Андрэй Моўчан скардзіцца на галаўны боль і ходзіць у паліклініку

Андрэй Моўчан

Напярэдадні яго выпісалі са шпіталю хуткай дапамогі для далейшага амбуляторнага лекаваньня, не зважаючы на скаргі хворага на галаўны боль.
Андрэй кажа, што пакутуе на галавакружэньне і адчувае фізычны боль ва ўсім целе, таму да паліклінікі яго суправаджала сястра. Тым ня менш у эпікрызе, які быў выдадзены актывісту падчас выпіскі, дакладна напісана толькі тое, што ён атрымаў лёгкую чэрапна-мазгавую траўму. Факт пералому сківіцы, а таксама іншыя траўмы ў эпікрызе пастаўленыя пад пытаньне.

Як паведаміла Вольга Моўчан — сястра Андрэя Моўчана, у сувязі з дрэнным самаадчуваньнем Андрэя, яна зьвярнулася да супрацоўнікаў міліцыі з просьбай аддаць пашпарт брата, які неабходны для падпісаньня ліста непрацаздольнасьці ў паліклініцы. Пашпарт ёй вярнулі ў гарадзкім аддзеле міліцыі (ГАМ) на вуліцы Уручскай-8. У кабінэце№ 8 яго вярнуў супрацоўнік міліцыі ў цывільным, які свайго прозьвішча не называў.