Янукевіч: ў байкоце мы абсалютна ня бачым сэнсу

Аляксей Янукевіч

Лідэр БНФ Аляксей Янукевіч заявіў, што ягоная партыя рыхтуецца да вылучэньня кандыдатаў на парлямэнцкія выбары.
«Мы за тое, каб выкарыстаць гэтыя выбары дзеля таго, каб атрымаць максымальную падтрымку ад людзей. Мы гэта ўжо абмяркоўвалі ў партыі: мы павінны вылучаць нашых кандыдатаў, але абумоўлена. Гэта азначае,што ў байкоце мы абсалютна ня бачым сэнсу. І мы цалкам рыхтуемся да вылучэньня нашых кандыдатаў. Мы прагаворваем ад самага пачатку і вызначаем умовы, пры забесьпячэньні якіх мела б сэнс заставацца ў бюлетэнях да канца. У адваротным выпадку, мы будзем здымаць нашых кандыдатаў. Гэтыя ўмовы — вызваленьне палітычных вязьняў і ўключэньне вылучаных намі прадстаўнікоў у склад выбарчых камісіяў».

Карэспандэнт: «Але выбары прызначаны, а гэтыя ўмовы, вядомыя ўсім, уладамі так і не выкананыя?»

Янукевіч: «У тым рашэньні партыі, якое існуе на сёньняшні момант, рашэньне пра зьняцьцё мы будзем прымаць за тыдзень да выбараў. Так, сёньня відавочна, што выбары пройдуць пад поўным кантролем з боку ўладаў. І гэта азначае, што зь вельмі вялікай доляй верагоднасьці трэба казаць пра тое, што нашы кандыдаты будуць зьнятыя».