Cуд Першамайскага раёну Менску вынес вырак былому палітвязьню Васілю Парфянкову. За парушэньне ўмоваў прэвэнтыўнага нагляду Васіль пакараны арыштам на 6 месяцаў
Your browser doesn’t support HTML5
Парфянкоў рыхтаваўся да горшага — пракурор Сьцяпурка папрасіў суд пакараць Васіля 1 годам зьняволеньня ў калёніі строгага рэжыму. І на вынясеньне прысуду Парфянкоў прыйшоў з торбай. Судзьдзя Сяргей Бандарэнка прызнаў Васіля Парфянкова вінаватым у невыкананьні патрабаваньняў рэжыму прэвэнтыўнага нагляду, які быў замацаваны за ім пасьля прэзыдэнцкага памілаваньня, і прысудзіў арышт на тэрмін 6 месяцаў. Мера стрыманьня — падпіска пра нявыезд — засталася ранейшай да ўступленьня прысуду ў законную сілу.
Васіль Парфянкоў заявіў пасьля выраку:
«Прысуд быў нечаканы, бо я разьлічваў, як і запатрабаваў пракурор, на год калёніі. Але, вядома, вельмі прыемна, што гэтага не адбылося. Барацьба працягваецца, будзем чакаць, што яны адкажуць на касацыйную скаргу. Калі адмовяць у гарадзкім судзе, то будзем падаваць вышэй, дойдзем да Вярхоўнага».
Па сутнасьці справы аб парушэньні рэжыму прэвэнтыўнага нагляду Васіль патлумачыў, што ніякага злога намеру ён ня меў:
«Выйшаў у краму па цыгаркі, калі трэба было быць дома пасьля восьмай вечара. У гэты час зайшлі супрацоўнікі, склалі адпаведны акт, што мяне не было, пасьля гэтага — у суд».
Парфянкоў зазначыў, што нагляд быў такі пільны, каб ён ня мог займацца грамадзкай дзейнасьцю. Праз гэты нагляд яму нават цяжка было ўладкавацца на працу. Само ўвядзеньне супраць яго рэжыму прэвэнтыўнага нагляду Парфянкоў у судзе прызнаў незаконным і палітычна абумоўленым:
«Яны пабачылі, што калі я выйшаў з турмы пасьля Плошчы, я не спыніў актыўнасьці: я ўдзельнічаў у акцыях „Эўрапейскай Беларусі“, якія былі на Кастрычніцкай плошчы, — акцыях салідарнасьці з палітвязьнямі».
Маці Васіля Валянціна Парфянкова таксама перакананая ў палітычным характары справы:
Ды ўсё гэта ад самога пачатку сфабрыкавана. Вось і ўсё. Увесь гэты нагляд, усе гэтыя пратаколы, усе затрыманьні.
Праваабаронца Тацяна Равяка зь «Вясны» зьвярнула ўвагу на парушэньні ў ходзе сьледзтва і працэсу: бацькам на папярэднім сьледзтве не патлумачылі, што яны маюць права ня сьведчыць супраць свайго сына, а на самім працэсе судзьдзя Бандарэнка адхіліў хадайніцтва Парфянкова весьці суд на беларускай мове і ня даў падсуднаму перакладчыка. Гэта стварае дадатковыя падставы, каб абскарджваць вырак:
«Адназначна, што гэты працэс і прысуд палітычна матываваныя. Гэты працэс цалкам увязаны са справай аб Плошчы, бо калі б не было Плошчы, не было б крымінальнага перасьледу за ўдзел у акцыі пратэсту, то не было б і прэвэнтыўнага нагляду, і не было б сёньняшняга прысуду».
Падтрымаць Парфянкова прыйшоў іншы былы вязень Плошчы, лідэр кампаніі «Гавары праўду» Ўладзімер Някляеў. Ён таксама пад наглядам крымінальна-выканаўчай інспэкцыі:
«Нічога яны не даказалі, ды яны й не зьбіраліся нічога тут даказваць. Яны прыйшлі выканаць тое, што ім сказалі выканаць: засудзіць чалавека, які, — нягледзячы на тое, што яны ўжо зь ім зрабілі, дакладней, стараліся зрабіць: зламаць, прынізіць, прыціснуць, — стаіць на сваёй пазыцыі. Таму трэба яшчэ раз яго „ламануць“. „Ламануць“, каб усе астатнія — ня толькі з „Гавары праўду“, але ўсе актывісты грамадзянскай апазыцыі задумаліся, ці хадзіць ім на нейкія акцыі пратэсту, ці падтрымліваць дэмакратычныя сілы Беларусі ў змаганьні з рэжымам».
Жывы рэпартаж з суду
14:15 Парфянкоў заявіў «Свабодзе», што не чакаў такога мяккага прысуду.
Ён сказаў, што будзе абскарджваць прысуд Першамайскага раённага суду ў Менскім гарадзкім.
14:07 Працэс аднавіўся. Судзьдзя зачытвае вырак.
Суд прызнаў Парфянкова вінаватым у парушэньні ўмоваў прэвэнтыўнага нагляду. Парфянкова пакаралі арыштам на 6 месяцаў.
Парфянкова пад варту не ўзялі.
Калі Парфянкоў не абскардзіць вырак, пакараньне пачне дзейнічаць праз 10 дзён.
13:39 Васіль Парфянкоў прыйшоў да будынку суду з торбай з напоямі. «Бацькі падрыхтавалі «кешар» (турэмную торбу), потым мне перададуць",— сказаў Васіль у чаканьні выраку.
Бацька Пётра Парфянкоў: «Гэта, я думаю, усё ўжо было загадзя зроблена. Тут нічога ня зробіш. Столькі накапалі папер — жах! Адкуль? Прыгадалі ўсё. Хадзілі кожны дзень, празь дзень хадзілі. У дванаццаць гадзін прыходзілі, супрацоўнікі гэтых інспэкцыяў».
Маці Валянціна Парфянкова: «Ды ўсё гэта ад самага пачатку сфабрыкавана. Вось і ўсё. Увесь гэты нагляд, усе гэтыя пратаколы, усе затрыманьні... Такія нікому не патрэбныя — занадта актыўныя».
Your browser doesn’t support HTML5
Някляеў: «Нічога яны не даказалі, ды яны й не зьбіраліся нічога тут даказваць. Яны прыйшлі выканаць тое, што ім сказалі выканаць: засудзіць чалавека, які, — нягледзячы на тое, што яны ўжо зь ім зрабілі, дакладней, стараліся зрабіць: зламаць, прынізіць, прыціснуць, — стаіць на сваёй пазыцыі. Таму трэба яшчэ раз яго „ламануць“. Гэта першае.
„Ламануць“, каб усе астатнія — ня толькі з „Гавары праўду“, але ўсе актывісты грамадзянскай апазыцыі задумаліся, ці хадзіць ім на нейкія акцыі пратэсту ці падтрымліваць дэмакратычныя сілы Беларусі ў іх змаганьні з рэжымам.
Гэта для ўнутранага карыстаньня.
І для зьнешняга карыстаньня — гэта паказаць таму ж амбасадару Злучаных Штатаў, які сёньня быў на гэтым працэсе, а празь яго і Злучаным Штатам, і прадстаўнікам Эўразьвязу, якія былі тут на працэсе, а праз тое і Эўразьвязу, што „Я не сагнуся. Я не таму выпускаю нейкіх там былых кандыдатаў у прэзыдэнты, актывістаў іх штабоў, што вы на мяне цісьнеце, а таму што я так пастанавіў. Яны мяне папрасілі — я іх выпусьціў. Нейкія там выправіліся ўжо, а вось тыя, хто не выпраўляецца, тыя, хто мае ў галаве тое самае, што мае да гэтай пары Парфянкоў — што гэты рэжым ня можа існаваць, вось так садзячы людзей ні за што — з гэтым я буду абыходзіцца належным чынам, так, як мне ўздумаецца“.
Вось і ўсё, што вынікае з гэтага суду».
Your browser doesn’t support HTML5
— Вы маральна падрыхтаваныя, што могуць зьняволіць ужо сёньня?
— Канешне падрыхтаваны. Я ня маю аніякіх ілюзіяў, што прысуд будзе мяккі. Я лічу, што судзьдзя ўсё такі больш паслухае пракурора, чым майго абаронцу, таму што з самага пачатку суду я заяўляў яму адвод, бо ён ужо выносіў палітычна матываваныя прысуды: Алесю Бяляцкаму, Уладзю Яроменку ён таксама выносіў прэвэнтыўны нагляд. З гэтай прычыны я адразу заявіў судзьдзю адвод. Ён яго адхіліў, і падчас суду ён так усьміхаўся з нейкай іроніяй. Відаць, будзе ўсё ж год зьняволеньня. Год дык год. Гэта аніякім чынам мяне не зламае. Канешне, шкада будзе часу, але барацьба працягваецца. Нас не спыніць! Як кажа Сяргей Каваленка: «Слава нацыі, браты! Не зламаюць нас мянты!» Вось так.
— Васіль, можаце патлумачыць, адкуль зьявіліся вось гэтыя мэдыцынскія даведкі пра сындром залежнасьці ад алькаголю?
—Мяне паставілі на ўлік да нарколяга, таму што яны паднялі мае старыя пратаколы. Так, гэта было. Мы з сябрамі, бывала, сустракаліся недзе ў цэнтры горада выпіць піўка, проста пасьля працы — звычайна шмат хто зь людзей так робіць. Проста потым нас затрымлівалі міліцыянты, складалі на нас адпаведныя пратаколы за знаходжаньне нібыта ў нецьвярозым стане, хаця які там можа быць нецьвярозы стан пасьля бутэлькі ці дзьвюх піва? Пасьля гэтага па законе ўвялі гэты нагляд у нарколяга. Я да яго так і не хадзіў ня разу, не адзначаўся, бо я не алькаголік. Я не стаю пад крамай, я хоць і не працаваў афіцыйна, але я працаваў неафіцыйна, у мяне заўжды былі свае грошы. То бок калі я хачу нешта набыць сабе, я магу гэта зрабіць сам. І тое, што, яны кажуць, з характарыстыкі ўчастковага «сяджу на шыі ў бацькоў» — такога ніколі не было. Я з 18 год не сяджу на шыі ў бацькоў: я працаваў на будаўніцтве, езьдзіў у Маскву. Відавочна, што яны зрабілі гэта, каб яшчэ больш выставіць мяне ў адмоўным сьвеце, быццам бы «ён ніякі не апазыцыянэр, а звычайны хуліган, які п’е і якога трэба прыцягваць да адказнасьці» і гэтак далей.
— Дык адкуль узялася гэта даведка нарколяга, калі яны цябе ня бачылі?
яны мне пастукалі гэтым гумовым малаточкам па каленках, памацалі пульс і ўсё — і такім чынам прызналі, што я — алькаголік ...
— Яны завезьлі мяне на экспэртызу ў Менскі наркалягічны дыспансэр. А экспэртыза была вельмі дзіўная: яны мне пастукалі гэтым гумовым малаточкам па каленках, памацалі пульс і ўсё — і такім чынам прызналі, што я — алькаголік.
— Як бацькі ўспрымаюць гэты працэс? Як у вас адносіны зь імі?
— З бацькамі ў мяне даволі няроўныя адносіны: яны то падтрымліваюць мяне, то, бывае, адварочваюцца. Але, думаю, мы ўсё ж знойдзем паразуменьне: бацькі ёсьць бацькі, яны ў любым выпадку не адвернуцца ад мяне канчаткова, я не застануся адзін без падтрымкі з дому.
11:47 У судзе абвешчаны перапынак да 14-й гадзіны.
11:46 Парфянкоў выступае з апошнім словам.
«Які б прысуд зараз ні прагучаў, усё роўна я выйду з залі вольным чалавекам, а вы — як людзі, якія зрабілі сваю справу паводле загаду зьверху».
Парфянкоў падзякаваў усім, хто прыйшоў яго падтрымаць.
Your browser doesn’t support HTML5
11:40 Пачынаюцца судовыя спрэчкі. Выступае пракурор Сьцяпурка. Ён заявіў, што вінаватасьць Парфянкова даказаная. Пракурор патрабуе Парфянкову 1 год калёніі строгага рэжыму.
Адвакат заявіла, што ў дзеяньнях Парфянкова не было злога намеру, бо ён перакананы, што прэвэнтыўны нагляд усталяваны за ім незаконна, што гэта было зроблена, каб адхіліць яго ад удзелу ў актыўных грамадзкіх дзеяньнях.
Парфянкоў перакананы, што адміністратыўныя пакараньні былі за ўдзел у мітынгах, не за хуліганства, якое ён нібыта ўчыняў.
Ён працягвае актыўна ўдзельнічаць у грамадзкіх кампаніях, і гэтая справа, якая цяпер разглядаецца ў судзе, таксама сфальшаваная, каб адсунуць яго ад актыўнай грамадзянскай дзейнасьці.
Адвакат просіць апраўдаць Парфянкова.
11:22 Вывучаюцца пісьмовыя матэрыялы справы — рапарты супрацоўнікаў выканаўчай інспэкцыі, спэцназаўца, які затрымліваў Парфянкова, а таксама даведкі на Парфянкова зь СІЗА і Аршанскай калёніі, дзе яго характарызуюць адмоўна.
Суд зачытвае папярэджаньні ад міліцыі на адрас Парфянкова, судовыя пастановы пра штрафы, рашэньне пра прэвэнтыўны нагляд ды іншыя дакумэнты.
У справе ёсьць і рапарты супрацоўнікаў крымінальна-папраўчай інспэкцыі, якія сьведчаць пра факты праверкі, калі Парфянкоў быў дома і парушэньняў ня выявілі.
У матэрыялах справы ёсьць даведкі, што Парфянкоў стаіць на наркалягічным уліку і што ён пакутуе на сындром залежнасьці ад алькаголю.
Сам Парфянкоў ня згодны з гэтымі даведкамі, з тым, што яму патрэбнае лячэньне. "Даведкі былі зробленыя фармальна", — заявіў ён суду.
11:11 Наступны сьведка — Аляксандар Макаеў.
Макаеў паведаміў суду, што Васіль Парфянкоў мае грамадзянскую пазыцыю, цікавіцца гісторыяй культуры і мовы. Ідзе этнацыд, і Парфянкову на гэта балюча глядзець. Парфянкоў браў удзел у абароне Курапатаў. Цяпер ён працуе ў розных грамадзкіх ініцыятывах. Сьведка нагадаў, што Васіль быў засуджаны за Плошчу.
«Васіль Парфянкоў — не крымінальны злачынца, ён не парушае законы, ён — сумленны грамадзянін, дзейнічае паводле тых магчымасьцяў, паводле якіх у сёньняшніх умовах можа дзейнічаць любы грамадзянскі актывіст. Хадайнічаю, каб грамадзянскія матывы Парфянкова былі ўлічаныя судом», — заявіў Макаеў.
Допыт сьведак завершаны.
11:09 Выклікалі маці Васіля Валянціну Парфянкову.
Яна таксама адмовілася даваць паказаньні супраць сына.
Яна сказала, што на папярэднім сьледзтве ён не паведамілі пра права не даваць паказаньні на блізкага сваяка.
11:07 Наступны сьведка — Пётар Парфянкоў, бацька Васіля.
Бацька адмовіўся даваць паказаньні супраць сына.
10:55 Суд дапытвае сьведку Аляксея Пяркова, інспэктара міліцыі Першамайскага раёну Менску.
Пяркоў кажа, што прэвэнтыўны нагляд над Парфянковым быў уведзены 5 студзеня пасьля трох адміністратыўных пакараньняў.
3 сакавіка супраць яго завялі крымінальную справу. Пасьля гэтага Парфянкоў зьдзейсьніў адно парушэньне — хадзіў у краму па цыгарэты.
Сьведка кажа, што можна правяраць людзей, якія пад наглядам, хоць кожны дзень. Мэтанакіраваны выхад па цыгарэты з дому ў 20.30 сьведка ня лічыць паважнай прычынай.
10:35 Суд пачынае допыт Парфянкова.
Парфянкоў паведаміў, што пасьля таго, як ён адбыў пакараньне ў 12 сутак за акцыю да гадавіны Плошчы, над ім быў уведзены прэвэнтыўны нагляд.
«17 студзеня 2012 году, калі зафіксавалі парушэньне, я выйшаў у краму па цыгарэты», — паведаміў Парфянкоў.
«Я лічу, што сам прэвэнтыўны нагляд нада мной быў усталяваны, каб спыніць маю палітычную актыўнасьць, бо я грамадзкі актывіст, бяру ўдзел у акцыях», — заявіў суду Парфянкоў.
«Я не лічу, што я зьдзейсьніў злачынства тым, што выйшаў у краму», — дадаў падсудны.
Ён прызнаў, што штраф за тое парушэньне не сплаціў і не абскарджваў судовае рашэньне, бо перакананы, што ў Беларусі няма незалежнай судовай сыстэмы.
Наступны выпадак: «Я таксама на пару хвілін выйшаў з хаты ў краму па харчы».
Судзьдзя: А ці вы не маглі папрасіць каго-небудзь схадзіць у краму?
Парфянкоў: Я маю рукі і ногі, дарослы чалавек, сам магу пайсьці.
Штраф за другое парушэньне Парфянкоў таксама не сплаціў і не абскарджваў гэтае рашэньне. «Гэта бессэнсоўна», — кажа ён, а штраф не сплаціў, бо не было грошай.
На пытаньне адваката, ці былі парушаныя ягоныя працэсуальныя правы, Парфянкоў сказаў, што яму не растлумачылі правы на абарону, а сьледчы не праводзіў допыту, а перапісаў папярэднія паказаньні папраўчай інспэкцыі. Апрача таго, яму своечасова не паведамілі пра тое, што супраць яго завялі крымінальную справу.
Тое, што на папярэднім сьледзтве прызнаў сваю віну, Парфянкоў патлумачыў, што яму непрыемна было размаўляць зь міліцыянтамі і ён хацеў, каб хутчэй пачаўся суд. «А тут ужо я даю сапраўдныя паказаньні».
Парфянкоў сказаў, што калі яго дапытвалі на папярэднім сьледзтве, яму не патлумачылі, што гэта допыт, не далі магчымасьці выклікаць адваката. «Мне не сказалі, што мяне дапытваюць як абвінавачанага, міліцыянт прасіў „даць тлумачэньні”».
Адказваючы на пытаньне судзьдзі, Парфянкоў факты парушэньняў пацьвердзіў, але заявіў, што сам нагляд быў уведзены супраць яго незаконна.
10:33 Парфянкоў не прызнае абвінавачаньне.
10:29 Пракурор чытае абвінавачаньне.
Напісана, што Парфянкова папярэджвалі пра ўмовы прэвэнтыўнага нагляду пад росьпіс, але ён ня выканаў патрабаваньні і і парушыў умовы. За гэта ён быў прыцягнуты да адміністратыўнай адказнасьці.
Пазьней Парфянкоў быў яшчэ раз адміністратыўна пакараны за парушэньне ўмоваў прэвэнтыўнага нагляду.
10:25 Парфянкоў просіць, каб суд праходзіў на беларускай мове.
Ён таксама просіць выклікаць сьведкам Аляксандра Макаева.
Пракурор за тое, каб суд быў па-расейску.
Адвакат — «за» вядзеньне працэсу на беларускай мове.
Судзьдзя вырашыў адхіліць хадайніцтва, каб весьці працэс па-беларуску, таму што матэрыялы справы па-расейску і таму што ў Беларусі дзьве дзяржаўныя мовы.
Некалі на такіх самых падставах той жа судзьдзя Бандарэнка адхіліў просьбу Бяляцкага пра беларускую мову на працэсе.
Судзьдзя пагадзіўся выклікаць Макаева сьведкам.
10:24 Працэс адноўлены. Судзьдзя адхіліў адвод.
10:15 У залю запусьцілі людзей, якія чакалі ў калідоры: праваабаронцаў, дыпляматаў, актывістаў “Гавары праўду”. Някляеў абняў Парфянкова.
10:10 Парфянкоў адказвае судзьдзю Бандарэнку па-беларуску.
Парфянкоў заявіў адвод судзьдзі. Ён не давярае судзьдзі, бо той выносіў прысуды ў палітычна матываваных справах Алеся Бяляцкага і Ўладзімера Яроменка.
Пракурор Сьцяпурка супраць адводу.
Адвакат Вольга Безбародкіна — «за».
Судзьдзя пайшоў на 15 хвілін у дарадчы пакой.
Перапынак.
У суд трапілі толькі карэспандэнты «Свабоды» і Белапану.
10:05 Нікога з ахвотных трапіць у залю не пусьцілі. Яны стаяць у калідоры, у тым ліку Някляеў і Скэнлан.
10:01 Знайшлі залю. Туды завялі Парфянкова. Пасьля гэтага – пусьцілі тых, хто жадае прысутнічаць на працэсе.
9:55 У суд прыйшлі часовы павераны ў справах ЗША ў Беларусі Майкл Скэнлан, былы кандыдат на прэзыдэнта, палітвязень Уладзімер Някляеў, былы палітвязень Аляксандар Фядута. Прыйшоў былы старшыня Партыі Свабоды Сяргей Высоцкі. Агулам 20 чалавек.
9:40 Ля будынка суду зьявіўся Парфянкоў. Яго прыйшлі падтрымаць бацькі і дэмакратычныя актывісты.
Your browser doesn’t support HTML5
Парфянкоў: Сёньня мой апошні дзень на свабодзе
У судзе пакуль ня вызначылі, у якой залі адбудзецца паседжаньне.
Васіля Парфянкова могуць арыштаваць на тэрмін да шасьці месяцаў альбо зьняволіць на тэрмін да аднаго году.
«Свабода» асьвятляе падзею ў рэжыме рэальнага часу.
Васіля Парфянкова вінавацяць у тым, што ён парушыў умовы прэвэнтыўнага нагляду.
Паводле абвінавачаньня, аднойчы былы палітвязень спазьніўся на адзначэньне ў міліцыю, якая наглядае за ім. Двойчы супрацоўнікі міліцыі прыходзілі да яго дадому ў той час, калі Васіль выходзіў у краму.
Прэвэнтыўны нагляд на год усталяваны за Васілём Парфянковым 5 студзеня 2012 году.
Справу будзе разглядаць судзьдзя Сяргей Бандарэнка, які 24 лістапада 2011 году асудзіў палітвязьня Алеся Бяляцкага на 4,5 года калёніі.
Даведка «Свабоды»: Васіль Парфянкоў
Нарадзіўся 30 жніўня 1983 г. у Менску. Скончыў 9 клясаў менскай школы № 163. Атрымаў будаўнічую прафэсію «майстар аддзелачных работ», працаваў рабочым у прыватных будаўнічых кампаніях, аўтасьлесарам у 7-м аўтапарку Менску. Не жанаты.
Удзельнічаў у абароне Курапатаў у 2001-2002 г. Быў сябрам Беларускай партыі свабоды, удзельнічаў у акцыях разам з «Маладым фронтам» і «Зубром». Неаднаразова бываў затрыманы і адбываў адміністрацыйныя тэрміны за грамадзкую актыўнасьць.
Падчас прэзыдэнцкіх выбараў 2010 г. супрацоўнічаў з кампаніяй «Гавары праўду», быў актывістам штабу Ўладзімера Някляева. Браў удзел у акцыі пратэсту супраць фальсыфікацыі вынікаў выбараў 19 сьнежня 2010 г. Быў затрыманы 4 студзеня 2011 г. Абвінавачаны ва ўдзеле ў масавых беспарадках. Да суду знаходзіўся ў сьледчым ізалятары на вуліцы Валадарскага ў Менску.
17 лютага судзьдзя Фрунзенскага суду Менску Вольга Комар асудзіла Парфянкова на 4 гады зьняволеньня ў калёніі строгага рэжыму. Таксама ён мусіў кампэнсаваць страты — 14 мільёнаў 700 тысяч рублёў за нібыта пашкоджаны будынак. Грошы на штраф сабралі салідарныя з палітвязьнем людзі.
Адбываў пакараньне ў Аршанскай калёніі № 8. Яго вызвалілі з калёніі 13 жніўня 2011 году.