Кананізацыя Сямашкі. Скон народу-2

Мітрапаліт Іосіф Сямашка.

Камэнтары чытачоў да майго папярэдняга тэксту пра кананізацыю мітрапаліта Іосіфа Сямашкі дазваляюць зрабіць дзьве высновы.

Па-першае, многія камэнтатары сваімі пастамі паказалі, што не зусім зразумелі майго тэксту і мэты яго напісаньня. Я прывёў там некалькі малавядомых гістарычных фактаў і прапанаваў новую трактоўку некаторых гістарычных падзеяў зусім не для таго, каб заклікаць некага пераходзіць у каталіцтва ці уніяцтва. Зусім не, крый Божа! Хай усе ходзяць у тыя храмы, куды іх вядзе іх сумленьне.

Гістарычныя факты пра хістаньне нашых продкаў і нашай царквы паміж Канстантынопалем і Рымам, згадкі пра сем уніяў XV-XVI стагодзьдзяў спатрэбіліся мне для таго, каб паказаць, якой неадназначнай была наша гісторыя і як яна ня ўпісваецца ў схему, распрацаваную ў ХІХ стагодзьдзі гісторыкамі Расейскай імпэрыі. Веданьне сапраўднай беларускай царкоўнай гісторыі, на маю думку, павінна выклікаць у людзей павагу да ўсяго, што з намі адбывалася, і да ўсіх тых, хто сёньня зьяўляецца прыхільнікам таго ці іншага пэрыяду гэтай гісторыі. Усе мы беларусы, а нашы прыярытэты і перавагі маюць пад сабой гістарычныя падставы. Гэта ўсё — наша пакутная і шматаблічная гісторыя, гэта ўсё — наша Беларусь і мы самі, яе дзеці.

Па-другое, зьмест палемікі пад папярэднім блогам зноў паказаў, наколькі моцна нас усіх трымае канфэсійны падыход да гісторыі. Наогул, канфэсійная сытуацыя ў краіне значна больш важная і значна больш уплывае на нас, чым мы гэта заўважаем і разумеем. Гэта, відаць, сапраўдны праклён Беларусі — яе царкоўная гісторыя.

І як тут зноў і зноў ня думаць пра кананізацыю мітрапаліта літоўскага Іосіфа Сямашкі. Я лічу, што галоўная і найтрагічнейшая «заслуга» гэтага царкоўнага дзеяча ў тым, што беларусы сёньня думаюць, што ходзяць у праваслаўныя цэрквы, хоць, насамрэч, яны ходзяць у цэрквы расейскія...

Нашу гуманітарыю, нашу сьвядомасьць і нават мараль наўсьцяж працінае канфэсійнасьць. Тое вынікла з нашай трагічнай гісторыі, і мы сёньня такія слабыя і маніпуляваныя больш моцнымі суседзямі таму, што ня можам гэтай канфэсійнасьці пазбыцца і замяніць яе на адзіна правільны нацыянальны падыход да ўсяго. Падыход інтэграваны і ўсёдаравальны — усё, што з намі было, усё наша.

А ў выніку адсутнасьці такога падыходу і нашай духоўнай несамастойнасьці адбываюцца фатальныя для народнай маралі рэчы. Мараль наогул — ці не самае важнае, што народу для нацыянальнага існаваньня і нацыянальнага імунітэту патрэбна. Многія знакавыя і сымбалічныя рэчы, што з намі адбываюцца і якія сьведчаць пра няўхільны скон нашай народнай душы і самога нашага народу, маюць найперш маральнае вымярэньне.

Кананізацыю Сямашкі адзін мой праскі сябар назваў чарговай «лініяй Сталіна» ці чарговай вуліцай Суворава, і ён мае абсалютную рацыю. Сапраўды, вуліцы Суворава ў беларускіх гарадах, помнікі Леніну, лінія Сталіна, вандалізм у Курапатах і сама цяперашняя палітычная сыстэма ў краіне — усё гэта найперш праблемы маральнага і духоўнага стану народу. І кананізацыя мітрапаліта Сямашкі — гэта, у прынцыпе, яшчэ адна вуліца Суворава ці яшчэ адна Лінія Сталіна. Але ёсьць адно «але», адна папраўка, і сфармуляваць яе можна так: СПАЧАТКУ БЫЎ СЯМАШКА, А ПАСЬЛЯ ЗЬЯВІЛАСЯ ЎСЁ АСТАТНЯЕ. Калі б не было Сямашкі, не было б і лініі Сталіна, і вуліцы Суворава ў нашых гарадах ужо даўно пазьнікалі б, і цяперашняй улады ў Беларусі магло б ніколі ня быць. Сямашка — галоўны антыгерой беларускай гісторыі ХІХ стагодзьдзя і галоўны герой Расеі таго часу, гэта менавіта ён, а не Мураўёў-вешальнік зрабіў найболей для перамогі «русского дела в Западном крае»...

А маленькіх «лініяў Сталіна» (або вуліцаў Суворава etc.) у Беларусі ўсё болей і болей. Адну зь іх у лютым 2012 году я знайшоў на Вайсковых могілках у цэнтры Менску.

У 2010 годзе ў сталіцы Беларусі пачалася адбудова царквы Сьвятога Духа на Пляцы Волі. Царква гэтая была храмам двух уніяцкіх базыльянскіх манастыроў, муры якіх шчасьліва захаваліся побач з царквой да нашых дзён, прычым, адзін зь іх, жаночы, зьяўляецца найстарэйшым мураваным будынкам сёньняшняга Менску — яго аснова сягае ў XVI стагодзьдзе. У 1936 годзе перабудаваная ў ХІХ стагодзьдзі на расейскі праваслаўны катэдральны сабор Сьвятадухаўка была ўзарваная. Выбух ня толькі разбурыў сьцены, але і пашкодзіў некаторыя пахавальныя крыпты ў лёхах царквы. І вось калі ў 2010 годзе будаўнікі раскапалі падмуркі Сьвятадухаўкі, яны знайшлі і шэраг чалавечых парэшткаў. Да таго ж, будаўнікі разбурылі і непашкоджаныя пахавальныя крыпты ў падмурках, дзе знайшлося і адно нятленнае цела ў царкоўным аблачэньні. Бедныя менскія грэка-католікі прасілі ўлады, каб людзкія парэшткі аддалі ім для належнага ўшанаваньня і перапахаваньня, служылі ля будаўнічай пляцоўкі малебны — нічога не дапамагло. Улады круцілі-муцілі, абяцалі вярнуць косьці ў царкву і нават аднавіць крыпту ў лёхах новазбудаванай копіі храму, але ўрэшце нятленнае цела аказалася ў Акадэміі навук «для вывучэньня», а косьці бязь сьледу зьніклі.

Зрэшты, у 2011 годзе яны знайшліся. Аказалася, што праваслаўныя (!) сьвятары пахавалі іх у брацкай магіле на вайсковых могілках у Менску. На маленькай непрыкметнай магіле паставілі крыж зь дзікім, як на маё разуменьне, надпісам:

«Здесь покоятся останки христиан, обретенные при строительстве концертного зала детской филармонии на пл. Свободы в Минске».

Люты 2012 году.



Крыж той за год ужо двойчы ламалі, ляжыць ён зламаны і цяпер... Нехта ўсё ня можа супакоіцца. Відаць, канфэсійны падыход не дае.

Люты 2012 году.



А насамрэч падзея, якую я апісаў, — страшная. Яна паказвае, у якой маральнай прорве знаходзіцца беларускае грамадзтва ў выніку канфэсійнага падыходу да сваёй гісторыі. Заснавальніцай базыльянскага манастыра ў Менску была дачка вялікага канцлера літоўскага, стваральніка Статуту 1588 году Лява Сапегі Кацярына Сапяжанка, яна была першай ігуменьняй менскіх базыльянак і ў царкве Сьвятога Духа была пахаваная. Таксама ў царкве Сьвятога Духа ў палове XVIІ стагодзьдзя супакоіўся і фундатар царквы, кіеўскі уніяцкі мітрапаліт Антоні Сялява. Гэта — выдатныя асобы і пэрсанажы беларускай гісторыі без увагі на іх канфэсійную прыналежнасьць, і калі б нават падазрэньне было на тое, што іх парэшткі могуць аказацца сярод адкапаных касьцей, іх трэба было б належным чынам ушанаваць. А тут ніякага падазрэньня — гэта дакладны гістарычны факт, што ігуменьня Кацярына Сапяжанка і кіеўскі мітрапаліт Антоні Сялява былі пахаваныя ў гэтай царкве. І вось іх парэшткі апаганеныя і ананімна пахаваныя ў брацкай магіле пад цынічным надпісам...

Насамрэч, выкіданьне мошчаў са Сьвятадухаўкі — гэта гвалт над нашымі духоўнымі каранямі. Парэшткі беларускіх дзеячоў — ігуменьні Кацярыны Сапяжанкі, мітрапаліта Антонія Сялявы (як і сотняў іншых, розных веравызнаньняў, якія былі апаганеныя або яшчэ будуць апаганеныя) — былі і ёсьць сапраўдным духоўным карэньнем нацыі, мэтафізычным сховішчам нашага нацыянальнага духу, яго апірышчам. Нацыянальны дух нябачна і неадчувальна бруіўся і бруіцца адтуль, з-пад зямлі, і падмацоўвае жывы арганізм нашага народу. Такім містычным духоўным апірышчам і крыніцай духу зьяўляюцца наогул ўсе старажытныя муры нашых гарадоў і мястэчак. Таму ворагі заўсёды дратавалі і дратуюць ня толькі гісторыю, памяць і матэрыяльныя яе ўвасабленьні, але і магілы продкаў, могілкі. У 2010 годзе растапталі і апаганілі яшчэ адну містычную крыніцу народнага духу ў падмурках менскай Сьвятадухаўкі.

І тут (зноў кажу) ня важна, да якой канфэсіі належалі выдатныя дзеячы нашай гісторыі, магілы якіх былі апаганеныя ў апісаны вышэй спосаб. Такой самай жорсткай маральнай ацэнкі заслугоўваў бы і факт апаганьваньня магілы некага з праваслаўных ці пратэстанцкіх дзеячоў нашай гісторыі.

Адзіна слушны і адзіна правільны падыход да гісторыі нам ў ХІХ стагодзьдзі падмянілі падыходам канфэсійным. І сёньня ўжо не разабрацца, дзе, што і як перакручана ў беларускіх галовах, нават у лепшых зь іх. Сёньня я магу адназначна сьцьвярджаць, што ня можа існаваць праваслаўнай дзяржавы «Беларусь» зь беларускай дзяржаўнай мовай. Як яе сёньня і няма. Многія і многія людзі, лепшыя людзі Беларусі, кандыдаты і дактары навук, не разумеюць, што ня можа ўжо ў прынцыпе быць праваслаўнай Беларусі, а можа быць толькі праваслаўны расейскамоўны Паўночна-Заходні край. Праваслаўная Баўгарыя магчымая, праваслаўныя Сэрбія, Румынія і Расея магчымыя, а вось Беларусь — не. Беларусь можа быць толькі шматканфэсійнай. І толькі тады — маральнай.

Я ўсё ж веру, што некалі і наша краіна стане маральнаю, што некалі і ў нас пачнуць паважаць ня толькі большасьці, але і меншасьці.

Вядома, маліцца да Сямашкі таму, хто гэтага хоча, не забароніш. Людзі маюць на гэта поўнае права. Але, на маю думку, ушаноўваць Сямашку ў Беларусі, а тым больш маліцца да яго, можа толькі той, у каго нелюбоў да іншай канфэсіі большая за любоў да свайго народу і да сваёй радзімы. А гэта ўжо — фанатызм, які ня мае нічога агульнага з хрысьціянскай маральлю, або — СЬВЯДОМЫ ПАЛІТЫЧНЫ ВЫБАР.

Неяк цяжка ўявіць беларускамоўнага беларуса перад абразом з выявай мітрапаліта Іосіфа...