Кінаклюб «Невядомая Беларусь» разьвітаўся з «Гістарычнай майстэрняй»

Ігар Кузьняцоў паведамляе ўдзельнікам клюбу пра завяршэньне сустрэчаў у "Гістарычнай майстэрні"

Дыскусійнаму кінаклюбу «Невядомая Беларусь» адмоўлена ў памяшканьні для правядзеньня пасяджэньняў у «Гістарычнай майстэрні» на вуліцы Сухой.
Гэткім чынам 15-е паседжаньне кінаклюбу пад назовам «Дзьве «Лініі Сталіна» было тэрмінова арганізаванае на іншай творчай пляцоўцы Менску.

Абвесткі пра чарговую сустрэчу ў рамках дзейнасьці кінаклюбу «Невядомая Беларусь» былі разьмешчаныя ў інтэрнэце і ў сацыяльных сетках. Таму арганізатары кінапрагляду прыйшлі ў памяшканьне «Гістарычнай майстэрні», каб сустрэць гледачоў і разам перайсьці ў іншае памяшканьне. Кіраўнік кінаклюбу, кандыдат гістарычных навук Ігар Кузьняцоў на разьвітаньне сказаў наступнае:

Ігар Кузьняцоў (зьлева)

«Ніводнай мэты контрэвалюцыйнага і іншага характару наш кінаклюб ня ставіў. Але мы разумеем, што „Гістарычная майстэрня“ не зьяўляецца самастойнай адзінкай на нашай тэрыторыі, што ёсьць тыя, хто робяць заўвагі і даюць рэкамэндацыі, то мы не павінны ствараць клопаты іншым людзям».

Дыскусійны кінаклюб «Невядомая Беларусь» пад кіраўніцтвам Ігара Кузьняцова ў «Гістарычнай майстэрні» праводзіў свае кінапрагляды больш за паўтара году — ад часу заснаваньня. Але напярэдадні 15—сустрэчы кіраўніцтва «Гістарычнай майстэрні» адмовіла ў памяшканьні. Дырэктар Кузьма Козак пракамэнтаваў сытуацыю гэтак:

«У „Гістарычнай майстэрні“ ёсьць накірунак, які зьвязаны з гісторыяй халякосту. А гэтыя пытаньні больш шырокія і выходзяць за пазначаныя межы».

Кінаклюб «Невядомая Беларусь» — гэта прагляд і дыскусія аб кінафільмах невядомай гісторыі Беларусі: беларускай партызанкі, сталінскіх рэпрэсіяў і іншай тэматыкі. На чарговае 15-ае паседжаньне былі прапанаваныя дзьве кінастужкі «Лінія Сталіна: гонар ці ганьба?», зьнятая тэлеканалам Белсат, а таксама прэм’ерны прагляд кінафільму «Лінія Сталіна—Гомельскі рэгіён», падрыхтаваны кааліцыяй «Наша Альтэрнатыва». Гаворыць адзін з аўтараў, які прыехаў на прэзэнтацыю фільма з Гомеля, Алесь Сівакоў:

«Фільм называецца „Лінія Сталіна— Гомельскі рэгіён“. Гэта фільм у форме ўспамінаў пра тое, што адбывалася ў тыя часы: пра раскулачваньне, высылкі, рэпрэсіі. На мой погляд, для ўладаў ніякай пагрозы ў гэтым фільме няма, а хутчэй за ўсё кожны вялікі і маленьні чыноўнік імкнецца захаваць сябе ад усялякай пагрозы».

Адзін са сталых арганізатараў і ўдзельнікаў кінаклюбу, старшыня беларускага аддзяленьня міжнароднага «Мэмарыяла» Уладзімер Раманоўскі, падкрэсьлівае, што ў свой час «Гістарычная майстэрня» была створаная Міжнародным цэнтрам ІВВ, у тым ліку, дзеля ўшанаваньня памяці ахвяраў таталітарных рэжымаў:

«Я называю гэта здрадай адносна сваіх продкаў, адносна тысячаў людзей, якія пацярпелі ад таталітарных рэжымаў. І вось такія адносіны — нібыта паўтор — гэта ўсё ж здрада».

Як паведамляюць стваральнікі кінаклюбу «Невядомая Беларусь», пра час і месца правядзеньня чарговага кінапрагляду ўсім аматарам яны будуць паведамляць дадаткова.

Дырэктар "Гістарычнай майстэрні" Кузьма Козак сярод удзельнікаў кінаклюбу