Сьвятара будуць судзіць за адмову ад дактыляскапіі

12 чэрвеня ў Ленінскім судзе Горадні адбудзецца адміністрацыйны працэс над ярэем храма Адсячэньня галавы Іаана Хрышчэньніка Мікалаем Гайдуком. Яго вінавацяць за нібыта непадпарадкаваньне службовым асобам пры выкананьні тымі сваіх абавязкаў па абавязковай дактыляскапіі.
Інфармацыя пра гэта 11 чэрвеня зьявілася на афіцыйным сайце Гарадзенскай япархіі. Там таксама зьмешчаны заклік падтрымаць сьвятара Мікалая Гайдука малітвай і прысутнасьцю заўтра ў залі суду.

12 чэрвеня сьвятар аднёс у суд хадайніцтва, каб працэс над ім праводзіўся ў залі, дзе маглі б зьмясьціцца ўсе ахвотныя, а таксама каб было дазволена здымаць судовы працэс на відэакамэру.

Паводле інфармацыі афіцыйнага сайту Гарадзенскай япархіі, гэта ўжо ня першы выпадак, калі сьвятароў і вернікаў праз суд прымушаюць праходзіць дактыляскапію.

Сьвятар Мікалай Гайдук ня згодны з пратаколам, складзеным на яго ўчастковым інспэктарам, бо пратакол быў складзены завочна, безь ягонай прысутнасьці і зь відавочнымі парушэньнямі заканадаўства. У прыватнасьці, у пратаколе ўчастковы запісаў, што сьвятар адмовіўся падпісваць яго, хоць пратакол складаўся без удзелу сьвятара.

Паводле сьвятара, ён нават ні разу не сустракаўся з участковым інспэктарам. Той тэлефанаваў і запрашаў на дактыляскапію, але Мікалай Гайдук адказваў яму, што мусіць параіцца са сваім кіраўніцтвам. А міліцыянт, у сваю чаргу, склаў завочна пратакол.