«Лукашэнка шукае, як вызваліць, а не рэабілітаваць»

Алена Каваленка

«Прыстойныя людзі сядзяць у турмах, а нягоднікаў мы выпускаем пад ціскам ці не пад ціскам», — сказаў, выступаючы з пасланьнем, Аляксандар Лукашэнка пасьля таго, як загадаў дэпутатам падрыхтаваць закон аб амністыі да 3 ліпеня. Ці магчыма, што пад амністыю падпадуць і палітвязьні? Вось што адказала на гэтае пытаньне жонка палітвязьня Сяргея Каваленкі Алена Каваленка.
«Збольшага нічога добрага я ад Лукашэнкі не чакаю. Тэму вызваленьня палітвязьняў ён абышоў сьвядома і сьвядома выказаўся крайне нэгатыўна пра палітвязьняў. Бачна, што гэтая праблема для яго вельмі балючая, што на яго ціснуць з-за палітвязьняў і ён ня можа пра гэта ня думаць, але не паказвае гэтага. Верагодна, што ён з дапамогай амністыі 3 ліпеня задумаў разьвязаць і праблему палітвязьняў. Пры гэтым ён хоча зрабіць гэтак, каб палітвязьні не былі рэабілітаваныя, каб яны выйшлі бяз права ўдзелу ў выбарах. Таму зараз адбываецца беспрэцэдэнтны ціск на палітвязьняў. У прыватнасьці, на майго Сяргея. Яго прымушаюць напісаць прашэньне аб памілаваньні праз правакацыі, бо хочуць накласьці нейкія парушэньні і гэтак зламаць ягоную волю. Канечне, я спадзяюся на амністыю, але ўсё ж ілюзіяў наконт таго, што адбываецца ў краіне вакол палітвязьняў і майго Сяргея, у мяне няма».