У Горадні беларускамоўных клясаў па-ранейшаму няма

Алесь Смалянчук

Таварыства беларускай мовы ў Горадні пачало кампанію на бацькоўскіх сходах у школах. Актывісты агітуюць аддаваць дзяцей у беларускамоўныя клясы.
Звычайна ТБМаўцы выступаюць разам з прадстаўнікамі адміністрацыі школы. Гісторык Алесь Смалянчук кажа, што ў яго засталіся вельмі добрыя ўражаньні ад рэакцыі бацькоў на ягоную агітацыю.

Смалянчук: "Цікавасьць да гэта ёсьць, адчувалася. Бо калі я раней выступаў у школах, яшчэ навучаліся мае дзеці, то было папросту адкрытае непрыняцьце. Я пачынаў гаварыць, а людзі выходзілі з клясы, бо ведалі, пра што пойдзе гаворка. А тут вось была такая сымпатыя і гатоўнасьць нешта рабіць".

Заяваў у беларускія клясы ня будзе, пакуль улада, вышэйшая адукацыя не загавораць па-беларуску...

На думку Смаленчука, такі невялікі крок можна расцэньваць як станоўчы, але заяваў у беларускія клясы ня будзе да той пары, пакуль улада, вышэйшая адукацыя не загавораць па-беларуску.

Актывіст ТБМ Алесь Крой прыводзіць прыклад, як падчас сходу адрэагавалі на выступ аднаго з бацькоў, які катэгарычна адазваўся пра беларускамоўнае навучаньне.

Крой: "Так адзін з бацькоў устаў і заявіў, што я на гэтай калгаснай мове ня буду вучыць сваіх дзяцей. Дык уся заля на яго адмоўна адрэагавала, ён сядзеў як апляваны. Маўляў, што ты нас так абразіў".

Сябра ТБМ Аляксандар Місьцюкевіч распавядае, што ў школе № 28 пасьля іхніх выступаў гучалі аплядысмэнты, а з адміністрацыі школы па-беларуску ня выступіў ніхто.

Дырэктар Ахметаў агітаваў, каб аддавалі дзяцей у кадэцкія клясы, маўляў, яны езьдзяць у Расею на зборы
.

Місьцюкевіч: "Выступаў дырэктар Ахметаў перад бацькамі і агітаваў, каб аддавалі дзяцей у кадэцкія клясы, маўляў, яны езьдзяць у Расею на зборы ў лягеры і ўсё гэта задарма, а па-беларуску не сказаў ніводнага слова".

Я паразмаўляў з бацькамі і запытаўся – ці аддадуць яны сваіх дзетак у беларускамоўныя клясы. Размаўляць на гэтую тэму ніхто не адмовіўся, праўда, аргумэнты кожны прыводзіў свае.

Спадарыня: "Калі б побач з домам была беларуская школа, то я яго туды б аддала, а не ў расейскую, ня польскую, не ангельскую. І каб ён ведаў беларускую мову, гэта б яму не зашкодзіла. Сама так вучылася: спачатку ў беларускай школе, а потым здавала экзамэны па-расейску і ня мела ніякіх праблемаў".

Спадарыня: "Найперш я хацела б аддаць у англамоўную школу. Болей пэрспэктываў, магчымасьцяў уладкавацца на прэстыжную працу, паехаць за мяжу. Ангельская мова паўсюль спатрэбіцца".

Паўсюль размаўляюць па-расейску...

Спадарыня: "Я баюся, што будуць праблемы з навучаньнем па-беларуску, бо я з сваімі дзецьмі шмат займаюся, а сама беларускую мову ведаю дрэнна. І мне вельмі важна, каб у іх былі добрыя балы. А калі я ім не змагу дапамагчы… Дый паўсюль размаўляюць па-расейску".

Спадарыня: "Не, я дзіцё ў беларускамоўны кляс не аддам, бо ў нас ніхто ня ўмее правільна гаварыць па-беларуску. У нас нават дыктар на радыё і вядучы на тэлебачаньні робяць такія памылкі, што я заўважаю. І калі дзіця будуць вучыць такой абракадабры, такой трасянцы, на якой гаворыць наш прэзыдэнт, то – не, я такога не хачу".

У Горадні беларускамоўных клясаў па-ранейшаму няма.