Андрэй Бандарэнка: «Будзем дамагацца пакараньня БТ»

Андрэй Бандарэнка

21 чэрвеня Першамайскі суд Менску адхіліў пазоў старшыні арганізацыі «Плятформа» Андрэя Бандарэнкі аб абароне гонару і годнасьці да Нацыянальнай Белтэлерадыёкампаніі. Андрэй Бандарэнка пасьля суду заявіў, што з рашэньнем ня згодны і будзе яго абскарджваць у судзе вышэйшай інстанцыі.
Судзьдзя Вольга Багам’я адхіліла пазоў Андрэя Бандарэнкі, які прасіў суд абавязаць Белтэлерадыёкампанію абвергнуць зьвесткі адносна яго з праграмы «Ў цэнтры ўвагі», якая выйшла ў эфір 11 сьнежня 2011 году.

Пра Андрэя Бандарэнку там было сказана, што ён праходзіў раней па справе аб махлярстве ў асабліва вялікім памеры і што нібыта мае ў калёніі мянушку «дэпутат».

Праваабаронца палічыў, што гэтыя зьвесткі яго абразілі і нанесьлі яму маральную шкоду. Паводле Андрэя Бандарэнкі, паколькі суд яго апраўдаў, журналісты БТ мусілі пра гэта згадаць. Што да мянушкі «дэпутат», Андрэй Бандарэнка патрабаваў прадставіць яму доказы, што яго гэтак называлі ў калёніі.

У якасьці грашовай кампэнсацыі Андрэй Бандарэнка прасіў спагнаць з БТ 1 мільён рублёў і 500 тысяч рублёў з аўтараў праграмы. Усе гэтыя патрабаваньні праваабаронцы суд адхіліў.

Пасьля абвяшчэньня пастановы судзьдзя Вольга Багам’я сказала, што зьвесткі пра суд над Бандарэнкам адпавядаюць рэчаіснасьці, а тое, што яго апраўдалі, не адмяняе самога суду. «А ў мянушцы „дэпутат“ няма ніякай абразы», — заявіла судзьдзя.

Your browser doesn’t support HTML5

Андрэй Бандарэнка: Мэта сюжэту на БТ — дыскрэдытацыя апазыцыі


Якую пазыцыю займалі адказьнікі?

Суд прызнаў адказьнікамі па пазове Белтэлерадыёкампанію і журналістаў Юрыя Пракопава, які рыхтаваў праграму «Ў цэнтры ўвагі» да эфіру, і былога намесьніка старшыні кампаніі Аляксандра Мартыненку, які курыраваў праграму. Пазоў адказьнікі аднагалосна прапаноўвалі не задавальняць. Зь іх тлумачэньняў высьветлілася, што кавалак сюжэту пра Бандарэнку, дзе сьцьвярджалася, што сукамэрнікі нібыта называлі яго «дэпутатам», журналісты БТ узялі з інтэрнэту зь незарэгістраванага сайту.

«Мы спраўдзілі зьвесткі на іншых сайтах», — патлумачыў Юры Пракопаў. Таксама прадстаўнікі БТ сказалі, што нават ня ведаюць імя чалавека, які агучваў тэкст у сюжэце пра Андрэя Бандарэнку.

Былы намесьнік старшыні Белтэлерадыёкампаніі Аляксандар Мартыненка, які курыраваў праграму «Ў цэнтры ўвагі», даваць тлумачэньні суду адмовіўся, спаслаўшыся на тое, што не займаўся зьместам праграмы, а вырашаў толькі кадравыя ды тэхнічныя пытаньні.

Аказваецца, можам называць адзін аднаго мянушкамі і што ў крымінальных мянушках нічога зьневажальнага няма
Андрэй Бандарэнка

На працэсе судзьдзя забараніла весьці аўдыёзапіс. Пасьля паседжаньня Юры Пракопаў сказаў у якасьці камэнтару «Свабодзе»:

«Ісьці ў суд з прэтэнзіямі, што мы сказалі пра чалавека, што ён праходзіў па такой і такой справе і што яго называлі „дэпутатам“, нават калі б гэта было ня так, — гэта проста несур’ёзна».

Карэспандэнт: «Але вы выкарысталі невядомую крыніцу, ня ведалі, хто аўтар. Голас гучыць, а вы ня ведаеце, чый...»

«Мы спраўджвалі ўсе гэтыя дадзеныя. Яны былі з адкрытых крыніц».

Андрэй Бандарэнка мяркуе, што сюжэт у праграме «Ў цэнтры ўвагі» Юрыя Пракопава быў скіраваны супроць ня толькі яго, але і іншых палітыкаў.

Судовае рашэньне Андрэй Бандарэнка пракамэнтаваў гэтак: «Сёньня мы даведаліся, што, аказваецца, можам называць адзін аднаго мянушкамі і што ў крымінальных мянушках нічога зьневажальнага няма. Паўтараю, што, на маю думку, гэты прысуд не грунтуецца на нейкім законе і мы будзем яго абскарджваць. Будзем дамагацца, каб Белтэлерадыёкампанія панесла пакараньне за сваю, скажам гэтак, творчасьць».