Экспэрты прагназуюць абменны курс у 10000 рублёў за даляр

За кароткі адрэзак часу беларускі рубель заўважна здаў пазыцыі ў адносінах да замежных валют. Ушчыльную наблізіўшыся да псыхалягічнай мяжы ў 8000 рублёў за даляр у красавіку, за апошнія дні па выніках біржавых таргоў рубель адкаціўся да адзнакі 8260. Ці трэба рыхтавацца да далейшага абясцэньваньня нацыянальнай валюты?
Старшы аналітык групы кампаній FOREX CLUB у Беларусі Валеры Палхоўскі перакананы, што з прычыны інфляцыі ў беларускага рубля няма іншай альтэрнатывы, як паступова здаваць пазыцыі адносна галоўных валют. Пры гэтым ён ня думае, што адкат будзе значны, але да сярэдзіны году не выключае давядзеньня абменнага курсу да ўзроўню 8500 рублёў за даляр:

«Так ці інакш нейкае аслабленьне мы ўбачым. Перадусім таму, што ў краіне ўсё роўна мае месца інфляцыя. А калі ў вас абменны курс застаецца нязьменны, а інфляцыя захоўваецца, то пры гэтым рэальны курс з улікам інфляцыі, важны найперш для экспартэраў, узмацняецца, што зьніжае іх канкурэнтаздольнасьць. Думаю, зь цягам часу ў прадпрыемстваў гэта выкліча імкненьне прадаваць валюту па вышэйшым кошце. Плюс інфляцыйныя і дэвальвацыйныя чаканьні, якія па-ранейшаму захоўваюцца. І да ўсяго гэтага Нацыянальны банк, які ніжэй за адзнаку ў 8000 рубель не пускае. Таму, хутчэй за ўсё, будзе пэўнае аслабленьне рубля — магчыма, да ўзроўню 8500–8600 бліжэй да сярэдзіны году. Пры гэтым важна адзначыць, што сам Нацбанк прагназаваў курс у сярэднім 9200 па выніках году».
Сам Нацбанк прагназаваў курс у сярэднім 9200 па выніках году.

Упершыню за апошнія месяцы ў абменных пунктах набываюць даляр больш чым за 8200 рублёў. Прычым найбольшы курс — 8240 рублёў за даляр — выставіў «Крэдэксбанк», абвінавачаны ўчора Міністэрствам фінансаў ЗША ў «адмываньні грошай».

Між тым, як лічыць эканаміст Васіль Шлындзікаў, пры адсутнасьці структурных рэформаў, працягу папулісцкай палітыкі штучнага падвышэньня заробкаў падзеньне рубля можа быць вельмі балючае і пагражае акругліць яго да рэкорднай велічыні:

«Я думаю, падзеньне рубля непазьбежнае. Чаму непазьбежнае? Ды таму, што заробкі ў бюджэтнікаў надзвычай нізкія, і, наколькі я ведаю, зьявіліся ўжо праблемы з кадрамі. Урад будзе проста вымушаны падымаць заробак, але дзе ўзяць лішнія грошы? Няма дзе, толькі друкаваць. А такім чынам інфляцыю ніяк не стрымаць. Вядома, усё залежыць ад мноства фактараў, якія ў нашых умовах складана прадбачыць. Магчыма, улады нешта ўсё ж прададуць, магчыма, удасца прыцягнуць дадатковыя рэсурсы, што ўмацуе становішча нацыянальнай валюты. Але ў выпадку, калі нічога са стратэгічнай маёмасьці на продаж ня пойдзе, калі ня будзе новых пазыкаў, то, думаю, да паказьніка ў 10 000 рублёў за даляр — вельмі нават лёгка. А там ужо жыцьцё пакажа, да чаго рыхтавацца».

Істотнага падзеньня вартасьці нацыянальнай валюты не выключае і доктар эканамічных навук Уладзімер Кулажанка. Па ягоных словах, ня маюць асаблівага аптымізму што да магчымасьці ўмацаваньня рубля і самі банкаўскія работнікі:
Наша палітыка ў галіне эканомікі цягне на тое, што 1 даляр будзе каштаваць дзесьці 10 000 рублёў.

«Наагул тэндэнцыя такая: наша палітыка ў галіне эканомікі цягне на тое, што 1 даляр будзе каштаваць дзесьці 10 000 рублёў. Пра гэта, між іншым, самі банкаўскія работнікі заяўлялі. Мне спачатку нават і ня верылася ў такую верагоднасьць, але потым я пераканаўся: сапраўды, яны глядзяць на гэтую праблему абсалютна рэалістычна і падзеньне можа быць вельмі значнае. І найперш асьцерагацца трэба эмісіі. Бо я перакананы: заробкі немагчыма падняць да 500 даляраў вось так адразу, загадам. Тым больш за адзін год (нават паўгода да канца 2012-га ўжо засталося). Гэта папросту немагчыма, хоць імкненьні такія, натуральна, будуць. Ня выключана, што на нейкіх прадпрыемствах такі ўзровень будзе сапраўды дасягнуты, але ў цэлым без друкаваньня грошай нічога ня выйдзе. Асабліва з улікам узроўню цяперашняй заработнай платы ў сельскай гаспадарцы, у калгасах і саўгасах. Справа ня толькі складаная, але і вельмі рызыкоўная».

Да канца 2012 году валютныя выдаткі Нацыянальнага банку і ўраду на пагашэньне вонкавых і ўнутраных фінансавых абавязаньняў перавысяць 4 мільярды даляраў. Гэта палова цяперашняга аб’ёму золатавалютных рэзэрваў дзяржавы. Экспэрты перакананыя, што падобнае агаленьне тылоў таксама нэгатыўна паўплывае на пазыцыю беларускага рубля.