Івашкевіч: Трэба вызначыць, як мы зьбіраемся скідаць дыктатуру і калі

У Менску адбыўся круглы стол па адзінай стратэгіі на выбарах 2012 году.
Сустрэча была ініцыяваная Радай беларускай інтэлігенцыі. У пасяджэньні ўзялі ўдзел старшыня Рады беларускай інтэлігенцыі Ўладзімер Колас, старшыня партыі «Справядлівы сьвет» Сяргей Калякін, палітык Віктар Івашкевіч, прадстаўнік руху «За свабоду» Юры Губарэвіч, адзін з заснавальнікаў БХД Віталь Рымашэўскі і іншыя. Сустрэча праходзіла без прысутнасьці журналістаў.

Падводзячы яе вынікі, Уладзімер Колас сказаў карэспандэнту «Свабоды», што кожны прыйшоў са сваёй мэтай і прапановамі:

Уладзімер Колас

«Рада інтэлігенцыі ставіла на гэтым стале мэтай шлях да кансалідацыі, рух да нейкага адзінага сцэнару перадусім на тое, што называецца сёньня выбарамі ў Палату прадстаўнікоў. Чарговым разам усе сышліся на тым, што выбараў у Беларусі няма, што тое, што будзе адбывацца пад выглядам выбараў, не зьяўляецца па сутнасьці выбарамі і што такім чынам народ пазбаўлены канстытуцыйнага права выбараў улады. Але аб’яднацца ў структуру, у якой будуць узгадняцца агульныя дзеяньні і фармулявацца нейкія агульныя мэсыджы для грамадзтва, пакуль удзельнікі стала не гатовыя. Я ня думаю, што ёсьць надзея за той час, які застаўся, лепшым чынам падрыхтавацца. І я думаю, што сапраўдная прычына — нежаданьне сапраўднай кансалідацыі».

Сяргей Калякін сказаў, што былі абмеркаваныя пэрспэктывы далейшай працы дэмакратычнай апазыцыі. Ён адзначыў, што на сустрэчы не плянаваліся лёсавызначальныя рашэньні. Адносна бліжэйшых выбараў яшчэ раз канстатавана, што тактыка ў розных структур розная:

Сяргей Калякін

«Безумоўна, цяперашнюю выбарчую кампанію і наагул усе дзеяньні дэмакратычная апазыцыя разглядае з прыцэлам на 2015 год, на прэзыдэнцкую кампанію. Зыходзячы з гэтага, мы пагутарылі пра тое, якія мэты мы ставім на гэтай кампаніі з улікам гэтага. Сёньня важна глядзець далей — за выбары 2012 году, за гэтую кампанію, якая будзе падчас выбараў. І вось вакол гэтага ішла зацікаўленая, шчырая размова, магчыма, не заўсёды дагодлівая. Я лічу, што гэта была карысная сустрэча».

Паводле Віктара Івашкевіча, выйшла размова, што «не ад таго пачынаем»:

Віктар Івашкевіч

«Трэба вызначыць як мы зьбіраемся скідаць дыктатуру і калі. І калі гэта ў 2015 годзе на прэзыдэнцкіх выбарах, то вось гэта сфармуляваць, а потым разглядаць усе астатнія дзеяньні, зыходзячы з гэтай задачы. А не разглядаць, што сёньня рабіць, калі няма пытаньня, для чаго, і няма адказу. І кожны сам разумее. Адзін імкнецца павялічыць пазнавальнасьць сваёй партыі на 1%, другі хоча вырашыць нейкія іншыя пытаньні. Без стратэгіі на перамогу, рэальную, фізычную, а ня мары, немагчыма канкрэтна разглядаць сёньняшнюю сытуацыю. Я агучыў, што такі пералом можа быць на 2015 год, на прэзыдэнцкія выбары. Ну, а абмяркоўваць гэтую стратэгію трэба зьбірацца асобна. Сёньня ўжо часу не было. Абмеркавалі агульнапалітычную сытуацыю».