Не хаджу ў школу

Яна і Лёва Капран з мамай Элай вяртаюцца дахаты.

«Навошта мы будзем нашых дзяцей перадаваць у рукі вось гэтых людзей? Каб яны іх чаму вучылі? Што яны дадуць? Чаму яны навучаць? Лепш мы проста ня будзем зь імі зьвязвацца!

Вашы Дзеці

Мы шмат думаем, якой будзе Беларусь у будучым.

Мы шмат гаворым, як было б добра, калі б усё памянялася.

Але большасьць з нас дбае толькі пра тое, як перажыць сёньняшні дзень.

А будучыня ёсьць цяпер.

Яна будзе дакладна такой, якой будуць вашы дзеці.

Вашы дзеці — адмысловая праграма штотыдзень у эфіры і на сайце Радыё Свабода.

У гімназіі быў ціск быў такі — давайце нам тое, давайце нам гэтае. Мы хочам тут гіпсакардон, тут мы хочам падлогу паркетную, тут мы хочам абсталяваньне... Мала адэкватнасьці было. Мы размаўлялі і з настаўніцай, і з дырэктаркай, але вырашылі, што мы болей ня будзем зь імі зьвязвацца, бо было ўражаньне, што людзі страцілі сувязь з рэальнасьцю».

Так кажа менскі архітэктар Максім Капран. Разам з жонкай Элай яны гадуюць чатырох сонечных дзяцей. Дзьве старэйшыя — дзяўчаткі, дванаццацігадовая Яна і дзесяцігадовая Мілана. Малодшыя — хлопчыкі, Стасю сем гадоў, а меншаму Лёву будзе пяць. У гэтым годзе Яна і Мілана не пайшлі ў школу, а сталі вучыцца дома. Раз на чвэрць здаюць тэсты ў школе па месцы жыхарства і атрымліваюць адзнакі ў дзёньнік. Да таго ж настаўнікі запрашаюць на дадатковыя заняткі на працягу ўсяго году. Але кожны дзень хадзіць у школу, сядзець на ўроках і выконваць тое, што задалі, ім цяпер ня трэба.

Эла: «Адчуваньне самапавагі не дазволіла гуляць ва ўсе гэтыя гульні. Гэтая гімназія — адзіная беларускамоўная навучальная ўстанова ва ўсім Фрунзенскім раёне. І атрымліваецца, што дзеля таго, каб вучыць дзяцей па-беларуску, мы мусім плаціць зусім для нас не маленькія грошы».

Максім: «Спачатку ішла размова, што трэба сто даляраў на рамонт. Пасьля гэтая сума вырасла да трохсот».

Эла: «І гэта была не мяжа...»

Максім і Эла кажуць, што псыхалягічна-эканамічныя прычыны прымусілі іх адмовіцца ад школьнага навучаньня. Сапраўды, паборы ў школе — сытуацыя, знаёмая шмат каму зь беларускіх бацькоў. Па словах Капраноў, даходзіла да таго, што бацькі аднаклясьнікаў сварыліся паміж за сабою за тое, хто здаў ці ня здаў грошы на так званы рамонт. Вядома, для сям’і, у якой чацьвёра маленькіх дзяцей, любыя незаплянаваныя траты даюцца цяжка. Але агульная незадаволенасьць адукацыяй таксама адыграла сваю ролю.

Максім: «Дзецям укладаюць у галовы нешта падчас школьных заняткаў. А потым тое самае трэба зь імі перапрацоўваць яшчэ і дома. Гэта падвойныя затраты часу на засваеньне аднаго і таго ж матэрыялу. І няма гарантыяў, што ён будзе засвоены якасна. Таму што калі ён быў нецікава пададзены ў школе, ужо працуе псыхалягічная ўстаноўка ў дзіцёнка: „А на фіга мне ўсё гэта трэба?! Я хачу пайсьці пагуляць!“. А ён прыходзіць дадому, і тут трэба яшчэ раз тое самае паўтараць».

Сям’я Капранаў


І Яна, і Мілана на сабе перажылі ўсе адмысловасці беларускай адукацыі. Сям’я жыве ў Ракаве, недалёка ад Менску. Максім кажа, што перабрацца сюды іх вымусіла адсутнасьць спадзеваў займець жыльлё ў Менску. Але і хата ў Ракаве, і ўчастак зямлі на ўзгорках з сапраўдным жывым ручаём — надта спадабаліся. У садок і пачатковую школу старэйшая дачка, Яна, хадзіла ў Ракаве.

Эла: «Яна два гады адвучылася ў ракаўскай школе, потым тры гады ў гімназіі. Нашы дзеці вельмі творча зарыентаваныя. І калі мы вучыліся ў гімназіі, нават фізычна не хапала часу займацца тым, што цікава. У Яні, напрыклад, у пятай клясе гэта вылілася ў канкрэтны стрэс. Мы збольшага езьдзілі ў Менск з Ракава, а гэта дарога. Да абеду яна займалася ў гімназіі, і паўдня ў нас сыходзіла на падрыхтоўку хатніх заданьняў, бо праграма гімназічная сама па сабе вар’яцкая. Атрымліваецца, што па кожным прадмеце настаўнік задае так, нібыта, апроч ягонага прадмету, больш нічым і ня трэба займацца. І ў нас выходзіла, што выкананьне хатніх заняткаў сканчалася а дзявятай — а дзясятай вечара. Гэта ўжо трэба лягаць спаць, бо а шостай ранкам уставаць, каб ехаць у гімназію».

Капраны лічаць важным разьвіваць у дзецях творчыя здольнасьці. Эла — дызайнэр, Максім — архітэктар, дзеці наведваюць шмат творчых заняткаў. І гэта стала магчымым, калі агульную адукацыю пачалі атрымліваць дома.
Цяпер, калі мы перайшлі на індывідуальны плян, у нас ёсьць час менавіта на творчае разьвіцьцё.

Эла: «На іхныя творчыя пляны часу не было ніякага. Цяпер, калі мы перайшлі на індывідуальны плян, у нас ёсьць час менавіта на творчае разьвіцьцё. Яны ходзяць на маляваньне, ходзяць на кераміку. За гэты навучальны год я заўважыла вельмі істотны скачок, бо ім выкладаюць дастаткова сур’ёзна розныя тэхнікі, розныя прынцыпы таго ж маляваньня. Яны гэта схопліваюць, яны раскрываюцца. Яны адчуваюць, што робяць гэта не па прымусе, а таму, што ім гарыць. І яны выдаюць вельмі добрыя працы. Плюс ёсьць пэўнае разьвіцьцё. Яны знаходзяць для сябе, што ім яшчэ можа быць цікава. Калі Яня сур’ёзна займаецца клясычным маляваньнем, то Мілана цяпер сама захапілася коміксамі «манга».

Мілана — самая гаваркая сярод дзяцей, дзесяцігадовая. Частку тыдня яна са сваёй сястрой Янай праводзіць у Менску ў бабулі зь дзядулем. Там ходзяць у мастацкія студыі. З Ракава часта даводзіцца езьдзіць самім на грамадзкім транспарце. Мілана кажа, што ў Ракаве ёй падабаецца больш, бо можна часьцей быць на вуліцы, езьдзіць на ровары і гуляць зь сябрамі. А ў Менску шмат машын:

Мілана: «Я ў Ракаве рэдка бываю. Недзе ў чацьвер мяне адпраўляюць зь Менску ў Ракаў на маршрутцы ці на аўтобусе. У нас тут у Ракаве болей кніг, таму мне трэба сюды езьдзіць займацца. Ці мяне ў школу выклікаюць».

Мілана кажа, што дома вучыцца цяжэй: у школе настаўніца можа дапамагчы ў любы момант, а дома даводзіцца разьбірацца самім. Дома зь дзецьмі займаецца Эла. Чаго няма ў падручніках, шукаюць у інтэрнэце.

Эла: «Ёсьць дні, калі мы паўдня займаемся дома, а потым яны выяжджаюць у Менск. Калі яны цэлы дзень са мной, мы займаемся больш складанымі прадметамі, якія патрабуюць маёй прысутнасьці і маёй дапамогі. А калі яны зьяжджаюць у Менск да бабулі, яны бяруць з сабой лягчэйшыя прадметы, якімі могуць самі займацца. Я не заўсёды зь імі ежджу. Цяпер так атрымліваецца, што дзяўчаткі ў Менску, а хлопцы — адзін у садок, другі ў першы кляс — пераважна ў Ракаве знаходзяцца.

Адзін дзень мы можам займацца адным прадметам, другі — другім. У нас няма раскладу, як у школе. Іншым разам — як настрой: ня хочацца займацца адным прадметам, займаемся іншым. У гэтым пляне мне нават падабаецца».

З боку настаўнікаў стаўленьне таксама рознае.

Эла: «Ня ўсе ведалі, як да нас падысьці. Ходзяць усе дзеці як дзеці, а з намі трэба неяк штосьці вырашаць. Ёсьць настаўнікі, якія за нас перажываюць. Напрыклад, Яніна настаўніца па беларускай мове і літаратуры нават перажывае, што мы занадта шчыльна займаемся ейнай праграмай. Па біялёгіі настаўніца маладая, ёй падабаецца, як Яня канспэкты вядзе.
Ім цяжка ўнікнуць у нашую сытуацыю — «А чаму вы так? А чаму вы і маё жыцьцё ўскладняеце, і сваё жыцьцё ўскладняеце?»

А ёсьць настаўнікі, якім у прынцыпе ўсё роўна. І тут справа ня столькі ў нас, колькі ў тым, што яны проста стаміліся ад жыцьця. Ім цяжка ўнікнуць у нашую сытуацыю — «А чаму вы так? А чаму вы і маё жыцьцё ўскладняеце, і сваё жыцьцё ўскладняеце?»

Гэта першы год, калі дзеці вучацца дома. Зразумела, гэта патрабуе большых высілкаў ад самой Элы. Пакуль меншыя хлопцы ходзяць у садок і першую клясу, са старэйшымі дзяўчаткамі трэба наноў засвойваць школьную праграму.

Эла: «Утраіх вучымся па індывідуальным пляне, толькі што я тэсты не здаю. Я сябе не пазыцыяную такім канкрэтным настаўнікам. Мне ня вельмі падабаецца такая роля. Калі трэба праявіць нейкую жорсткасьць сваёй пазыцыі, то я праяўляю. Але намагаюся гэтым не злоўжываць. Мы проста разам займаемся».

Радыё Свабода: «Але ў такім выпадку ў вас самой няма магчымасьці працаваць?

Эла: «Я займаюся дома пэўнымі рэчамі...»

Максім: «У яе зьяўляецца магчымасьць не працаваць...»

Эла: «Ну, так... Яшчэ я маю невялічкі прыработак — вяду гурток у школе. Афіцыйна мы займаемся мяккай цацкай, але мы робім усё, што можна зрабіць рукамі».

Мілана, як высьветлілася, сумуе па школе.

Мілана: «Думаю, што лепш у школе. Дадому да цябе сябры ня прыйдуць, а ў школе можна на перапынку зь сябрамі пагуляцца. І ў гімназіі мы хадзілі яшчэ на вуліцу гуляць разам. Я рэдка бываю ў школе і таму рэдка бачу сваіх сяброў».

Але пакуль што бацькі перакананыя — дома вучыцца лепш.

Максім: «Лепш займацца адзін раз, пры гэтым якасна засвойваць матэрыял. Паўтарыць адзін раз на чвэрць перад тэстамі — і здаць. І такім чынам можна засяроджваць увагу на тым, што цікава. І разьбірацца: а што ж цікава? Таму што ўсе дзеці вельмі розныя, а кожнаму ўкладаць у галаву гэтую стандартную школьную праграму ў поўным аб’ёме — гэта неверагодна. Нашая адукацыя не разьлічаная на разьвіцьцё асобы і на разьвіцьцё здольнасьцяў. Яна разьлічаная на тое, каб адпрацаваць гэтую праграму, нібыта закласьці аб’ёмы ведаў у галовы і паказаць, што работа праведзеная. А разьвіваць нешта — у настаўнікаў ужо ані часу, ані сілаў. І гэтаксама ў дзяцей. Таму лепш з гэтай сыстэмай ня зьвязвацца».