Сёньняшні лузэр стане заўтрашнім пераможцам

Барак Абама ўзнагароджвае Боба Дылана Мэдалём Свабоды

«Рыхтуйцеся людзі, бо сёньняшні лузэр будзе заўтрашнім пераможцам».
Так сьцьвярджаў амэрыканскі кампазытар і сьпявак Боб Дылан у сваёй знакамітай песьні 1960-х гадоў «The Times They Are A-Changin».

Гледзячы на ўрачыстасьць, якая ўчора адбылася ў Белым Доме, можна падумаць, што гэтыя словы былі прароцтвам. 29 траўня прэзыдэнт Барак Абама ўручыў Дылану – колішняму «аўтсайдэру нумар адзін» і вядучаму прадстаўніку контаркультуры – Мэдаль Свабоды, найвышэйшую цывільную ўзнагароду ЗША.

Такім чынам прадстаўнік супраціву істэблішмэнту стаў ягоным улюбёнцам.

Даючы Дылану ўзнагароду, Абама назваў яго «гігантам у гісторыі амэрыканскай музыкі».

І сапраўды, пачаўшы з выступаў у маленькіх кавярнях у тагачасным багемным ньюёрскім раёне Грыныч Віладж, Дылан за пяць дзесяцігодзьдзяў дасягнуў шматлікіх вышыняў у сьвеце музыкі: 11 узнагародаў Грэмі, 1 Оскар, 1 Залаты Глёбус. Многія ўнівэрсытэты сьвету арганізоўваюць сымпозіюмы на тэму ягонай творчасьці. Вядучыя навукоўцы сьвету ўжо з 1996 году прапаноўваюць кандыдатуру Дылана на Нобэлеўскую прэмію ў літаратуры. Паводле аналізу, праведзенага ў 2007 годзе, словы зь песень Дылана рэгулярна цытуюцца ў рашэньнях амэрыканскіх судзьдзяў і спрэчках адвакатаў. У 1997 годзе, уручаючы Дылану ўзнагароду Кенэдзі Цэнтру, тагачасны прэзыдэнт ЗША Біл Клінтан сказаў: «На працягу сваёй кар'еры Боб Дылан ніколі ня ставіў сабе мэту – дагадзіць. Ён заўсёды парушаў спакой, раздражняў тых, хто пры ўладзе».

Найбольш вядомыя песьні Дылана – «Hard Rain», «With God on our Side», «Forever Young» – гэта заклікі да пратэсту – супраць вайны, супраць ядзернай энэргетыкі, супраць расізму і дыскрымінацыі. І хоць голас Дылана ня самы мілагучны, словы ў ягоных творах заўсёды глыбокія. У знакамітай песьні «Blowin in the Wind», напрыклад, задаецца шэраг рытарычных пытаньняў пра мір, вайну і свабоду. У рэфрэне цьвердзіцца, што «адказ» на гэтыя пытаньні «лунае ў паветры». Але ці гэта значыць, што адказ відавочны, ведае толькі сам аўтар.

Да мяне кампазыцыі Дылана дайшлі, дарэчы, празь ягоную тагачасную каханку і музу Джоан Баэз, якая яшчэ зь дзяцінства была маёй любімай сьпявачкай і адной зь першых прапагандыстак таленту маладога, тады часта няўклюднага з выгляду бітніка-барда. Таго самага прарока-генія, на шыю якога ўчора быў павешаны Мэдаль Свабоды ЗША.

Сапраўды – «The Times They Are A-Changin», і гэта, відаць, добра.