Крымінал на беларускім каліі

Бліжэйшым часам у Беларусі можна чакаць некалькі гучных справаў, зьвязаных з продажам калійных угнаеньняў за межы краіны.
Пра гэта сёньня заявіў першы віцэ-прэм’ер ураду Ўладзімер Сямашка, выступаючы на сумесным паседжаньні дэпутатаў абедзьвюх палат Нацыянальнага сходу. Ён таксама паведаміў, што ад чэрвеня Беларусь адмовілася ад паставак вэнэсуэльскай нафты.

Уладзімер Сямашка назваў наступныя лічбы: на міжнародным рынку цана адной тоны калійных угнаеньняў — 450 даляраў. А беларускія калгасы купляюць тую ж тону за 16–18 даляраў. У сувязі з гэтым, сказаў першы віцэ-прэм’ер, і ўзьнікае вялікая спакуса перапрадаць угнаеньне ў Расею альбо Ўкраіну. Нават калі ўзяць за тону 350 даляраў, то зразумела, якія тут велізарныя прыбыткі. І некалькі такіх справаў ужо расьсьледуюцца адпаведнымі органамі.

Незалежны экспэрт Міхась Залескі так камэнтуе гэтае паведамленьне:

Міхась Залескі

«Адным словам, дакувыркаліся. Але ж гэтага і трэба было чакаць. Таму што ў нас сельская гаспадарка працуе ў абсалютна штучных умовах. І гэтыя калійныя паказьнікі надзвычай характэрныя. Гэтыя крымінальныя справы, па сутнасьці, — дробязь у параўнаньні з тым, што дзяржава ўкладае ў неэфэктыўную сельскую гаспадарку. Ну, няхай вывезьлі на мільён даляраў. Але ж страчваем на мільярды на сельскай гаспадарцы».

Эканаміст Леў Марголін адзначае, што беларуская дзяржава ўжо доўгі час замест таго, каб мадэрнізаваць аграрны комплекс, кідае ў яго бясконцую масу грошай:

Леў Марголін

«У гэтым выпадку дзяржава датуе сельскую гаспадарку. І гэта ж ня толькі ўгнаеньні. Датуюць і нафтапрадукты, і насеньне, і яшчэ шмат чаго. А што тычыцца спакусы, дык тут можна пагадзіцца са спадаром Сямашкам».

Першы віцэ-прэм’ер таксама паведаміў, што з чэрвеня гэтага году Беларусь адмаўляецца ад нафты з Вэнэсуэлы:

«У гэтым ужо няма неабходнасьці. Але я хачу сказаць, што ў свой час сяброўская дапамога з Вэнэсуэлы нам вельмі дапамагла. Калі б мы цягам 2010–2012 гадоў не атрымлівалі нафты з Вэнэсуэлы, я ўпэўнены, што мы ніколі не падпісалі б такога выгаднага для сябе нафтавага пагадненьня, якое мы падпісалі летась з Расейскай Фэдэрацыяй».

Міхась Залескі ставіць пад сумнеў словы Ўладзімера Сямашкі пра ціск на Маскву праз нафту з Каракасу:

«Таму што ўся гэта афёра з вэнэсуэльскай нафтай была адпачатку няўдалая. Яе выніковая цана была несувымерная з расейскай. У любы дзень з акрэсьленага Сямашкам пэрыяду. Я не бяруся разважаць за расейцаў, але напалохаць іх вэнэсуэльскай нафтай немагчыма. Вельмі вялікая тут розьніца ў коштах».

А Леў Марголін упэўнены: зьніжэньне коштаў расейскай нафты для Беларусі — гэта ня вынік запалохваньня Менскам Масквы пастаўкамі з Вэнэсуэлы. «Гэта плата Лукашэнку з боку Крамля за тое, што ён пагадзіўся будаваць Адзіную эканамічную прастору», — кажа эканаміст.