Саюз палякаў зьвяртаецца да беларускіх уладаў і міжнароднай супольнасьці

Андрэй Пачобут

На паседжаньні 25 чэрвеня сябры праўленьня аднагалосна прагаласавалі за зварот да ўладаў Беларусі з патрабаваньнем вызваліць з турмы Андрэя Пачобута, журналіста і кіраўніка Галоўнай рады непрызнаванага беларускімі ўладамі Саюза палякаў, і прыпыніць перасьлед у дачыненьні да яго.
Паводле старшыні непрызнаванага беларускімі ўладамі Саюзу палякаў Анжалікі Арэхвы, сябры арганізацыі ў сваім пасланьні зьвяртаюцца і да міжнароднай супольнасьці з просьбай аказаць уплыў на кіраўніцтва Беларусі, каб вызваліць Андрэя Пачобута з турмы.

Андрэя Пачобута арыштавалі 21 чэрвеня ў ягонай кватэры, супраць яго завялі крымінальную справу і вінавацяць паводле крымінальнага артыкула 367, частка 2 — «Паклёп у адносінах да прэзыдэнта, які ўтрымліваецца ў публічным выступе, альбо ў друкаваным ці публічна дэманстраваным творы, альбо ў СМІ, учынены асобай, якая раней была асуджана за паклёп альбо зьнявагу».

Паводле Крымінальнага кодэксу, журналіста могуць пакараць абмежаваньнем волі на тэрмін да 5 гадоў альбо пазбаўленьнем волі на такі ж тэрмін.

5 ліпеня 2011 году Ленінскі суд Горадні вынес рашэньне, згодна зь якім Пачобут быў апраўданы паводле часткі 1 артыкула 368 Крымінальнага кодэксу (абраза прэзыдэнта Беларусі), але прызнаны вінаватым паводле часткі 1 артыкула 367 Крымінальнага кодэксу (паклёп на прэзыдэнта).