Лукашэнка адмяніў прыватызацыйныя сьпісы

Віцэ-прэм’ер Сяргей Румас у размове з журналістамі сказаў, што кіраўніцтва Беларусі адмовілася ад складаньня прыватызацыйных сьпісаў пры продажы акцый акцыянэрных таварыстваў.

Паводле ягоных слоў, падчас нарады ў Аляксандра Лукашэнкі было вырашана не рэалізоўваць агучаную раней ідэю адносна продажу прадпрыемстваў, зыходзячы з зацьверджаных сьпісаў.

Такім чынам, удакладніў чыноўнік, сёньня няма зацьверджаных сьпісаў прадпрыемстваў, якія падлягаюць прыватызацыі ў гэтым ці наступным годзе. Разам з тым, ён ня выключыў, што любое прадпрыемства ў Беларусі можна прыватызаваць, калі ёсьць інвэстар, які можа прапанаваць з свайго боку выгадныя для дзяржавы ўмовы.

Пры гэтым яшчэ 25 красавіка Аляксандар Лукашэнка заявіў, што мясцовым уладам замест размоваў пра прыватызацыю трэба актывізаваць працэс стварэньня новых вытворчасьцяў ды меней спадзявацца на замежных інвэстараў.