Лябедзька: мы выбралі сымбіёз

Анатоль Лябедзька

Старшыня АГП Анатоль Лябедзька заявіў, што ён і яго партыя выступаюць і не за ўдзел у прызначаных на восень выбарах, і не за іх байкот.
«Хутчэй за ўсё, мы і не за ўдзел, і не за байкот, а за альтэрнатыву. І такой альтэрнатывай можа быць кампанія „За сумленныя выбары без Лукашэнкі“. Зараз трэба ўсё ж адысьці ад сцэнару ўлады і паглядзець, што могуць прапанаваць грамадзянам і краіне як альтэрнатыву прыхільнікі пераменаў. Пачынаць кампанію трэба цяпер, за тры гады да прэзыдэнцкай кампаніі — адзінай, да якой ёсьць цікавасьць у выбаршчыкаў як да мажлівасьці рэальна памяняць сытуацыю ў Беларусі. Таму мы выбралі такі сымбіёз. Мы будзем фармальна рэгістраваць людзей, але гэта будуць не кандыдаты ў дэпутаты, а гэта будуць сьпікеры кампаніі „За сумленныя выбары без Лукашэнкі“. Мы пойдзем з нашым пасланьнем да людзей і будзем працаваць, каб з кожным днём колькасьць рэальных удзельнікаў кампаніі „За сумленныя выбары без Лукашэнкі“ павялічвалася».

Карэспандэнт: «Якія ўмовы будуць вылучацца да ўладаў?»

Лябедзька: «Умовы вылучаныя, яны сфармуляваныя ў рашэньнях партыйнага зьезду. Сытуацыя магла памяняцца, калі б былі вызваленыя ўсе палітвязьні, былі ўключаныя ў склад выбаркамаў, у першую чаргу ўчастковых, усе нашы прадстаўнікі. І калі б быў уведзены жорсткі рэглямэнт альбо адмена датэрміновага галасаваньня. Калі б гэтыя тры ўмовы былі выкананыя, то мы б зьмянілі свае адносіны і прынялі ўдзел ужо ня ў выбарчай кампаніі, а гэта былі б ужо выбары».