Павал Казлоўскі: АДКБ ня стала жандарам для ўтрыманьня дыктатараў

15 траўня ў Маскве прайшоў саміт кіраўнікоў краін АДКБ, прымеркаваны да 10-годзьдзя арганізацыі і 20-годзьдзя падпісаньня Дамовы аб калектыўнай бясьпецы ў рамках СНД.
У ім бяруць удзел кіраўнікі Армэніі, Беларусі, Казахстану, Кіргізстану, Расеі, Таджыкістану і Ўзбэкістану.

Прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін, якія ўпершыню прымае калегаў з СНД пасьля свайго трэцяга абраньня на пасаду, заявіў, што АДКБ стала важным інструмэнтам гарантаваньня міжнароднай бясьпекі:

«Вырас міжнародны аўтарытэт АДКБ, яна стала адным зь дзейных інструмэнтаў падтрыманьня калектыўнай бясьпекі ў зоне сваёй адказнасьці».

Аляксандар Лукашэнка пагадзіўся з Пуціным і заявіў, што «Беларусь заўсёды выступала за ўмацаваньне наднацыянальных інстытутаў бясьпекі»:

«Мы зацікаўленыя ў канструктыўным дыялёгу зь міжнароднымі арганізацыямі, такімі як ААН, АБСЭ, НАТО, і ў мірным урэгуляваньні канфліктных сытуацыяў».

Пазыцыя Беларусі адносна АДКБ не заўсёды была такая пазытыўная, як дэкляруе Лукашэнка. У 2009 годзе, у разгар так званай «малочнай вайны» з Расеяй, Беларусь адмовілася прымаць удзел у саміце АДКБ, не пераняла старшынства ў арганізацыі і не падпісала дамову аб Калектыўных сілах хуткага рэагаваньня АДКБ. Падпісаньне ўрэшце адбылося, але на паўгода пазьней.

Два дзесяцігодзьдзі таму ратыфікацыя Беларусьсю самой Дамовы аб калектыўнай бясьпецы ў рамках СНД таксама была адкладзеная больш як на паўтара года. Супраць выступіў тагачасны кіраўнік дзяржавы Станіслаў Шушкевіч. Ён лічыў гэтую дамову неадпаведнай Канстытуцыі, якая замацавала нэўтральны статус Беларусі. Падпісаньне адбылося толькі 31 сьнежня 1993 году. Спадар Шушкевіч і цяпер лічыць удзел Беларусі ў АДКБ неканстытуцыйным:
Абсалютна адназначна, што АДКБ пярэчыла і пярэчыць нашай Канстытуцыі.

«Абсалютна адназначна, што АДКБ пярэчыла і пярэчыць нашай Канстытуцыі. Але, як мы бачым, на Канстытуцыю ў нас даўно не зьвяртаюць увагі. Я ня думаю, што нам трэба быць перадавым рубяжом і бараніць ад некага Маскву, Расею… Ніхто там не пагражае. Але нашым кіраўнікам трэба падтрымліваць Расею, таму што СНД ператварылася ў саюз дыктатур. Калі ўлады ня могуць забясьпечыць дабрабыт людзей, то мабілізуюць сродкі на абарону».

Паводле спадара Шушкевіча, фактычна Расея ў вайсковых пытаньнях падмінае пад сябе Беларусь, яна ўжо кіруе супольнай супрацьпаветранай абаронай:

«Гэта робіцца, каб умацоўваць Расейскую імпэрыю. Тое што побач імпэрыя — няма сумневу, і няма сумневу ў тым, што яна хоча заглынуць Беларусь».

Словы Лукашэнкі пра супрацоўніцтва Беларусі з НАТО спадар Шушкевіч назваў непраўдзівымі, бо, каб супрацоўнічаць з НАТО, трэба адпавядаць ягоным дэмакратычным стандартам.

Былы міністар абароны Беларусі Павал Казлоўскі, які браў удзел у падпісаньні Дамовы аб калектыўнай бясьпецы 20 гадоў таму, лічыць АДКБ карыснай, але малаэфэктыўнай арганізацыяй:

«Прайшло 20 гадоў, і, як мне падаецца, шмат што за гэты час было ўпушчана, бо многія лідэры дзяржаў цягнулі коўдру на сябе. І таму многія гады яна проста не працавала. А цяпер праяўляецца пэўная актыўнасьць, створаныя сілы калектыўнага рэагаваньня».
Прайшло 20 гадоў, і, як мне падаецца, шмат што за гэты час было ўпушчана, бо многія лідэры дзяржаў цягнулі коўдру на сябе.

У АДКБ больш дэклярацыяў, чым канкрэтнай працы, прызнае спадар Казлоўскі. Тым часам узбраеньне ў краінах СНД імкліва старэе.

Праціўнікі АДКБ раней выказвалі трывогу, што арганізацыя стане жандарам для ўтрыманьня дыктатарскіх рэжымаў у краінах СНД. Спадар Казлоўскі не адмаўляў такой магчымасьці, але цяпер ён прызнаў, што такога ня здарылася. Хоць, напрыклад, зрынуты прэзыдэнт Кіргізстану Бакіеў на гэта спадзяваўся:

«Тое, што гэтага не адбылося, гэта крайне важна. Хоць мне падаецца, што тут некаторыя разьлічвалі на гэта, магчыма, і беларускія кіраўнікі».

Ва ўхваленай на саміце АДКБ дэклярацыі было заяўлена пра «непрымальнасьць спробаў выкарыстаньня мер палітычнага і эканамічнага ціску ў дачыненьні да дзяржаў-сябраў АДКБ». Кіраўнікі краін АДКБ таксама выказаліся супраць замежнага ўмяшаньня ў справы Сірыі і Ірану.