Без вады, безь сьвятла, з пэрспэктывай высяленьня

За першыя тры месяцы гэтага году ў 9600 кватэрах жыхароў Беларусі адключаныя сьвятло і вада за няплату камунальных паслуг. Усяго ж няплатнікаў — 175 тысяч сем’яў, якія завінаваціліся дзяржаве 33 мільярды беларускіх рублёў. Спажыўцы камунальных паслуг і адмыслоўцы заяўляюць, што перадумовы неплацяжоў у бальшыні выпадкаў стварае сама дзяржава.
Менскі пэнсіянэр Барыс Зянкевіч да праблемы кватэрных неплацяжоў дачыненьне мае ўскоснае — сыстэмную запазычанасьць маюць ягоныя суседзі ў пад’езьдзе:

«У мяне заўсёды вывешваюць сьпісы маіх суседзяў па пад’езьдзе, якія ня плацяць. Да прыкладу, у чацьвёртай кватэры жывуць п’яніцы. Там і міліцыю выклікалі, і высяляць хацелі, а яны як пілі, так і п’юць, як жылі, так і жывуць. Я думаю, што ні з таго, ні зь сяго чалавек піць ня будзе, а значыць, ёсьць нейкая прычына. А ў душу да чалавека не залезеш — у кожнага свая прычына і ў кожнага свой мэтад выхаду з сытуацыі. А ёсьць людзі, якія хацелі б заплаціць, ды ня могуць: капейкі атрымае ад гэтай дзяржавы, а трэба сям’ю карміць. Таму трэба разьбірацца, бо ёсьць такія моманты, што гэтага чалавека, можа, і пашкадаваць трэба, адтэрміноўку якую даць, а можа, і дапамагчы чым. Але пакуль у нас будзе гэтая сыстэма, пакуль мы будзем у гэтым „Бухэнвальдзе“ жыць, нічога добрага ня будзе».

Дырэктар ЖЭСу № 28 у менскім мікрараёне Чыжоўка Юры Гаршоў з праблемай запазычанасьцяў па квартплаце знаёмы непасрэдна. З асобнымі няплатнікамі змаганьне ідзе цягам гадоў:
Бывае, што судовы выканаўца прыходзіць апісваць маёмасьць, а там і апісваць няма чаго.

«Ёсьць у нас такія прыклады: 4 чалавекі маюць запазычанасьць па 3–4 гады. Ёсьць і іншыя, якія ня плацяць па 6 месяцаў і па году. Злосныя няплатнікі — гэта людзі, якія вядуць асацыяльны лад жыцьця, пераважна жывуць у пакоях з агульнай кухняй, і адносна іх цяжка нават нейкія меры ўзьдзеяньня выкарыстаць. У астатніх выпадках — там розныя сытуацыі. Ёсьць такія, што выехалі на доўгі час і ня здолелі плаціць. Ёсьць прыклады, калі не было чым плаціць — па-рознаму людзі тлумачылі. Цяжка, але змагаемся: папярэджаньні пішам, адключаем электрычнасьць, ваду гарачую і халодную, нават каналізацыю — зараз ёсьць такая тэхнічная магчымасьць, падаем пазовы ў суд. Бывае, што судовы выканаўца прыходзіць апісваць маёмасьць, а там і апісваць няма чаго. Былі такія выпадкі, што перасялялі ў менш камфортнае жыльлё. Менш камфортнае — гэта калі з двухпакаёвай кватэры перасялялі ў аднапакаёвую, з аднапакаёвай — у пакой з агульнай кухняй. Але „на вуліцу“ яшчэ ніхто нікога не высяляў».

Адмыслоўцы заяўляюць, што ў выпадку вымушанай запазычанасьці па камунальных плацяжах людзі мусяць зьвяртацца па грашовую дапамогу ў мясцовыя органы ўлады. Юрыст і праваабаронца Ўладзімер Лабковіч мяркуе, што праблему запазычанасьцяў дзяржава павінна разьвязваць вельмі абачліва:

«Безумоўна, калі падыходзіць зь юрыдычнага гледзішча, то дзяржава мае права спаганяць запазычанасьці з грамадзян, якія не выконваюць сваіх абавязкаў па аплаце камунальных паслуг. Але, зь іншага боку, трэба таксама бачыць тое, што дзяржава, асабліва ў апошнія гады, не выконвае свае сацыяльныя функцыі ў поўным аб’ёме, як яна гэта дэкляравала. І тое, што людзі страчваюць працоўныя месцы, што людзі вельмі пацярпелі падчас мінулагодняй дэвальвацыі, і гэта істотна зьменшыла колькасьць насельніцтва ў краіне, якое адчувае сябе эканамічна стабільна. Але пасьля гэтыя людзі сутыкаюцца зь бяздушнай дзяржавай, якая праз суд спаганяе гэтыя грошы ці забірае жыльлё ўзамен на менш камфортнае. І таму трэба разглядаць кожны выпадак асобна: ці гэта віна чалавека, які ня здолеў забясьпечыць сябе і сваю сям’ю, ці дзяржавы, якая не дала магчымасьці чалавеку самарэалізавацца».

Як паведамляюць урадавыя структуры, камунальныя плацяжы да канца гэтага году павінны ўзрасьці ўдвая.