Усё болей беларусаў шукаюць палітычнага прытулку ў Эўропе

Летась колькасьць беларусаў, якія падалі звароты па палітычны прытулак ў эўрапейскіх краінах, вырасла больш чым на палову – у 2011 годзе такіх было 1441, а годам раней 941. Такія лічбы дае --> http://www.unhcr.org/4e9beaa19.html офіс Вярхоўнага камісара ААН у справах уцекачоў у сваёй справаздачы за 2011 год.
У шэрагу эўрапейскіх краінаў беларускія ўцекачы апынуліся ў дзясятцы найбольш шматлікіх заяўнікаў паводле краіны паходжаньня. Такая сытуацыя за 2011 год была ў Ісьляндыі, Літве, Нідэрляндах, Польшчы, Фінляндыі, Чэхіі і Эстоніі. Лідэрам тут сталі Нідэрлянды – за мінулы год там зьвярнуліся па палітычны прытулак 256 чалавек зь Беларусі.

Агулам офіс Вярхоўнага камісара ААН у справах уцекачоў падае лічбу 5925 чалавек, якія на канец 2011 году былі ўцекачамі зь Беларусі. Зь іх 897 чакалі разгляду сваіх заяваў на палітычны прытулак.