Алесін: «З гэтых кітайскіх пазадарожнікаў можна пасьмяяцца»

3 ліпеня Аляксандр Лукашэнка заявіў, што беларускае войска адпавядае сучасным выклікам. Ці зьяўляецца на ўзбраеньні беларускага войска тэхніка, якая адпавядае сучасным патрабаваньням?
У вайсковым парадзе, які адбыўся ў Менску 3 ліпеня, упершыню былі прадэманстраваныя браніраваныя кітайскія пазадарожнікі і расейскія ракеты «Тор-М2», якія нядаўна паствілі на ўзбраеньне беларускага войска.

Незалежны вайсковы аглядальнік Аляксандар Алесін па-рознаму ацаніў навінкі:

Аляксандар Алесін

«З гэтых кітайскіх пазадарожнікаў можна пасьмяяцца, бо Беларусь у свой час паставіла дакумэнтацыю для вытворчасьці ракетных цягачоў Кітаю. Там быў пабудаваны адмысловы завод, і нядаўна яны стварылі васьмівосевую машыну, якая прызначаная для комплексаў кітайскіх стратэгічных ракет. А яны нам ў знак удзячнасьці паставілі пазадарожнікі зь лёгкай бранёй для разьведгрупаў і сілаў спэцапэрацый. Мяркую, тут больш сымболікі, чым практычнага сэнсу. Яшчэ і таму, што хутка на плошчах 124-га рамонтнага заводу, які належыць заводу колавых цягачоў, будзе разгорнутая вытворчасьць расейскіх лёгкабраніраваных аўтамабіляў „Воўк“ і „Тыгр“. Менавіта гэтыя аўтамабілі, паводле маіх зьвестак, будуць пакрываць патрэбы беларускага войска ў такой тэхніцы».

Расейскія ракеты «Тор-М2» прызначаныя для зьнішчэньня паветраных цэляў на блізкіх адлегласьцях. На парадзе было абвешчана, што гэта сучасная і вельмі патрэбная зброя была пастаўленая Беларусі расейцамі. У тым, што «Торы» сапраўды патрэбныя беларускаму войску, Аляксандр Алесін пагадзіўся:

«Гэта, канечне, тэхніка вельмі высокага клясу. Такія ракеты ня маюць аналягаў у сыстэмах сродкаў супроць паветранай абароны. Бо гэтая сыстэма здольная зьбіць нават бомбу, што планіруе зьверху, ня кажучы ўжо пра крылатыя ракеты ці верталёты. Звычайна гэтыя сыстэмы прызначаны для абароны важных аб’ектаў. Расейцы імі прыкрываюць ракеты С-400. Досьвед баёў у Сэрбіі й Іраку паказаў, што калі не прыкрыць сродкі СПА дальняй адлегласьці сродкамі блізкай адлегласьці кшталту „Тор“, то гарантавана агульная параза. Таму экспэрты кажуць, што пастаўкі „Тор-М2“ Беларусі папярэднічаюць пастаўкам сюды ракетных комплексаў С-400».

Вайсковая тэхніка пакідае Менск пасьля параду



Ці моцны ўдар беларускаму бюджэту наносяць такія пастаўкі? Аляксандр Алесін заўважае, што Расея прадае Беларусі зброю паводле сабекошту як сябру АДКБ, таму звышвялікіх стратаў бюджэт краіны аднаразова не нясе.

Але агульныя страты на ўзбраеньне і абслугоўваньне тэхнікі застаюцца вялікімі і ва ўмовах абвастрэньня эканамічных праблем усё больш адчувальныя. Аглядальнік згадаў словы Аляксандра Лукашэнкі, які абяцаў падвышэньне заробкаў беларускіх афіцэраў да расейскага узроўню, але гэтая мэта застаецца на паперы. Мадэрнізацыя старой савецкай тэхнікі, якая ўласьцівая Беларусі, можа сьцішыць адставаньне войска ва ўзбраеньні, але не спыніць яго цалкам, мяркуе Аляксандар Алесін.
З дарагой авіяцыйнай тэхнікі нічога не купляем.

У якасьці прыкладу аглядальнік прывёў гісторыю з партыяй самалётаў СУ-30, якія праходзяць мадэрнізацыю ў Баранавічах. Гэтыя самалёты Індыя вярнула Расеі, і Беларусь разьлічвала набыць іх зь вялікай зьніжкай, але ўмяшаўся Віетнам:

«З дарагой авіяцыйнай тэхнікі нічога не купляем. Вось разьлічвалі на гэтыя СУ-30, якія належалі Індыі, але падобна на тое, што Віетнам нам гэтую пастаўку перабіў. Мы ня можам заплаціць нават 230 мільёнаў даляраў за гэтыя 18 старых самалётаў, і верагодна, яны апынуцца ў Віетнаме. Днямі віетнамская дэлегацыя пабывала ў Беларусі і, паводле некаторых крыніц, яны былі ў Баранавічах на рамонтным заводзе і аглядалі якраз гэтыя самалёты. Падобна на тое, што яны не дастануцца беларускім лётчыкам. У нас проста няма грошай».