Горадня: сьвятара судзяць за адбіткі пальцаў

Сьвятар Мікалай Гайдук

Сёньня ў Горадні меўся адбыцца суд над сьвятаром Мікалаем Гайдуком. За тое, што адмовіўся здаваць адбіткі пальцаў, яго абвінавацілі ў непадпарадкаваньні службовым асобам. У суд не зьявіўся ўчастковы міліцыянт Тадэвуш Матукевіч, які складаў на сьвятара пратакол, таму паседжаньне перанесьлі на 22 чэрвеня.
Побач з будынкам Ленінскага суду Горадні сёньня было шматлюдна. Айца Мікалая прыйшлі падтрымаць каля 10 сьвятароў у расах, а таксама каля 50 вернікаў. У залю суду запусьцілі ўсіх, акрамя журналістаў. Суд не задаволіў хадайніцтва аб тым, каб падчас паседжаньня можна было весьці відэаздымкі.

На пачатку паседжаньня высьветлілася, што ў суд не зьявіўся зь невядомых прычын участковы інспэктар Тадэвуш Матукевіч, які склаў пратакол на айца Мікалая. Другі сьведка – Юры Друць, які таксама фігуруе ў пратаколе, у залі суду быў, але судзьдзя Ксенія Стасюкевіч абвясьціла, што працэс пераносіцца на 22 чэрвеня.

Вось як рэагавалі вернікі на гэтае рашэньне:

Сталая спадарыня: «Гэта ўсё робіцца мэтанакіравана, стары бальшавіцкі мэтад: каб людзі не прысутнічалі на працэсе».

Спадар: «Сваволя ўладаў… Судзьдзю, які будзе судзіць, некалі прымаў сьвятар, хрысьціў… І зараз ён судзіць такога ж сьвятара. Ганьба, больш няма слоў… Адбіткі пальцаў гэтага сьвятара ўжо ёсьць на мільёнах прадметаў: на чашах, нашых крыжыках, на нашых іконах».

Побач з будынкам Ленінскага суду Горадні перад пачаткам працэсу над сьвятаром Мікалаем Гайдуком


Сам сьвятар Мікалай Гайдук таксама не зусім разумее, чаму, калі міліцыянта выклікаюць у суд, ён можа не зьяўляцца.

Гайдук: «Няхай бы адказалі тут на мае пытаньні, было б вельмі цікава. Ведаеце, я ж перад судом пісаў хадайніцтва, каб сьведкі абавязкова прысутнічалі, каб суд дзеля гэтага зрабіў намаганьні, каб усе маглі іх пачуць».

Айцец Аляксандар, які прысутнічаў у судзе, кажа, што згодна з законам царква ў нас аддзеленая ад дзяржавы і ўсякага сьвятара яна разглядае перш за ўсё як грамадзяніна РБ. Але ён разам зь вернікамі прыйшоў сёньня ў суд дзеля таго, каб пераканацца ў яго справядлівасьці.

Айцец Аляксандар: «У Беларусі шмат такіх спраў разглядаецца, і ня толькі ў Горадні, а і ў Менску, Гомелі. І гэта толькі тыя, што мы ведаем, а ёсьць і такія, пра якія мы ня чулі. Кожны да гэтага ставіцца па-рознаму, і кожны мае права на тое, як паводзіць сябе ў такой сытуацыі – альбо згодна са сваім сумленьнем, альбо неяк інакш».

На судовым працэсе прысутнічаў праваабаронца Ўладзімер Хільмановіч, ён дзеліцца сваімі ўражаньнямі ад працэсу:

Хільмановіч: «У мяне ўражаньне такога судовага фарсу. Паколькі справа рэзанансная, гучная, прыходзіць столькі людзей – і выяўляецца, што нейкія шараговыя міліцыянты так задзейнічаныя на службе, што іх немагчыма падмяніць. Усё тлумачыцца проста: няма рашэньня зьверху».

Нагадаю, што сьвятар Мікалай Гайдук ня згодны з пратаколам, які склаў на яго ўчастковы інспэктар, бо пратакол быў складзены завочна, безь ягонай прысутнасьці і зь відавочнымі парушэньнямі заканадаўства. У прыватнасьці, у пратаколе ўчастковы запісаў, што сьвятар адмовіўся падпісваць яго, хоць пратакол складаўся без удзелу сьвятара.

Паводле сьвятара, ён нават ні разу не сустракаўся з участковым інспэктарам. Той тэлефанаваў і запрашаў на дактыляскапію, але Мікалай Гайдук адказваў яму, што мусіць параіцца са сваім кіраўніцтвам. Міліцыянт склаў пратакол завочна.