Журналіст «Эўрарадыё» арыштаваны на 15 сутак

Павал Сьвярдлоў, фота Эўрарадыё

Суд Маскоўскага раёну арыштываў карэспандэнта «Эўрарадыё» Паўла Сьвярдлова на 15 сутак. Яго абвінавацілі ў лаянцы.

Распавядае галоўны рэдактар «Эўрарадыё» Віталь Зыблюк:

«Відавочна, што яго чакалі. Затрымлівалі Паўла пяцёра ў цывільным. Як напісана ў пратаколе, „около третьего подъезда выражался нецензурной бранью, чем нарушил общественный порядок“. Двое сьведак, неразборліва напісана, — як я разумею, гэта самі міліцыянты. Потым завезьлі ў суд. На жаль, мы не маглі скаардынаваць дзеяньні, бо не было сувязі. Павал адвакату, які звычайна нам дапамагае, не датэлефанаваўся, сам заявіў, што ня мае адваката. А я ў гэты час сядзеў каля судовай залі зь іншым адвакатам. Адваката ў судовую залю не дапусьцілі. Судзьдзя заслухала сьведчаньні міліцыянтаў і вынесла прысуд — 15 сутак арышту».

Your browser doesn’t support HTML5

Эўрарадыё: Ціск на нас можна патлумачыць толькі матэрыялам пра мэтро



«Эўрарадыё» будзе абскарджваць прысуд. Каля офіса радыё з абеду дзяжурыў мікрааўтобус з супрацоўнікамі міліцыі ў цывільным.



Журналіста Паўла Сьвярдлова затрымалі а 10 гадзіне раніцы 22 чэрвеня пяцёра невядомых у цывільным і без аніякіх тлумачэньняў закінулі ў мікрааўтобус. Яго схапілі людзі ў цывільным, завезьлі ў Маскоўскі РАУС, пратрымалі там больш за 3 гадзіны, не дазволілі патэлефанаваць ні бацькам, ні на працу, потым склалі пратакол.