Гулак застаўся старшынём БХК

  • БелаПАН
Алег Гулак зноў абраны на пасаду старшыні рэспубліканскай праваабарончай грамадзкай арганізацыі «Беларускі Хэльсынскі камітэт» (БХК).
Пра гэта ведаміў кіраўнік юрыдычнай службы БХК Гары Паганяйла.

Паводле ягоных слоў, 8 чэрвеня ў Менску прайшоў чарговы справаздачна-выбарны сход БХК. «Мы адмыслова не анансавалі і не паведамлялі аб правядзеньні сходу, паколькі нам зь цяжкасьцю ўдалося знайсьці для яго памяшканьне. І каб не паўстала неспадзяваных сытуацый, мы нікога на сход не запрашалі», — адзначыў Паганяйла.

На сходзе адбыліся выбары ў склад кіраўнічых органаў БХК на наступны пэрыяд. Старшынёй БХК зноў абраны Алег Гулак, намесьнікам старшыні — Васіль Санковіч, паведаміў Паганяйла.

Дэлегатам сходу прадставілі справаздачу аб працы, праведзенай грамадзкім аб’яднаньнем за апошнія два гады. Па выніках сходу прынялі рэзалюцыю, якая вызначае напрамкі дзейнасьці і разьвіцьця Беларускага Хэльсынскага камітэту.

«У рэзалюцыі адлюстраваныя праблемы з правамі чалавека, пачынаючы зь вядомых падзей пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2010 году, маўклівыя акцыі, факты брутальнага разгону дэманстрацый, апошняя практыка пазбаўленьня асобных грамадзян права на выезд за мяжу па надуманых прычынах і г.д.», — сказаў Паганяйла.

Паводле ягоных слоў, у бліжэйшых плянах дзейнасьці БХК — арганізацыя і правядзеньне назіраньня за ходам парлямэнцкіх выбараў у Беларусі. «Мы будзем назіраць за гэтымі выбарамі сумесна зь іншымі праваабарончымі арганізацыямі і праваабаронцамі незалежна ад таго, якую пазыцыю выберуць апазыцыйныя палітычныя партыі — байкот ці ўдзел у выбарах. Гэтую працу мы праводзім рэгулярна, і па выніках назіраньня, як звычайна, будзе складзены адпаведны даклад з пазыцыяў БХК», — заявіў Паганяйла.

БХК быў заснаваны 1 лістапада 1995 году. Гэта самастойнае, незалежнае, некамэрцыйнае, праваабарончае грамадзкае аб’яднанне, створанае ў мэтах ажыцьцяўленьня гуманітарнай дзейнасьці на тэрыторыі Беларусі. Яно працуе паводле прынцыпаў самакіраваньня і аб’ядноўвае на аснове агульнасьці інтарэсаў грамадзян Рэспублікі Беларусь.