15 сутак за плякат «Мусарок»

Судзьдзя Ленінскага раённага суду Міхаіл Хома зьвінаваціў грамадзкага актывіста Івана Амельчанку паводле артыкула Адміністрацыйнага кодэксу 17.1 аб хуліганстве і прысудзіў 15 сутак адміністрацыйнага арышту.
Падставай для гэтага стаўся самаробны плякат з надпісам «Мусарок», зь якім Іван Амельчанка выйшаў на Чарнобыльскі шлях і разгарнуў яго побач зь відэаапэратарам спэцслужбаў.

Івана Амельчанку затрымалі напярэдадні ў Ленінскім райаддзеле міліцыі Менску, куды ён добраахвотна пайшоў па накіраваньні ўчастковага інспэктара. Сябрам і сваякам, якія яго суправаджалі, дзяжурныя міліцыянты не давалі ніякай інфармацыі: на якой падставе затрыманы Іван Амельчанка і ў чым яго вінавацяць. Тэлефон актывіста быў адключаны і ніякай інфармацыі пра ягоны лёс не было вядома цягам усяе ночы. Толькі ранкам, калі сваякі і праваабаронцы дзяжурылі каля будынка суду Ленінскага раёну, яны пабачылі Івана, прывезенага ў суд пад канвоем.

Cтрыечная сястра Івана Амельчанкі Інга Максімовіч: «Участковы тэлефанаваў мне, але нават не паведаміў, дзеля чаго яго выклікаюць. Іван пайшоў сам, і ўсё — прапаў, зьнік. І пра яго нічога нікому невядома. Ён пайшоў а трэцяй гадзіне дня, сказаўшы, што яго выклікаюць у міліцыю і ён ідзе ў міліцыю, і зьнік. Яго ўжо суткі няма, тэлефон ягоны адключаны, і ніхто нічога ня кажа. Ягоная маці мне тэлефануе кожныя паўгадзіны і пытаецца, ці я што даведалася — уся сям’я хвалюецца. І ніхто не патэлефанаваў нам больш і не паведаміў, дзе ён і што зь ім. Я вось толькі ад сяброў даведалася, што ён тут. Гэта нармальна?»

Your browser doesn’t support HTML5

Камэнтар сястры Івана Амельчанкі


Падчас Чарнобыльскага шляху Іван Амельчанка з плякатам «Мусарок» у руках стаў побач з супрацоўнікам спэцслужбаў, які быў апрануты ў цывільнае і фільмаваў шэсьце. Відэа пра гэта і фатаздымкі шырока разышліся ў інтэрнэце, і ўжо назаўтра актывіста пачала шукаць міліцыя.

Іван Амельчанка паводле прафэсіі — будаўнік, працаваў у розных дзяржаўных і прыватных будаўнічых кампаніях, а цяпер зарабляе на жыцьцё часовымі будаўнічымі працамі. Паехаў да маці ў адну зь вёсак на Віцебшчыне, але яго шукалі і там. Тады актывіст вырашыў вярнуцца ў Менск і сам пайшоў да ўчастковага інспэктара. Сябар Івана Алесь Крот гэтак кажа пра іх супольную грамадзянскую пазыцыю:

«Мы і пазнаёміліся праз грамадзкую дзейнасьць, і гэта ўжо каля дзесяці гадоў. Іван некаторы час удзельнічаў у акцыях „Маладога фронту“, грамадзкай кампаніі „За свабоду“. А пасьля мы пачалі прытрымлівацца больш аўтаномнага дзеяньня — ладзіць пэрформансы, акцыі палітычнага характару, але ня ў складзе якіх-небудзь партыйных ці палітычных структур. Апошнім часам дапамагаем арганізацыі „Студэнцкая рада“, якая займаецца праваабарончай дзейнасьцю. Словам, ён паводзіцца як сапраўдны грамадзянін, намагаючыся нешта палепшыць у грамадзтве».

Як паведаміў Алесь Крот, летась разам з Іванам яны адбылі па 15 сутак зьняволеньня за ўдзел у летніх маўклівых акцыях пратэсту.

Гэтым разам Івана Амельчанку таксама вінавацяць паводле артыкула адміністрацыйнага кодэксу 17.1 аб хуліганстве. Ён прадугледжвае пакараньне за брыдкаслоўе ў грамадзкім месцы, за абразы і парушэньне парадку, непавагу да грамадзтва і іншыя ўчынкі. Але якія менавіта зь пералічаных дзеяньняў учыніў актывіст, дзе і калі гэта адбылося, у пратаколе не паведамляецца. З гэтай прычыны судзьдзя Міхаіл Хома адправіў пратакол на дапрацоўку, не пачаўшы разглядаць справу. Алесь Крот з гэтай нагоды мяркуе:

«Міхаіл Хома і так вядомы як судзьдзя, які лёгка судзіць палітычных актывістаў і саджае на 15 сутак. І мне падаецца, што судзьдзі таксама маюць некаторую злосьць на міліцыянтаў, якія часьцяком складаюць няправільныя пратаколы. Таму і гэты пратакол быў адпраўлены на дапрацоўку, каб правучыць гэтых міліцыянтаў».

Суд над Іванам Амельчанкам пачаўся менш чым празь дзьве гадзіны пасьля таго, як пратакол быў дапрацаваны. У абноўленым пратаколе гаварылася, што актывіст насьміхаўся зь міліцыянта Кандрацьева, побач зь якім Іван трымаў плякат «Мусарок», а ў ягонай асобе — і з усіх супрацоўнікаў міліцыі. У выніку судзьдзя Міхаіл Хома прысудзіў Івану Амельчанку 15 сутак адміністрацыйнага арышту.


Жывы рэпартаж ад будынку суду


17:10 Міліцыянт Кандрацьеў заявіў, што Іван Амельчанка сваім плякатам абразіў яго і ўсіх супрацоўнікаў міліцыі. Што плясканьні ў ладкі і сьмех удзельнікаў шэсьця былі сьведчаньнем гэтай абразы. У выніку судзьдзя Міхаіл Хома прыняў рашэньне прысудзіць Івану Амельчанку 15 сутак адміністрацыйнага арышту. Пасьля завяршэньня працэсу сваякоў, праваабаронцаў і журналістаў выдалілі з залі судовага паседжаньня. Іван Амельчанка быў пакінуты ў залі разам з супрацоўнікамі міліцыі, якія зь ім праводзілі размову. Зьмест гутаркі прысутным у будынку суда застаўся невядомым.

16:45 Працэс над Іванам Амельчанкам ідзе ў судзе Ленінскага раёну. Ён распачаўся пасьля таго, як паводле распараджэньня судзьдзі Міхаіла Хомы быў дапрацаваны складзены на актывіста адміністрацыйны пратакол. У абноўленым пратаколе гаворыцца, што Амельчанка насьміхаўся зь міліцыянта. Судзьдзя адмовіў Івану Амельчанку ў магчымасьці сабраць сьведчаньні ягонай невінаватасьці, а таксама ў хадайніцтве аб адводзе судзьдзі. У суд быў выкліканы міліцыянт Кандрацьеў, побач зь якім падчас “Чарнобыльскага шляху“ Іван Амельчанка трымаў свой плякат. Ён сьцьвярджае, што хоць і быў у цывільнай вопратцы актывісту было вядома, што ён міліцыянт.

15:30 Паводле «Вясны-96», у судзе Іван Амельчанка заявіў, што насамрэч ён напісаў на плакаце па-ангельску «My cop ok» (што прыкладна азначае «мая міліцыя — добрая»), то бок ніякай непавагі да міліцыянта не выказваў, а плякат заклікаў супрацоўнікаў праваахоўных органаў прытрымлівацца закону.

12:15 Судзьдзя Ленінскага раённага суду Міхаіл Хома адправіў пратакол аб адміністрацыйным правапарушэньні Івана Амельчанкі на дапрацоўку.

Паводле пратаколу, складзенага 15 траўня 2012 году ўчастковым інспэктарам міліцыі, Івана Амельчанку вінавацяць у дробным хуліганстве (артыкул 17.1 Адміністрацыйнага кодэксу Рэспублікі Беларусь).

Пратакол адпраўлены на дапрацоўку на той падставе, што ў ім не пазначаны дакладны час, месца зьдзяйсьненьня правапарушэньня і не пазначана, якое менавіта правапарушэньне з артыкула 17.1 зьдзейсьніў Іван Амельчанка.

Праваабаронцы мяркуюць, што пратакол будзе дапрацаваны ў самы бліжэйшы час, бо з гэтым абвінавачаньнем чалавек ня можа ўтрымлівацца пад вартай без вынясеньня прысуду больш за 3 дні.

Івана Амельчанку вярнулі ў турму на Акрэсьціна.

Сябры Івана


11:15 Амельчанку прывезьлі ў суд. Паводле папярэдняй інфармацыі, ягоную справу будзе разглядаць судзьдзя Хома.

Амальчанка добраахвотна пайшоў у міліцыю 15 траўня.

Падчас «Чарнобыльскага шляху» 26 красавіка Амельчанка з самаробным плякатам «Мусарок» стаў каля службоўца ў цывільным, які здымаў акцыю на відэа. Жарт маладога чалавека хутка стаўся хітом інтэрнэту.

Хлопец распавёў, што вырашыў пайсьці на размову да міліцыянтаў, бо яму надакучыла іх павышаная ўвага: прыходзілі дадому, прыяжджалі ў вёску да бацькоў, апытвалі мясцовых жыхароў, сочаць за мабільным.

25-гадовы мянчук Іван Амельчанка быў дзеля палітычных матываў адлічаны з БНТУ. Працаваў у Менску ў розных будаўнічых арганізацыях, а цяпер — вольны будаўнік: «шабашыць». Беспартыйны, ужо некалькі гадоў удзельнічае ў розных акцыях як добраахвотнік. Падчас мінулагодніх акцыяў маўклівага пратэсту ён быў арыштаваны на 15 сутак за тое, што нібыта нецэнзурна лаяўся на плошчы Якуба Коласа. Дапамагае Студэнцкай радзе.