Суд адмовіў Паўлу Сяргею ў альтэрнатыўнай службе

Маладэчанскі раённы суд адмовіў актывісту міжнароднай моладзевай арганізацыі «Малады фронт» (Чэхія) Паўлу Сяргею ў задавальненьні скаргі на рашэньне прызыўной камісіі аб прызнаньні яго прыдатным да службы ў войску. Такое рашэньне прыняла 19 чэрвеня судзьдзя Марыя Абрамава.
Павал Сяргей накіраваў у Маладэчанскі ваенкамат заяву на праходжаньне альтэрнатыўнай грамадзянскай службы, паколькі ня можа «па сваіх рэлігійных перакананьнях насіць ваенную форму і служыць у арміі, дзе пануе камуністычная сымболіка (серп і молат), пад якой у СССР перасьледавалі хрысьціянаў». Аднак 10 траўня прызыўная камісія Маладэчна прызнала яго прыдатным да службы ў войску. Пры гэтым позвы на ваенную службу ён так і не атрымаў, паведамляе БелаПАН.

Павал зьвярнуўся са скаргай на такое рашэньне прызыўной камісіі ў суд. Судзьдзя Марыя Абрамава запатрабавала прадставіць доказы яго актыўнага ўдзелу ў дзейнасьці пратэстанцкай царквы. Такія доказы былі прадстаўленыя. Аднак судзьдзя, разгледзеўшы ўсе матэрыялы, характарыстыкі, вывучыўшы перакананьні Паўла Сяргея, прыняла рашэньне, што ўжываць да яго альтэрнатыўную службу няма падстаў«, — паведаміла праваабаронца Наста Лойка.

Паводле яе словаў, такое рашэньне было прадказальнае, але выглядае «дзіўным». «Дзіўна гэта таму, што пры разглядзе аналягічнай скаргі ў дачыненьні да яшчэ аднаго прызыўніка, Міхаіла Мускага, суд вынес рашэньне, што ўжыць альтэрнатыўную службу да яго не ўяўляецца магчымым, паколькі ў заканадаўстве не прапісаная працэдура яе правядзеньня. Гэта значыць, судзьдзя Абрамава як бы прызнала, што альтэрнатыўная служба ў Беларусі існуе, у той час як іншы суд заявіў, што яе няма наагул», — адзначыла Лойка.