — яму наканавана быць шафёрам і нікім іншым. Гаркавы пах рамонкаў дорыць яму рамантычныя ўспаміны. Ёй жа нязручна трымаць букет, а рамонкавы водар праз парфуму не адчуваецца...
Янка Брыль. Цьвіце чарэшня. Апавяданьне з кнігі «Ад сяўбы да жніва»
Менск, «Мастацкая літаратура», 1987Кранальная замалёўка-роздум пра тое, як з дробязных імгненьняў тчэцца палатно чалавечага веку, адкуль з’яўляецца натхненьне творцы. Пад час экскурсіі ў дом-музэй Лермантава аўтар бачыць цьвет чарэшні ў сонцы поўдня, яму хочацца верыць, што гэта тая самая, пра якую Лермантаў напісаў:
«Галіны квітнеючых чарэшань глядзяць мне ў вокны, і вецер засыпае часамі мой пісьмовы стол іх белымі пялёсткамі». Еднасьць душы, адчутая праз стагодзьдзі. У апошніх радках апавяданьня Янка Брыль ужо з замілаваньнем зазначае, што не была б яго першая каўказская вясна такой прывольнай, не прымушала б так глыбока задумвацца, каб не героі твораў Лермантава і каб не старая чарэшня, «сьціплая і вельмі патрэбная, з пяшчотнымі белымі кветкамі».
Прыемна было чытаць гэтыя радкі і між радкоў.
Алена Пушчына. Каханьне і мальвы.З кнігі «Жанчыны выходзяць з-пад кантролю. Беларускае жаночае апавяданьне»
Менск, выдавец І. П.Логвінаў, 2007Гэтая захапляльная мэлядрама з нечаканым заканчэньнем пераносіць нас у Заходнюю Беларусь, невялічкае мястэчка на мяжы з Латвіяй. Марыліна каханьне пачалося са знаёмства з маладым афіцэрам Віктарам у садзе пасярод гонкіх мальваў. Дрэнна толькі, што супала яно з пачаткам Другой сусьветнай. Вясельны вазочак, у якім ехалі маладыя пасьля шлюбу, таксама быў размаляваны ў мальвы. Але жаніх быў іншы, не Віктар, а Ян. Згоду на шлюб Марыля дала, ратуючыся ад высылкі ў Нямеччыну. Аматараў «Палескае хронікі» ды жаласных вясельных сьпеваў папрашу супакоіцца — у жыцьці бываюць і іншыя сюжэты. Хто сказаў, што шчасьлівае каханьне толькі адно?
Анатоль Бароўскі. Каліна пад акном. Аповесьці, апавяданьні
Менск, «Мастацкая літаратура», 1987Стары Яўцей чакае і не можа дачакацца дачку Насьцю, што жыве далёка і працуе доктарам. Яшчэ больш вярэдзіць душу, нагадвае пра дачку рэдкі гатунак каліны, каторы дачка пасадзіла пад вакном, каб лекаваць бацькава сэрца, і які закрасаваў белым цьветам напаказ усёй вуліцы.
«Што, Яўцей, павывучваў дзяцей, парассылаў па ўсім сьвеце...Бач, у прахвэсары падаліся, думалі, што грошы лапатай грабці будуць, а дзе яны тыя грошы?» — імкнецца ўкалоць брат Павал і пераканаць, нібы Насьця забылася і на бацьку, і на каліну.
А Яўцей усё роўна не губляе надзеі на прыезд дзяцей і ўнукаў. І не дарэмна, брат яшчэ пашкадуе пра свае словы, бо Насьця хоць і «падалася ў прахвэсары», але ўсё памятае. І бацьку, і каліну пад родным вакном.