Скэнлан: Блаславі Бог Амэрыку! Жыве Беларусь!

4 ліпеня 1776 году Другі Кантынэнтальны кангрэс, які прадстаўляў 13 брытанскіх калёній на ўсходнім ўзьбярэжжы Паўночнай Амэрыкі ўхваліў Дэклярацыю аб незалежнасьці ад брытанскай кароны.
У гэты час ужо два гады каляністы вялі вайну за незалежнасьць ад Велікабрытаніі. Дэклярацыю аб незалежнасьці падрыхтаваў «Камітэт пяці» на чале з Томасам Джэферсанам, які потым стаў трэцім прэзыдэнтам краіны.

Сёлета на ўрачыстым прыёме ў пасольстве ЗША ў Менску, зладжаным у гонар Дня незалежнасьці, выступіў часовы павераны ў справах ЗША ў Беларусі Майкл Скэнлан.

Скэнлан: «Гісторыя Амэрыкі - гэта ў
пэўнай ступені гісторыя эмігрантаў у пошуках лепшай будучыні. Такія беларусы, як Тадэвуш Касьцюшка, Дэвід Сарноф, Барыс Кіт, з іх прагай пераменаў, дапамагалі будаваць маю краіну.

Беларускую і амэрыканскую гісторыю таксама аб'ядноўваюць агульныя каштоўнасьці. Напрыклад, Беларусь была сярод першых у спрыяньні рэлігійнай свабодзе, што было выключнай справай для Эўропы XVI стагодзьдзя. Статут Вялікага Княства Літоўскага быў істотна важным для вяршэнства права, а Магдэбурскае права давала грамадзянам магчымасьць самастойна кіраваць сваімі гарадамі.

У студзені мы адзначылі 20-ю гадавіну заснаваньня амэрыканскай амбасады ў Мінску. У нашых двухбаковых стасунках былі і пад'ёмы, і спады. Але Злучаныя Штаты заўсёды імкнуліся будаваць адносіны, грунтуючыся на агульных каштоўнасьцях, якія ў сваім, без сумневу, эўрапейскім мінулым падзяляла Беларусь.

У 2010 годзе мы спадзяваліся, што Беларусь паступова вяртаецца да гэтых каштоўнасьцяў. Напрыклад, у сьнежні беларускі ўрад прызнаў у сумеснай заяве са Злучанымі Штатамі, што "большая павага дэмакратыі і правоў чалавека ў Беларусі … жыцьцёва важная для разьвіцьця краіны і яе грамадзянаў".

У 2010 годзе мы таксама бачылі прыкметы лібэралізацыі, уключна з больш адкрытай, па меншай меры напачатку, прэзыдэнцкай кампаніяй. Аднак рэпрэсіі пасьля выбараў, якія дагэтуль не спыніліся, разьбілі гэтыя надзеі. На жаль, некаторыя нашы госьці не змаглі да нас далучыцца, таму што несправядліва зьняволеныя.

Спадзяюся, што Беларусь вернецца да агульных каштоўнасьцяў, якія падзяляла ў сваім годным мінулым. Сёньня гэтыя прынцыпы ўвасобленыя ў дэмакратыі, свабодным рынку, актыўнай грамадзянскай супольнасьці і такіх асноўных правах, як свабода сходаў і прэсы.

У хуткім часе я пакідаю Беларусь. У мяне назаўсёды застанецца добры ўспамін аб вашай краіне. Сотні беларусаў, з якімі я пазнаёміўся, – відавочны прыклад вашага бязьмернага таленту. Я шчыра спадзяюся, што прыйдзе час, калі ў Беларусі сыстэма зьменіцца і гэты талент будзе ацэнены і скарыстаны.

Шчыры вам дзякуй, сябры! Дазвольце мне прапанаваць тост за незалежнасьць Амэрыкі і за свабоду Беларусі. Блаславі Бог Амэрыку! Жыве Беларусь!»

Злучаныя Штаты жорстка адстойвалі і адстойваюць сувэрэнітэт Беларусі, ў тым ліку і ў дыялёгу са сваімі расейскімі партнэрамі. Магчыма, маючы на ўвазе менавіта гэта, Аляксандар Лукашэнка заявіў у сьнежні 2010 году ў размове амэрыканскімі аналітыкамі, што «Беларусь зацікаўленая ў амэрыканскай прысутнасьці на постсавецкай прасторы».

Разам з тым, Злучаныя Штаты, як ніякая іншая краіна, пасьлядоўна выступаюць ў абарону дэмакратыі і правоў чалавека ў Беларусі. «Акт аб дэмакратыі для Беларусі», прыняты Кангрэсам, ставіць стасункі з афіцыйным Менскам у залежнасьць ад прыхільнасьці Беларусі фундамэнтальным прынцыпам свабоды. Эканамічныя санкцыі, ўведзеныя адносна Беларусі ў лістападзе 2007 году з прычыны наяўнасьці ў Беларусі палітвязьняў, мелі наступствам востры дыпляматычны канфлікт, які выліўся ў фактычнае выдаленьне з Беларусі пасла ЗША і штучнае абмежаваньне пэрсаналу пасольства. Аднак у 2008 годзе ўсе палітвязьні былі вызваленыя.

Нягледзячы на халодныя палітычныя стасункі, паміж краінамі разьвіваюцца эканамічнае і культурнае супрацоўніцтва. Летась таваразварот паміж Беларусьсю і ЗША складаў 642 мільёны даляраў. ЗША аказваюць Беларусі фінансавую дапамогу ў такіх галінах, як ахова здароўя, адукацыя і барацьба з транснацыянальнай злачыннасьцю, аднак найбольшая частка дапамогі прыпадае на праграмы разьвіцьця дэмакраты і абарону правоў чалавека.