Дзьмітрыева і Пашкевіча будуць судзіць

Міхась Пашкевіч, Андрэй Дзьмітрыеў

28 красавіка актывісты кампаніі «Гавары праўду» Андрэй Дзьмітрыеў і Міхась Пашкевіч былі выкліканы ў Смалявіцкі РАУС. Там паведамілі, што іх выклікаюць у Смалявіцкі райсуд 7 траўня ў 17 гадзін.
Дзьмітрыева і Пашкевіча вінавацяць у парушэньні закона аб масавых мерапрыемствах. Пратаколы складзены за арганізацыю і правядзеньне сходу дачнікаў, якія выступаюць супраць будаўніцтва кітайскага індустрыяльнага парку. Дзьмітрыева вінавацяць яшчэ і ў тым,што ён вытупіў на сходзе.

«Мне шкада,што абарона інтарэсаў грамадзянаў сутыкаецца з інтарэсамі бюракратыі. Тут яўная маніпуляцыя закона. Бо гэта быў сход, на які кожны мае права. Але галоўнае, што ёсьць перамога і адмысловы дэкрэт прэзыдэнта не падпісаны. Мы дамагліся галоўнага. Аднак у Беларусі за гэта караюць», — сказаў Дзьмітрыеў.


10 сакавіка дачнікі й жыхары некаторых вёсак Смалявіцкага раёну правялі сход супраць будаўніцтва на іхнай тэрыторыі беларуска-кітайскага індустрыяльнага парку. Больш як 700 чалавек аднагалосна прынялі зварот да Аляксандра Лукашэнкі з патрабаваньнем адмяніць плянаваную будоўлю. Акрамя таго, быў створаны саюз дачнікаў і вяскоўцаў «Свая сотка».