Расея занепакоеная ростам экспарту растваральнікаў зь Беларусі

Сяргей Шаталаў

Расея занепакоеная значным ростам экспарту хімічных тавараў зь Беларусі і асьцерагаецца, што пад гэтым прыкрыцьцём экспартуюцца нафтапрадукты.
Цяпер расейскі бок прымае меры па высьвятленьні сытуацыі, паведаміў намесьнік міністра фінансаў Расеі Сяргей Шаталаў на падатковай канфэрэнцыі, арганізаванай Асацыяцыяй эўрапейскага бізнэсу.

«Мы сутыкнуліся з тым, што зь Беларусі ў некалькі разоў вырас на зьнешні рынак экспарт арганічных растваральнікаў. Мы баімося, што гэты тавар — прыкрыцьцё, ня выключана, што пад выглядам растваральнікаў экспартуюцца нафтапрадукты», — цытуе Шаталава Інтэрфакс.

Намесьнік міністра адзначыў, што Расея спрабуе прыняць меры ў сувязі з гэтай сытуацыяй: «Будзем дамаўляцца зь Беларусьсю».

Ён патлумачыў, што Мытны саюз «спарадзіў» шэраг праблемаў, бо «адсутнічае экспарт з адной дзяржавы ў другую, таму немагчыма спаганяць, у прыватнасьці, экспартнае мыта на нафту і нафтапрадукты».

Па словах Шаталава, з-за гэтага расійскі бюджэт страчвае сур’ёзныя прыбыткі, «гаворка ідзе пра многія мільярды даляраў».

Аднак, адзначыў ён, існуе кампэнсацыйны мэханізм, які прадугледжвае, што Беларусь пры экспарце нафты і нафтапрадуктаў са сваёй тэрыторыі спаганяе экспартнае мыта паводле расейскіх ставак і пералічвае яго ў расейскі бюджэт. «Гэта часткова павінна кампэнсаваць нашы страты», — сказаў С. Шаталаў, адзначыўшы ў той жа час, што ў сувязі з гэтым рэзкі рост экспарту арганічных растваральнікаў насьцярожвае.

***

Выказваньні Шаталава камэнтуе эканаміст Сяргей Чалы:

«Гэта ўсё было ведама загадзя. Таму што гэта было прапісана ва ўмовах стварэньня Адзінай эканамічнай прасторы і Мытнага зьвязу. Проста Беларусь доўга не магла гэтага ад Расеі атрымаць. А цяпер атрымала. І што? Прайшло пару месяцаў, а Масква ўжо пачала лічыць, што ім гэтае аб’яднаньне дорага каштуе?!

Праз пару месяцаў высьвятляецца — ах, мы страчваем грошы. Вядома ж, страчваеце. Гэтаксама, як страчваеце, калі прадаюць нафту ўнутры Расеі і не прадаюць яе на экспарт. То бок калі Масква хоча разглядаць продаж сваіх тавараў у Беларусь як расейскі экспарт, то тады гэта не Адзіная эканамічная прастора і ня Мытны зьвяз».