Хадыка: Аб’яднаньне інстытутаў парушыць навуковыя традыцыі

Юры Хадыка

Вядомы палітык, прафэсар Юры Хадыка ня лічыць добрым рашэньнем плян ліквідацыі Інстытуту мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклёру ды інстытуту мовы і літаратуры, якія уваходзяць цяпер у Нацыянальную акадэмію навук як самастойныя навуковыя адзінкі:

«Нават калі гэтыя інстытуты аб’яднаюць у нейкую новую структуру, нібыта ў нейкі цэнтар гуманітарных навук, гэта парушыць навуковыя традыцыі, безь якіх разьвіваць навуку немагчыма. І куды тады падзенецца музэй старажытнай беларускай культуры, якому хутка споўніцца 43 гады?»

Пра пляны ліквідацыі інстытутаў і стварэньне на іх базе цэнтру гуманітарных навук НАН Беларусі грамадзкасьці стала вядома 11 траўня з публікацыяў у мэдыях. У самой Акадэміі гэтыя зьвесткі не камэнтуюць.

Хадыка: «Музэй стваралі паміж 1969 і 1979 гадамі без усялякай дзяржаўнай падтрымкі. Гэта цалкам незвычайная гісторыя. Спачатку мы стварылі добраахвотніцкі сэмінар пад назвай „Старабеларускае мастацтва“ пры парткаме Акадэміі навук і сэктары збору помнікаў. А паралельна, зьбіраючы інфармацыю для гэтага сэктару, зьбіралі і экспанаты. Зразумела, нас шмат разоў хацелі зачыніць, але мы ўсё ж такі прайшлі праз усе выпрабаваньні. Гэтая экспазыцыя і зараз прадстаўленая ў музэі старажытнай беларускай культуры пры Інстытуце мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклёру.

Але варта адзначыць, што ў 1974 годзе нашу калекцыю арыштавалі й перадалі ў Дзяржаўны мастацкі музэй. У калекцыі было каля ста найлепшых абразоў і паўста найлепшых скульптур, палова зь якіх там і зараз знаходзіцца. Калі ж гэтым разам інстытуты ліквідуюць, то было б добра перадаць усю экспазыцыю Мастацкаму музэю».


15 траўня, у міжнародны дзень музэяў, Юры Хадыка выступіць зь лекцыяй «Музэй старажытнай беларускай культуры НАН Беларусі. Гісторыя стварэньня». Сустрэча з прафэсарам Юр’ем Хадыкам, якую арганізавала Таварыства беларускай мовы ў межах кампаніі «Будзьма», пройдзе ў офісе ТБМ а 17:45.

Яшчэ праз два дні, 17 траўня, гісторык Алег Трусаў там жа правядзе сустрэчу «Беларусь — краіна замкаў», якая пачнецца а 17:30.