Напрыканцы кадэнцыі Палата крыху асьмялела

14 чэрвеня Палата прадстаўнікоў прыняла законы «Аб Сьледчым камітэце Рэспублікі Беларусь» і «Аб органах дзяржаўнай бясьпекі Рэспублікі Беларусь». Як адзначаюць незалежныя экспэрты, гэтыя дакумэнты значна пашыраюць паўнамоцтвы супрацоўнікаў сілавых структураў і даюць ім вялікія ільготы.
Законапраект аб КДБ прымалі ў другім чытаньні. Уся працэдура не заняла і дзесяці хвілін, ніводнай папраўкі ў дакумэнт ня ўнесьлі. А гэта азначае, што ўсе тыя нормы, якія дэпутаты прынялі 21 сьнежня 2011 году і якія рэзка скрытыкавалі прадстаўнікі апазыцыйных партый, праваабаронцы і шэраг міжнародных экспэртаў, будуць дзейнічаць. Напрыклад, застаецца ў сіле такое палажэньне:

«Супрацоўнік органаў дзяржаўнай бясьпекі не нясе адказнасьці за шкоду, прычыненую ў сувязі з прымяненьнем фізычнай сілы, спэцыяльных сродкаў, баявой і спэцыяльнай тэхнікі, ужываньнем (выкарыстаньнем) зброі ў прадугледжаных гэтым Законам і іншымі заканадаўчымі актамі выпадках, калі ён дзейнічаў ва ўмовах абгрунтаванай прафэсійнай рызыкі...»

Невыпадкова праз усе камэнтары праваабаронцаў да гэтага закону праходзіць адна тэза — КДБ атрымлівае неабмежаваныя паўнамоцтвы. Прадстаўнік Асамблеі няўрадавых дэмакратычных арганізацыяў Сяргей Лісічонак мяркуе: у Беларусі такім чынам легалізаваныя, без уліку думак грамадзкасьці, гвалтоўныя мэтады барацьбы з палітычнымі апанэнтамі:

«Абмеркаваньне падобнага кшталту законаў павінна быць шматбаковым. У працэс абмеркаваньня павінны быць уцягнутыя шырокія колы грамадзкасьці, экспэртаў. Бо гэта ня нейкае вельмі спэцыялізаванае пытаньне. Яно закранае асновы палітычнай сыстэмы сучаснай Беларусі, асновы жыцьцядзейнасьці грамадзянскай супольнасьці, шмат іншых сфэраў. Гэты закон рэгулюе шмат-шмат-шмат аспэктаў нашага жыцьця. Таму самая галоўная прэтэнзія такая — які зьмест можа быць у закону, калі ён прымаецца вузкай групай людзей і пад вузкую групу людзей?»

А вось законапраект аб Сьледчым камітэце, які разглядаўся ў першым чытаньні, нечакана выклікаў у Палаце дыскусію. І гэта пры тым, што ўносіўся ён ад імя кіраўніка дзяржавы. У такіх выпадках парлямэнтарыі звычайна з усім пагаджаюцца. Але дэпутатам гэтага скліканьня да заканчэньня кадэнцыі фактычна застаюцца два тыдні. На 29-га чэрвеня заплянаванае апошняе пленарнае пасяджэньне, у верасьні адбудуцца новыя выбары. Можа, таму, казалі журналісты ў прэсавым цэнтры, дэпутаты і асьмялелі.

Спачатку Ўладзімер Кужанаў запатрабаваў не парушаць рэглямэнт. «Мы атрымалі законапраект толькі 12 чэрвеня, а ўжо сёньня зьбіраемся абмяркоўваць яго», — сказаў дэпутат. Намесьнік старшыні Палаты Віктар Гумінскі, які вёў сёньняшняе паседжаньне, на гэта адказаў: «Рэглямэнт — не Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь».

З гэтым законам наагул атрымаўся пэўны канфуз. Ён яшчэ не прыняты, а Сьледчы камітэт ужо працуе. Чаму? Як патлумачыў дырэктар Нацыянальнага цэнтру заканадаўства і прававых дасьледаваньняў Вадзім Іпатаў, які прадстаўляў гэты дакумэнт дэпутатам, «Сьледчы камітэт дзейнічае на аснове актаў прэзыдэнта».

А затым дэпутаты выказалі шэраг заўвагаў да законапраекту. Напрыклад, Уладзімер Карпяк лічыць, што з закону трэба выключыць норму аб прадстаўленьні дзецям супрацоўнікаў Сьледчага камітэту месца ў дзіцячым садку цягам трох месяцаў з моманту падачы заявы. «У нас маладыя настаўнікі і лекары гадамі чакаюць такіх месцаў», — сказаў дэпутат.

Анатоль Лябедзька, які быў дэпутатам беларускага парлямэнту дзьвюх кадэнцыяў, гэтак ацэньвае прычыны нечаканай сьмеласьці ў Палаце прадстаўнікоў: «У той час, калі я быў дэпутатам, гэта было б абсалютнай нормай. І ня проста рэплікі, а дыскусіі, дэбаты, адпраўка законапраектаў на дапрацоўку. Гэта звычайная парлямэнцкая практыка. Але наша краіна ўжо адвыкла ад такога рытму парлямэнцкага жыцьця. Бо тое, што мы маем сёньня, збудавана на руінах парлямэнтарызму.

Таму такія рэплікі я зьвязваю найперш з фармаваньнем сьпісу дэпутатаў наступнай кадэнцыі. Вядома, што ў Беларусі іх не выбіраюць, а прызначаюць. І таму гэта могуць быць асабістыя крыўды. Камусьці адмовілі ў новым дэпутацтве, сказалі, што будзе ратацыя...»