«Прайдзісьвет» абраў найлепшых перакладчыкаў

Your browser doesn’t support HTML5

«Прайдзісьвет» абраў найлепшых перакладчыкаў

Імі сталі Алеся Башарымава, Марыя Мартысевіч і Антон Францішак Брыль.
27 чэрвеня адбылася ўрачыстая цырымонія ўзнагароджаньня пераможцаў прэміі часопіса перакладной літаратуры «ПрайдзіСьвет».

Алесю Башарымаву адзначылі за пераклад аповесьці-казкі «Капялюш чарадзея» швэдзкага аўтара Тувэ Янсан. Марыю Мартысевіч — за пераклады вершаў розных аўтараў у кнізе «Амбасада» і падборку перакладаў зь Веніяміна Блажэннага «Нябожчыкі дамовіліся маўчаць» у часопісе «Прайдзісьвет». Антон Францішак Брыль перамог у намінацыі «ПрайдзіСьвет» з перакладам паэзіі з польскай і лаціны (Францішак Дыянізі Князьнін, Юльян Урсын Нямцэвіч, Антоні Эдвард Адынец, Гай Валеры Катул).

«Пераклады замежных аўтараў на беларускую мову магчымыя, дзякуючы толькі падтрымцы краінаў, зь якіх паходзяць літаратары, – расказала Свабодзе Марыя Мартысевіч. – Краіны зацікаўленыя ў іміджы, які стварае іх літаратура ў іншых краінах. Выдаўцы ня вельмі хочуць выдаваць такую літаратуру за свой кошт: перакладная літаратура нідзе не акупаецца. Гэта напалову асьветніцкая дзейнасьць. Што да беларускай літаратуры ў сьвеце, то яе няма. Гатовы пераклад на польскую мову Караткевіча. Перакладчыца напісала ў Міністэрства культуры, адкуль ёй адказалі, што «мы паставілі помнік Караткевічу ў Кіеве. У нас больш няма грошаў. Прабачце». На жаль, беларускі пераклад ні кім не падтрымліваецца».

Дэклямуе намінантка Анка Ўпала


Прэмію за найлепшы пераклад заснавалі ў 2010 годзе інтэрнэт-часопіс «ПрайдзіСьвет» і беларускі ПЭН-цэнтар. Сёлета ў склад журы ўвайшлі:

перакладчыца і выкладчыца Марына Казлоўская

перакладчыца і сябра рады часопіса «ПрайдзіСьвет» Кацярына Маціеўская

рэдактар часопіса «Дзеяслоў» і старшыня СБП Барыс Пятровіч

перакладчык і выкладчык Сяргей Сматрычэнка

кандыдат філялягічных навук і літаратуразнаўца Аляксандар Фядута

паэт, перакладчык і старшыня Беларускага ПЭН-Цэнтру Андрэй Хадановіч

перакладчыца і сябра рады часопіса «ПрайдзіСьвет» Ганна Янкута.