Ваенны аналітык: Ужываньне сілы звонку — гэта палітычная сьмерць

Дзяржаўная дума Расеі ратыфікавала пагадненьне «Аб парадку фармаваньня і функцыянаваньня сіл арганізацыі дамовы аб калектыўнай бясьпецы».
Пагадненьне было падпісанае 10 сьнежня 2010 года ў Маскве і скіравана на фармаваньне сілаў апэратыўнага рэагаваньня АДКБ. Такім чынам Расея выказвае гатоўнасьць разганяць у тым ліку беларускія пратэсты. Як ставяцца да такой пэрспэктывы ў Беларусі?

Паводле дакумэнту, ужываньне сіл і сродкаў сыстэмы калектыўнай бясьпекі прымаецца на падставе звароту адной або некалькіх дзяржаў — сяброў гэтай арганізацыі. Пагадненьне прадугледжвае далучэньне да калектыўных сіл АДКБ, падразьдзяленьняў унутраных войск, паліцыі і спэцслужбаў і так далей. У жніўні мінулага году кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка прапанаваў выкарыстоўваць сілы калектыўнай бясьпекі АДКБ для прадухіленьня дзяржаўных пераваротаў.

Аляксандар Алесін

Ваенны аналітык газэты «Белорусы и рынок» Аляксандар Алесін адзначае, што найперш АДКБ — гэта орган для прыкрыцьця межаў Расеі з цэнтральнаазіяцкімі дзяржавамі. Ён мяркуе, што наўрад ці Калектыўныя сілы апэратыўнага рэагаваньня будуць скарыстаны для падтрыманьня ўлады Лукашэнкі.

«Лукашэнка гэтую сыстэму стараецца выкарыстоўваць у сваіх мэтах. Ён разумее, што для Расеі будуць неабходныя яго брыгады спэцпрызначэньня. Апроч таго, калі блізкі хаўрусьнік будзе ігнараваць АДКБ і Калектыўныя сілы апэратыўнага рэагаваньня, то, канечне, гэта прыклад для ўсіх астатніх. Таму для Лукашэнкі ад гэтага будзе толькі ўрон, бо чалавек, які цьвердзіць, што за яго галасуе 90% насельніцтва і як толькі ён зьвернецца ці паспрабуе зьвярнуцца па дапамогу звонку, да КСАР АДКБ, то гэта будзе яго палітычная сьмерць у той жа дзень. Бо нават самыя адсталыя грамадзяне ў гэты момант стануць відушчымі».

Андрэй Фёдараў

Палітоляг Андрэй Фёдараў мяркуе, што ў Беларусі проста ня ўзьнікне падставаў для выкарыстаньня гэтых сілаў АДКБ:

«Я ня бачу, каб беларускае грамадзтва было гатова да нейкіх рашучых дзеяньняў супраць улады. Да такіх, якія патрабавалі б умяшаньня сілавых структураў, а тым больш, звонку. Вось падзеі кшталту кіргіскіх — гэта так, гэта значна больш сур’ёзна».

Паводле палітоляга Алеся Лагвінца, удзел Расеі ў разгоне беларускіх пратэстаў — гэта гіпатэтычная магчымасьць.

Алесь Лагвінец

«Зроблена такое па прапанове Аляксандра Лукашэнкі дзеля таго, каб запужваць магчымыя дэмакратычныя рухі, якія хацелі б патрабаваць большых свабодаў унутры сваіх краінаў. Наколькі Масква гатовая дзейнічаць такім чынам? Дзеля дасягненьня сваіх мэтаў у Грузіі Расея выкарыстоўвала вайсковую моц. У выпадку Беларусі, якая для Расеі вельмі важная, можна прыпускаць, што калі Беларусь захоча мець больш адасобленую палітыку і збліжацца з Эўразьвязам, Масква можа выкарыстоўваць самыя розныя рычагі ўзьдзеяньня. Варта ўлічваць гэты чыньнік, што гэта пагадненьне было падпісана нелегітымнай уладай Беларусі. Але ў той жа час у сёньняшнім сьвеце, калі ёсьць добрая палітычная воля, то можна знайсьці ўплывовых саюзьнікаў, каб контрбалянсаваць уплыў адной вельмі важнай краіны».