Равяка: Каваленка — палітычны вязень

Тацяна Равяка, праваабаронца

Госьця «Вынікаў дня» -- сябра Рады праваабарончага цэнтру «Вясна» Тацяна Равяка.
Міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International адказала адмовай на афіцыйную просьбу дэпутата Эўрапарлямэнту Марэка Мігальскага прызнаць Сяргея Каваленку вязьнем сумленьня. Пры гэтым дырэктар праграмы Amnesty International у Эўропе і Цэнтральнай Азіі Джон Дальхузен, заявіў у сваім лісьце Мігальскаму, што яго арганізацыя будзе працягваць сачыць за справай Каваленкі і пры неабходнасьці ўмешвацца.

Соўсь: Тацяна, як вы мяркуеце, паводле якіх крытэраў «Міжнародная амністыя» адмовілася прызнаць Каваленку вязьнем сумленьня?

Равяка: У Amnesty International распрацаваныя вельмі дакладныя крытэрыі. Арганізацыя падзяляе ў шырокім сэнсе палітвязьняў на дзьве вялікія групы. Вязьні сумленьня - людзі, свабода якіх абмежаваная турэмным ці іншым спосабам, выключна з-за палітычных, рэлігійных і іншых перакананьняў, полу, расы, мовы, сэксуальнай арыентацыі і г.д., і такімі вязьнямі ня могуць быць прызнаныя людзі, якія зьвяртаюцца да гвалту, прапагандуюць гвалт ці варожасьць. Вось гэтае вызначэньне вязьняў сумленьня Amnesty International. І - палітычныя вязьні. Гэта ці матывы дзеяньня самога зьняволенага былі палітычныя, ці палітычнымі дзеяньнямі былі ўладаў у дачыненьні да гэтага чалавека. Так што гэта крыху розныя азначэньні. Я думаю, што ў адносінах да справы Сяргея Каваленкі асноўнае значэньне адыграла тое, што акрамя таго, што ён абвінавачваўся ў хуліганстве, як быў расцэнены крок па вывешваньні бел-чырвона-белага сьцягу на навагодняй ёлцы, другое -- абвінавачваньне было зьвязанае з супраціву работнікам міліцыі, гэта артыкул 163 КК. І тое, што трое супрацоўнікаў міліцыі, якія затрымлівалі Сяргея, нават патрабавалі кампэнсацыі нанесенай шкоды, што Сяргей наносіў ім адзінкавыыя ўдары. Я думаю, што азначямленьне з гэтымі асьпэктамі справы Сяргея Каваленкі і адыграла для У Amnesty International асноўную ролю ў прызнаньні альбо непрызнаньні яго вязьнем сумленьня.

Соўсь: Гэта канчатковае рашэньне?

Равяка: Мне цяжка казаць пра Amnesty International , гэта паважаная арганізацыя, якая шмат гадоў працуе ў гэтым накірунку. Мне з беларускіх прыкладаў невядомыя такія выпадкі, калі яны мянялі сваё рашэньне. У прынцыпе, для Беларусі не характэрна, калі да палітычных абвінавачваньняў інкрымінуюцца яшчэ і гвалтоўныя дзеяньні, такія выпадкі можна пералічыць па пальцах адной рукі. Гэта справа Сяргея Парсюкевіча, справа Андрэя Кіма, якіх абвінавацілі, што нібыта выкарыстоўвалі гвалт да міліцыянтаў, але гэтыя сытуацыі нават у судзе не былі даказаныя, грунтаваліся толькі на паказаньнях саміх супрацоўнікаў міліцыі. І мы заўсёды ў размовах з калегамі на гэта зьвяртаем увагу - што сьведчаньні супрацоўнікаў міліцыі не заўсёды ёсьць праўда, на якую можна абапірацца. Вельмі часта гэта можа быць наадварот, як у гісторыі з Каваленкам. На судзе супрацоўнікі міліцыі цалкам адвяргалі, што Каваленка зьбіваўся пад час затрыманьня. Але разам з тым судова-мэдычная экспэртыза пацьвердзіла, што ён быў зьбіты у часе затрыманьня. Фактычных доказаў, што ён аказваў супраціў работнікам міліцыі, няма, акрамя толькі паказаньняў саміх супрацоўнікаў. У такой сытуацыі, мне здаецца, варта больш дакладна падыходзіць да канкрэтнай справы, вывучаць сытуацыю ў краіне, у якой выносіцца падобнае судовае рашэньне.

Соўсь: Міжнародная амністыя таксама адмовілася прызнаваць Мікалая Аўтуховіча вязьнем сумленьня падчас ягонай другой адседкі. Падчас першага яго зьняволеньня разам з Аляксандрам Васільевым таксама напачатку «Міжнародная амністыя» не прызнавала іх вязьнямі сумленьня, але праз некалькі гадоў зьняволеньня ўсё ж прызнала. Што паўплывала на рашэньне міжнароднай праваабарончай арганізацыі ў гэтым выпадку?

Равяка: Думаю, адсутнасьць самога абвінавачваньня, у сувязі з чым было вынесенае гэтае рашэньне -- зброя, патроны, якія захоўваліся ў Аўтуховіча. І Amnesty International не рашылася такую спрэчную справу, дзе відавочна было захоўваньне зброі - лічыць чалавека вязьнем сумленьня. Магчыма, тут выявіўся абмежаваны падыход, але Amnesty International мае свае крытэрыі, мае права іх выкарыстоўваць. Мы можам пагаджацца ці не, але яны маюць права выказваць сваё меркаваньне.

Соўсь: Давайце вернемся да Плошчы-2010. Амаль праз тыдзень пасьля 19 сьнежня Міжнародная амністыя прызнала вязьнямі сумленьня шэраг палітыкаў, у тым ліку Рыгора Кастусёва, Аляксандра Арастовіча,а многіх іншых удзельнікаў Плошчы, якія атрымалі па некалькі гадоў турмы, як напрыклад Аляксандра Квяткевіча, Уладзімера Лобана, Аляксандра Класкоўскага так і не прызнала. Чаму?

Равяка: Думаю, зноў жа аналізавалася сама сутнасьць справы і прад'яўленых абвінавачваньняў. Мы, калі гаворым пра справу 19 сьнежня, не адмаўляем, што ў дзеяньнях некаторых людзей, якія ў тым ліку былі асуджаныя, былі прыкметы правапарушэньняў. Але мы кажам, што справа абсалютна матываваная, што дзеяньні ўлады былі матываваныя, і непрапарцыйнымі. Няправільна было выстаўлена абвінавачваньне - гэта не былі "масавыя беспарадкі". А тое, што ў дзеяньнях некаторых людзей былі прыкметы правапарушэньняў, дык гэта і нам відавочна.

Соўсь: А наколькі важна, каб менавіта Міжнародная амністыя прызнавала зьняволенага вязьнем сумленьня? Чым яна рэальна можа дапамагчы беларускім вязьнямі?

Равяка: Калі вядзецца размова пра тое, прызналі вязьнем сумленьня ці не - гэта меркаваньне ўсяго толькі адной праваабарончай, вельмі ўплывовай -- але толькі адной арганізацыі, якая кіруецца сваімі крытэрыямі. Ёсьць яшчэ крытэрыі, выпрацаваныя рознымі інстытутамі Рады Эўропы, Human Rights Watch, і мы , калі разглядаем справы, карыстаемся ўсімі гэтымі крытэрыямі. Amnesty International. Канешне, Amnesty International аказвае дапамогу ў пляне ціску на міжнародныя інстытуцыі, якія прымаюць рашэньні ў дачыненьні да Беларусі. Гэта вельмі важнае меркаваньне, але разам з тым, гэта толькі меркаваньне адной праваабарончай арганізацыі. У сваю чаргу, беларускія праваабаронцы адназначна сьцьвярджаюць, што Сяргей Каваленка - гэта палітычны вязень. І ягоныя дзеяньні дыктаваліся ягонымі перакананьням. А аказваў ці не аказваў ён супраціў пры затрыманьні -- гэта мы лічым недаказаным. І мы патрабуем безумоўнага і неадкладнага вызваленьня. Гэта пазыцыя і іншых ня толькі беларускіх, але і міжнародных арганізацый, якія патрабуюць вызваленьня беларускіх палітвязьняў.
http://www.svaboda.org/externalaudio-FLRM/Audio/356358.html