Курэйчык гатовы дагрукацца да Пан Гі Муна

Андрэй Курэйчык

Сцэнарыст фільму «Вышэй за неба» Андрэй Курэйчык мае намер зьвярнуцца ў офіс Праграмы разьвіцьця ААН па Ўсходняй Эўропе ў Славаччыне.
Паводле ягоных словаў, калі на беларускім узроўні вырашыць пытаньне пракату ўжо гатовай стужкі не ўдаецца, ён гатовы задзейнічаць усе магчымыя рэсурсы.

Для пачатку спадар Курэйчык зьбіраецца наведаць офіс у Браціславе, але не выключае, што давядзецца пастукацца і да самога генэральнага сакратара ААН Пан Гі Муна.

Андрэй Курэйчык спадзяецца, што гледачы ўсё ж здолеюць убачыць першапачатковы варыянт задумы на вялікіх экранах:

«Дзякуючы гэтаму канфлікту людзі хоць даведаліся пра існаваньне такога фільму. І гэта ўжо вялікі плюс. То бок цяпер яны прынамсі будуць чакаць яго, будуць шукаць яго. А магчыма, зададуцца пытаньнем: а сапраўды, у чым праблема? Вось што канкрэтна ім перашкаджае проста сказаць: ну, паказвайце! Грошай мы вам не дадзім на раскрутку, але бярыце, паказвайце. Праблема тут, як мне падаецца, выключна ў псыхалёгіі ці ў тым, што яны насамрэч павязаныя зь нейкімі дзяржаўнымі структурамі — можа, на ўзроўні Міністэрства інфармацыі, можа, Міністэрства аховы здароўя (там проста розныя праграмы задзейнічаныя), а можа, на ўзроўні яшчэ нейкім, дапусьцім, адміністрацыі прэзыдэнта. І ім папросту раяць пакуль не выдаваць гэта ў эфір».

Канфлікт паміж Курэйчыкам і праваўладальнікам — прадстаўніцтвам ААН у Беларусі — разгарэўся пасьля таго, як здымачную групу адхілілі ад фінішнага зьвядзеньня васьмісэрыйнага фільму пра беларускую моладзь пад назвай «Вышэй за неба». Сцэнарыст перакананы, што з падачы дзяржаўных чыноўнікаў заяўнікі цэнзуруюць прадукт, у якім моладзевы асяродак не адпавядае стандартам сучаснай прапаганды, і заявіў, што ўратаваў непадцэнзурную вэрсію — аднайменны дзьвюхгадзінны поўнамэтражны фільм.

Яшчэ на пачатку лютага прадстаўнік Праграмы разьвіцьця ААН у Беларусі Антоніюс Брук на прыёме ў Менску ўрачыста абвясьціў пра завяршэньне здымкаў першага беларускага моладзевага сэрыялу «Вышэй за неба». Некалькі месяцаў адводзілася на яго мантаж, пасьля чаго стужку плянавалася паказаць на адным з нацыянальных тэлеканалаў. Аднак на гэты час канчаткова зьведзеная толькі адна сэрыя з васьмі, а мантаж вядзецца без удзелу здымачнай групы.