Аун Сан Су Чжы: Не адмаўляйцеся ад барацьбы!

Аун Сан Су Джы і Сугайр Бэльхасэн

27 чэрвеня Аун Сан Су Чжы ўпершыню наведала Эўропу з афіцыйным візытам пасьля свайго вызваленьня з-пад хатняга арышту. Легендарная бірманская актывістка змагалася за свабодныя выбары ў сваёй краіне і правяла 15 з 20 апошніх гадоў пад хатнім арыштам.

У Парыжы Аун Сан Су Чжы выказала ўдзячнасьць і падтрымку ўсім тым, хто змагаецца за вызваленьне палітычных зьняволеных у сваіх краінах і заявіла:

«Вязьні сумленьня ўсяго сьвету, я б хацела сказаць: Ніколі не адступайцеся ад сваіх прынцыпаў! Павага да чалавецтва пачынаецца з павагі да саміх сябе. Маё пасланьне вам вельмі простае: калі вы паважаеце саміх сябе – не адмаўляйцеся ад сваёй барацьбы.

І ня думайце, што вы адныя. Часта ў Бірме нам здавалася, што мы самі па сабе. Але наколькі мы памыляліся, я зразумела толькі падчас гэтай паездкі па Эўропе.

Я шчасьлівая, што менавіта туніская праваабаронца арганізавала гэтую сустрэчу. Я была зьдзіўленая, калі даведалася, што людзі ў Афрыцы, у арабскіх краінах, на Блізкім Усходзе, выказвалі нам сваю салідарнасьць, маліліся за нас, жадалі нам посьпеху. Гэта было адкрыцьцём, я думала, што мы так далёкія ад усіх…

Хтосьці тут згадаў слова «цуд». Мне ўзгадаліся словы аднаго афіцэра, які змагаўся на баку саюзьнікаў у Бірме падчас Другой сусьветнай вайны: «Немагчымае мы робім кожны дзень. А вось на цуд трэба крыху больш часу».

Аун Сан Су Чжы сустрэлася з Сугайр Бэльхасэн, прэзыдэнткай Міжнароднай Фэдэрацыі за правы чалавека (FIDH). Бэльхасэн адзначыла тое, якім сымбалем зьяўляецца гэтая сустрэча для ўсіх тых, хто верыў у бірманскую актывістку, нягледзячы на 15 гадоў ізаляцыі і рэпрэсіяў.

Сваю прамову Сугайр Бэльхасэн скончыла заклікам не забываць пра тых, хто па-ранейшаму знаходзіцца ў зьняволеньні ва ўсім сьвеце праз сваю праваабарончую ці апазыцыйную дзейнасьць. Яна паказала на надзетую на ёй футболку з партрэтам Алеся Бяляцкага і адзначыла, што ў сьвеце таксама ёсьць сотні палітычных вязьняў, пра якіх нават проста ня чулі.